Улады Беларусі назвалі атаку бесьпілётніка на аўтамабіль на Браншчыне наўмыснай

Руслан Варанкоў

У Міністэрства замежных спраў Беларусі выклікалі часовага паверанага ў справах Украіны ў Беларусі.

Прычынай выкліку дыплямата ў МЗС у Менску стала атака ўкраінскага бесьпілётніка на грузавы аўтамабіль зь беларускай рэгістрацыяй у Бранскай вобласьці суседняй зь Беларусьсю Расеі.

Пра становішча журналістам расказаў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Руслан Варанкоў.

«Прыналежнасьць аўтамабіля была відавочнай, і ў беларускага боку ёсьць падставы разглядаць атаку як наўмысную. Украінскі бок перасьцераглі ад паўтарэньня падобных дзеяньняў. Беларусь захоўвае за сабой права на адэкватныя меры рэагаваньня», — падкрэсьліў Руслан Варанкоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

МУС: У Расеі ад атакі дрона пацярпела беларуска — ёй ампутавалі канцавіны

Што адбылося?

8 кастрычніка 2026 году ў Бранскай вобласьці Расеі ў выніку атакі бесьпілётніка на грузавы аўтамабіль зь беларускай рэгістрацыяй пацярпела грамадзянка Беларусі, паведаміла МЗС.

Яна атрымала цяжкія раненьні, у выніку якіх спатрэбілася ампутацыя канцавінаў.

Цяпер яе паклалі ў рэанімацыю і падключылі да апарата вэнтыляцыі лёгкіх. Ёйны стан надзвычай цяжкі, але стабілізаваны, гаворыцца ў паведамленьні.

Міністэрства ў дзень здарэньня не абвінавачвала ўкраінскі бок, толькі нагадала, што ўжо папярэджвала грамадзянаў Беларусі пра небясьпеку паездак у расейскія рэгіёны, блізкія да зоны баявых дзеяньняў. «Аднак гэтыя папярэджаньні не далі належнага выніку. Сёньняшняе здарэньне пацьвярджае актуальнасьць гэтай рэкамэндацыі», — адзначаецца ў заяве.

У беларускім МЗС мяркуюць, што здарэньне накіраванае на «эскаляцыю сытуацыі ў рэгіёне» і «ўцягваньне Беларусі ў канфлікт». Пры гэтым расейскія абстрэлы ўкраінскіх рэгіёнаў, памежных зь Беларусьсю, МЗС у Менску не асуджаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Аўтобус зь беларускімі дзецьмі трапіў пад атаку ў Расеі. 1 чалавек загінуў, 8 пацярпелі. Расея вінаваціць Украіну, Украіна — Расею