Прычынай выкліку дыплямата ў МЗС у Менску стала атака ўкраінскага бесьпілётніка на грузавы аўтамабіль зь беларускай рэгістрацыяй у Бранскай вобласьці суседняй зь Беларусьсю Расеі.
Пра становішча журналістам расказаў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Руслан Варанкоў.
«Прыналежнасьць аўтамабіля была відавочнай, і ў беларускага боку ёсьць падставы разглядаць атаку як наўмысную. Украінскі бок перасьцераглі ад паўтарэньня падобных дзеяньняў. Беларусь захоўвае за сабой права на адэкватныя меры рэагаваньня», — падкрэсьліў Руслан Варанкоў.
Што адбылося?
8 кастрычніка 2026 году ў Бранскай вобласьці Расеі ў выніку атакі бесьпілётніка на грузавы аўтамабіль зь беларускай рэгістрацыяй пацярпела грамадзянка Беларусі, паведаміла МЗС.
Яна атрымала цяжкія раненьні, у выніку якіх спатрэбілася ампутацыя канцавінаў.
Цяпер яе паклалі ў рэанімацыю і падключылі да апарата вэнтыляцыі лёгкіх. Ёйны стан надзвычай цяжкі, але стабілізаваны, гаворыцца ў паведамленьні.
Міністэрства ў дзень здарэньня не абвінавачвала ўкраінскі бок, толькі нагадала, што ўжо папярэджвала грамадзянаў Беларусі пра небясьпеку паездак у расейскія рэгіёны, блізкія да зоны баявых дзеяньняў. «Аднак гэтыя папярэджаньні не далі належнага выніку. Сёньняшняе здарэньне пацьвярджае актуальнасьць гэтай рэкамэндацыі», — адзначаецца ў заяве.
У беларускім МЗС мяркуюць, што здарэньне накіраванае на «эскаляцыю сытуацыі ў рэгіёне» і «ўцягваньне Беларусі ў канфлікт». Пры гэтым расейскія абстрэлы ўкраінскіх рэгіёнаў, памежных зь Беларусьсю, МЗС у Менску не асуджаў.
Форум