Нобэлеўскую прэмію міру прысудзілі экс-камісарцы ААН у правах чалавека, судзьдзі ў працэсе супраць хунты М’янмы

Абвяшчэньне ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі міру 2026 году

Папярэднімі днямі сталі вядомыя імёны ўладальнікаў Нобэлеўскай прэміі ў мэдыцыне, фізыцы, хіміі й літаратуры.

Нарвэскі Нобэлеўскі камітэт пастанавіў прысудзіць Нобэлеўскую прэмію міру 2026 году колішняй камісарцы ААН у правах чалавека Наванэтэм „Наві“ Пілай за яе намаганьні дзеля ўмацаваньня міру і міжнароднага права.

«Сёлетняя ляўрэатка адыграла ключавую ролю ў забесьпячэньні судовага перасьледу за ваенныя злачынствы, злачынствы супраць чалавецтва і генацыд», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

Ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі міру 2026 году Наванэтэм «Наві» Пілай

Яна нарадзілася ў сям’і індыйскіх тамілаў ў Дурбане (Паўднёвая Афрыка) ва ўмовах апартэіду. Маючы юрыдычную адукацыю, Пілай супрацьстаяла глыбокай структурнай дыскрымінацыі, абараняла Нэльсана Мандэлу і іншых змагароў супраць апартэіду, працавала судзьдзёй у міжнародным судовым працэсе ў справе Руанды. Цяпер Наванэтэм Пілай працуе судзьдзёй Міжнароднага суду ААН у справе аб генацыдзе, у якім абвінавачваецца Мʼянма.

У 2008–2014 гадах Наванэтэм «Наві» Пілай працавала Высокім камісарам ААН у правах чалавека.

Што папярэднічала

5 кастрычніка пачаўся Нобэлеўскі тыдзень, цягам якога абвесьцяць усіх сёлетніх ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі.

Першымі абвясьцілі імёны ўладальнікаў Нобэлеўскай прэміі ў фізіялёгіі і мэдыцыне — яе атрымалі Карл Дайсэрот (ЗША), Пэтэр Гэґеман (Нямеччына) і Георґ Наґель (Нямеччына) за распрацоўку оптагенэтыкі.

Уладальнікам прэміі ў фізыцы стаў амэрыканскі навуковец Франсіс Галзэн, які паходзіць з Бэльгіі.

Нобэлеўскую прэмію ў хіміі 2026 году атрымалі Анры Каган (Францыя) і Кензо Соаі (Японія) за адкрыцьцё «нелінейных эфэктаў і аўтакаталізу ў асымэтрычным арганічным сынтэзе».

Уладальніцай Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры стала канадзкая пісьменьніца Эн Карсан.

Апошнімі абвесьцяць ляўрэатаў прэміі ў эканамічных навуках памяці Альфрэда Нобэля, заснаванай Банкам Швэцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Нобэлеўскі камітэт абвясьціў ляўрэатку прэміі ў літаратуры

Беларускія ляўрэаты

Зь беларусаў Нобэлеўскую прэмію раней атрымалі пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч (літаратура) і тады зьняволены праваабаронца Алесь Бяляцкі (Нобэлеўская прэмія міру).

Сярод нобэлеўскіх ляўрэатаў таксама ёсьць навукоўцы, якія маюць беларускае паходжаньне або карані ў Беларусі — амэрыканскі навуковец Віктар Амброс (2024 год, прэмія ў мэдыцыне і фізіялёгіі), Жарэс Алфёраў (грамадзянін Расеі, 2000 год, прэмія ў фізыцы), Шымон Пэрэс (грамадзянін Ізраілю, 1994 год, прэмія міру), Мэнахем Бэгін (грамадзянін Ізраілю, 1978 год, прэмія міру), Сямён Кузьнец (грамадзянін ЗША, 1971 год, прэмія ў эканоміцы).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Яшчэ чатыры выхадцы зь Беларусі, што атрымлівалі Нобэля як грамадзяне іншых краін