00:00 Тэмы выпуску
00:38 Што можа зьмяніць ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міра?
05:58 Інцыдэнт на мжы Латвіі і Беларусі
07:45 Навошта патрэбныя саміты СНД
10:33 Чым Беларусь падобная да Туркмэністану
14:13 Ці можа Сяргей Ціханоўскі разам з крытыкамі сваёй жонкі стварыць новую плынь апазыцыі?
21:03 Самы папулярны сучасны францускі пісьменьнік -- пра свой забаронены ў Беларусі раман і пра цэнзуру
27:05 Ці пагражае беларусам чума з Расеі
— Былы палітвязень, муж лідэркі дэмсілаў Сяргей Ціханоўскі праз свае стрымы гуртуе вакол сябе публічных крытыкаў і праціўнікаў Сьвятланы Ціханоўскай. Можна назваць грамадзкую актывістку Вольгу Карач, Вераніку Цапкалу, кіпрскую актывісту дыяспары Алесю Пархоменку, былых палітвязьняў Сяргея Пятрухіна і Сяргея Спарыша. Ці мае шанцы Ціханоўскі разам з крытыкамі Ціханоўскай стварыць новую плынь апазыцыі, ці ёсьць тут пагроза расколу дэмсілаў?
— Я думаю, што калі б яны здолелі згуртавацца, і гэтая ініцыятыва неяк называлася б, гэта значыць, была б створаная нейкая арганізацыйная структура, то так, былі б пэўныя шансы, тым больш што цяпер беларускія дэмакратычныя сілы ня ў самай горшай форме, але і не ў самай, мабыць, лепшай форме, калі асабліва параўнаць там з 2022 годам, калі была праведзеная першая канфэрэнцыя «Новая Беларусь». Але паколькі я не бачу ніякіх навінаў адносна таго, што яны ствараюць нейкую паралельную структуру, хоць спробы ж былі неаднаразова. Мяркуючы па ўсім, ну, патэнцыялу за гэтым пакуль няма. Я не бачу такога патэнцыялу, прынамсі пакуль, з арганізацыйнага пункту гледжаньня.
— Аляксандар Класкоўскі, палітычны аглядальнік інфармацыйнага агенцтва «Позірк», напісаў у сваім Фэйсбуку, што на на карпаратыўную пошту «Позірку» прыйшоў электронны ліст з нецэнзурнай пагрозай фізычна расправіцца зь ім. Невядомы аўтар скарыстаўся сэрвісам Atomic Mail, які не паказвае атрымальніку IP-адрас адпраўніка. Класкоўскі крытычна ў сваіх публікацыях, у тым ліку і ў эфіры Свабоды, выказваўся пра тое, што цяпер робіць Сяргей Ціханоўскі. Наколькі гэта трывожны сыгнал? Мы ня ведаем, хто насамрэч пагражаў Аляксандру Класкоўскаму, але наколькі гэта небясьпечная рэч, як вам падаецца?
— Я думаю, што гэта вельмі небясьпечна. Я наогул сумняюся, што гэта ад імя Ціханоўскага быў ліст. Гэта небясьпечна таму, што спэцслужбы могуць скарыстацца гэтым канфліктам, схаванымі пагрозамі, якімі Ціханоўскі карыстаецца, асабліва гэта відаць на апошніх эфірах, калі ён казаў пра «Шарлі Эбдо». Спэцслужбы могуць прыпісаць гэтыя дзеяньні, напрыклад, Сяргею Ціханоўскаму або ягоным прыхільнікам. У цэлым гэта ставіць пад удар усе беларускія дэмакратычныя сілы, уключна, уласна, з самім Сяргеем. Гэта можа сур’ёзна дыскрэдытаваць яго. На жаль, ня толькі яго, але і ягоную жонку, бо так ці інакш, што б ні рабіў Сяргей, гэта ўсё роўна адгукаецца на Сьвятлане Ціханоўскай. І ў цэлым зь боку гэта выглядае як вельмі небясьпечная і вельмі патэнцыйна пагрозьлівая сытуацыя. Я заклікаю ўсё ж такі гэтую сытуацыю болей не эскаляваць. І спадзяюся, што Аляксандр Класкоўскі ўсё ж такі падасьць заяву ў паліцыю. Я думаю, што прафэсіяналам трэба даць разабрацца, зь чым яны маюць справу, таму што там, дзе знаходзіцца Аляксандр, там таксама могуць знайсьціся людзі, якія могуць скарыстацца сытуацыяй.
Насамрэч, мы ж не ведаем, хто пісаў гэтыя пагрозы і якія могуць быць наступствы, але само па сабе гэта ўжо зьяўляецца злачынствам. Я маю на ўвазе такога роду пагрозы фізычнага ўзьдзеяньня на журналіста. Наколькі я правільна зразумела тэкст ліста, які цытаваў Аляксандр, гэта перасьлед журналіста за ягоную прафэсійную дзейнасьць. Таму я лічу, што такога роду пагрозы не павінны заставацца беспакаранымі і без належнай увагі.