На пачатак 2025 году такіх жанчын было 4 мільёны 47 тысяч, 2024-га — 4 мільёны 51 тысяча 900, 2023-га — 4 мільёны 59 тысяч 900. Такім чынам, за тры гады іх колькасьць зьменшылася на 14 тысяч 800, або на 0,4%.
Параўнаць гэты паказьнік з 2022 годам немагчыма, бо ў аглядзе Белстату за той год прыводзілася агульная колькасьць жанчын у краіне, у тым ліку непаўналетніх, — 4 мільёны 977 тысяч.
Цяпер жанчыны складаюць 55,1% усіх жыхароў Беларусі ва ўзросьце 18 гадоў і старэйшых. У 2025 годзе гэты паказьнік таксама складаў 55,1%, у 2024-м — 55%, у 2023-м — 55,1%, у 2022-м — 53,8%.
Колькасьць жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту (15–49 гадоў) за тры гады зьменшылася на 45 тысяч 900, або на 2,2%. Паводле Белстату, на пачатак 2026 году ў Беларусі пражывала 2 мільёны 88 тысяч 900 такіх жанчын.
У 2025 годзе ў Беларусі нарадзіліся 54 257 дзяцей — у 1,9 раза менш, чым у 1995 годзе, калі нарадзіліся 101 144 дзіцяці. Гэта вынікае з аналізу зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, праведзенага «Позіркам».
Раней паведамлялася, што на 1 студзеня 2026 году насельніцтва Беларусі складала 9 мільёнаў 56 тысяч 80 чалавек. Гэта на 1 мільён 154 тысячы 323 чалавекі менш, чым на тую ж дату 1995 году (10 мільёнаў 210 тысяч 403 чалавекі). Скарачэньне склала 11,3%.
Зьвесткі Белстату могуць не ўлічваць маштабную эміграцыю людзей зь Беларусі з палітычных і эканамічных прычынаў, якая працягваецца з 2020 году.
Дэмаграфічная сытуацыя ў Беларусі
Лукашэнка рэгулярна заклікае жанчын больш нараджаць на фоне скарачэньня насельніцтва ў Беларусі і хранічнага дэфіцыту работнікаў.
Дэмаграфічная сытуацыя ў краіне пагоршылася пасьля падзеяў 2020 году, якія выклікалі масавы ад’езд грамадзян за мяжу.
За гады кіраваньня Лукашэнкі (з 1994 году) насельніцтва Беларусі зьменшылася амаль на 1,2 млн.