Украіна гатовая спыніць удары па расейскіх нафтаперапрацоўчых заводах, калі Расея спыніць атакі на ўкраінскую энэргетычную інфраструктуру. Пра гэта заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
«Любыя крокі дзеля дээскаляцыі павінны быць узаемнымі і з сапраўднымі гарантыямі», — напісаў Зяленскі ў Telegram.
Паводле яго, толькі за апошні тыдзень расейскія войскі выпусьцілі па Ўкраіне каля 1450 авіябомбаў, 75 ракет розных тыпаў і больш за 1640 ударных дронаў, каля 60% зь якіх былі рэактыўнымі.
Зяленскі таксама нагадаў пра расейскія ўдары па цывільных аб’ектах. Паводле яго, у Запарожжы пасьля расейскай атакі загінулі 23 чалавекі, у тым ліку чацьвёра дзяцей. У Харкаве расейскія войскі ўдарылі па мэдычнай установе, а ў Славянску — па пяціпавярховым жылым доме. Паводле прэзыдэнта, пад заваламі ў Славянску могуць заставацца людзі.
Заява прагучала на фоне крытыкі Зяленскага з боку прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і абмеркаваньня магчымых дамоўленасьцяў паміж Вашынгтонам і Масквой. Паводле выданьня Axios, амэрыканскія перамоўнікі Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнэр папярэдзілі, што ЗША могуць спыніць перадачу Ўкраіне выведных зьвестак, калі Кіеў працягне ўдары па расейскіх НПЗ. Амэрыканскі чыноўнік, аднак, адмаўляў, што такія пагрозы гучалі.
Украінскі чыноўнік раней заявіў Financial Times, што Ўкраіна мае намер працягваць удары па расейскіх нафтаперапрацоўчых заводах, нягледзячы на пазыцыю Вашынгтону.
Што папярэднічала
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што дамовіўся з Уладзімірам Пуціным пра пастаўкі амаль пяці мільёнаў тон расейскага дызэльнага паліва на амэрыканскі і сусьветныя рынкі. Паводле Трампа, гэта дапаможа зьнізіць цэны на паліва.
9 кастрычніка Міністэрства фінансаў ЗША выдала ліцэнзію, якая дазваляе апэрацыі з расейскім дызэльным палівам, раней забароненыя амэрыканскімі санкцыямі. Дазвол дзейнічае да 7 красавіка 2027 году.
Крэмль пацьвердзіў гатоўнасьць пастаўляць нафту і нафтапрадукты, але не пацьвердзіў названыя Трампам аб’ёмы і тэрміны паставак.