Кіеў выказаў пратэст супраць выкліку часовага паверанага ў справах Украіны ў МЗС Беларусі

Будынак МЗС Украіны

Хады беларускіх дыпляматаў выклікалі абурэньне ў Кіеве. Раней у Менску абвінавацілі ўкраінцаў у наўмыснай атацы на машыну на Браншчыне, дзе была пакалечаная беларуска.

Пра пратэст украінскага дыпляматычнага корпусу гаворыцца ў камэнтары прэс-сакратара МЗС Украіны, паведаміла агенцтва Укрінфарм.

«Украіна выказвае пратэст у зьвязку з выклікам часовага паверанага ў справах Украіны ў Рэспубліцы Беларусь у Міністэрства замежных спраў у Менску і заявамі беларускага боку адносна інцыдэнту з грузавіком у Бранскай вобласьці. Лічым беспадстаўным прыцягваць Украіну да адказнасьці без публікацыі пераканаўчых доказаў датычнасьці», — гаворыцца ў заяве.

МЗС зьвярнуў увагу на тое, што публічныя абвінавачваньні Ўкраіны з боку Менску суправаджаюцца рыторыкай пра нібыта наўмыснае ўцягваньне Беларусі ў канфлікт і пагрозамі «адэкватных мер рэагаваньня».

«Мы адхіляем такія абсурдныя абвінавачваньні ад краіны, якая зьяўляецца саўдзельніцай злачынства агрэсіі супраць Украіны і аказвае шырокую дапамогу Расеі ў яе злачыннай захопніцкай вайне супраць нашай дзяржавы», — зазначылі ў МЗС у Кіеве.

МЗС асудзіла спробы перакласьці адказнасьць за наступствы расейскай агрэсіі, стварыць вобраз Украіны як крыніцы пагроз для Беларусі і наўмысна распальваць напружанасьць у рэгіёне.

«Мы заклікаем беларускі бок устрымацца ад неабгрунтаваных абвінавачваньняў, пагроз і маніпуляцый інфармацыяй. Лічым непрымальнымі спробы выкарыстаць гэтае здарэньне для апраўданьня далейшай падтрымкі Менскам расейскай агрэсіі або стварэньня дадатковых пагроз для Ўкраіны», — заявіла ўкраінскае МЗС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

МУС: У Расеі ад атакі дрона пацярпела беларуска — ёй ампутавалі канцавіны

Што папярэднічала

9 кастрычніка ў МЗС Беларусі выклікалі часовага паверанага ў справах Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Івана Навіцкага з нагоды меркаванага «нападу ўкраінскага бесьпілётнага лятучага апарата на грузавік зь беларускай рэгістрацыяй у Бранскай вобласьці Расеі». Украінскаму дыплямату ўручылі ноту пратэсту.

Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Руслан Варанкоў гэтак патлумачыў падзеі:

«Прыналежнасьць аўтамабіля была відавочнай, і ў беларускага боку ёсьць падставы разглядаць атаку як наўмысную. Украінскі бок перасьцераглі ад паўтарэньня падобных дзеяньняў. Беларусь захоўвае за сабой права на адэкватныя меры рэагаваньня», — падкрэсьліў Руслан Варанкоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Улады Беларусі назвалі атаку бесьпілётніка на аўтамабіль на Браншчыне наўмыснай

Раней прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка заявіў, што Беларусь працягвае падтрымліваць расейскія авіяўдары па тэрыторыі Ўкраіны, даючы сваю тэрыторыю для працы абсталяваньня для перадачы і ўзмацненьня сыгналу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сытуацыя падштурхоўвае Зяленскага зрабіць Лукашэнку ахвярным казлом, — украінскі аналітык