Хроніка перасьледу 9 кастрычніка: «экстрэмісцкім» прызналі Telegram-канал аб’яднаньня беларусаў у Літве

Вярхоўны суд Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Міністэрства інфармацыі Беларусі абнавіла «Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

На падставе рашэньняў суда Слаўгарадзкага раёну Магілёўскай вобласьці ад 6 кастрычніка ў «экстрэмісцкія» трапіў Telegram-канал добраахвотніцкага абʼяднаньня беларусаў у Літве «Klub „Apora“», а таксама Telegram-канал ініцыятывы roskvitKUS/ росквітKUS.

Паводле рашэньня суда Дубровенскага раёну Віцебскай вобласьці ад 6 кастрычніка ў сьпіс уключылі старонку Анатоля Самовіча ў сацыяльнай сетцы Threads, а на падставе рашэньня суда Аршанскага раёну і Воршы Віцебскай вобласьці ад 6 кастрычніка — Telegram-канал «РОЗОЧКА НОВОСТИ».

Апроч таго, у «экстрэмісцкія» матэрыялы трапілі 240 стыкераў «Sanek & Adolf», «The third reich by», «Grogermanischesreich Reich».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Штодзённы ціск пераклалі на цывільныя ўстановы». Дасьледнікі прааналізавалі зьмены ў рэпрэсіўнай сыстэме з 2020 году

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» на 9 кастрычніка 2026 году прызнаў палітвязьнямі 885 незаконна асуджаных грамадзян, а праваабарончая ініцыятыва dissidentby — 934.