Урад М’янмы запрасіў у свайго парлямэнту дазвол на атрыманьне крэдыту ў Беларусі

Кіраўнік М’янмы Мін Аўнг Глайнг і Аляксандар Лукашэнка перад афіцыйнай сустрэчай у Менску, 21 жніўня 2026 году. Ілюстрацыйнае фота

Вынікі разгляду пытаньня пакуль не паведамляюць.

Міністэрства плянаваньня і фінансаў М’янмы зьвярнулася ў парлямэнт краіны па дазвол на атрыманьне беларускага крэдыту.

Як паведаміла м’янмскае выданьне BETV Business, крэдыты будуць прызначаныя на «набыцьцё тавараў беларускай вытворчасьці, сучаснай тэхнікі і абсталяваньня, тэхналёгій, а таксама паслуг».

Аб’ём крэдыту не назвалі. Адзначылі толькі, што льготны пэрыяд аплаты крэдыту будзе дзейнічаць год пры пяцігадовым тэрміне яго выкарыстаньня.

Паводле м’янмскага міністэрства, працэнтная стаўка можа складаць ад 2,25% да 9,33% залежна ад валюты крэдыту. Дадаткова М’янме давядзецца выплаціць страхавы ўнёсак, памер якога будзе залжеаць ад тэрміну, на які выдаецца крэдыт.

Вынікі разгляду пытаньня пакуль не паведамляюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Менску ўрачыста адкрылі пасольства М’янмы, будынак для яго яшчэ не закончылі

Што папярэднічала

Генэральнае пагадненьне аб наданьні экспартных крэдытаў урады Беларусі і М’янмы падпісалі 28 лістапада 2025 году ў м’янмскай сталіцы, і з той даты яно пачало часова дзейнічаць.

Крэдыторамі вызначаныя Банк разьвіцьця Рэспублікі Беларусь і «Белінвестбанк». Яны ж будуць і страхаваць экспартныя пастаўкі. Дадатковым страхаўшчыком будзе «Белэксімгарант».

Атрымальнікам экспартных крэдытаў ад імя ўраду М’янмы вызначана Міністэрства фінансаў і даходаў краіны.

Умовы крэдытаваньня будуць розныя, залежна ад катэгорыі прадукцыі. Іх дзьве — інвэстыцыйныя тавары і прамежкавыя, спажывецкія і іншыя тавары (работы, паслугі).

Крэдыты могуць выдавацца ў расейскіх і беларускіх рублях, кітайскіх юанях, далярах ЗША ці эўра.

М’янмскі бок павінен вярнуць крэдыты цягам ня больш за 5 гадоў. Адтэрмінаваць іх выплаты магчыма будзе ня больш, чым на год.

Базавая стаўка залежыць ад валюты, у якой выдаецца крэдыт, і вызначаецца залежна ад стаўкі рэфінансаваньня рэгулючых органах краін паходжаньня гэтай валюты.

Пагашэньне крэдыту павінна адбывацца пасьлядоўнымі паўгадавымі плацяжамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларусь будзе крэдытаваць пастаўкі сваёй прадукцыі ў М’янму. Сталі вядомыя ўмовы

Чаму гэта важна

Дыпляматычныя адносіны паміж Беларусьсю і М’янмай былі ўстаноўлены ў 1999 годзе. Ганаровае консульства Беларусі ў Янгоне адкрыта ў 2011 годзе. За апошнія дзесяць гадоў актывізаваліся афіцыйныя візыты, заключэньне пагадненьняў і арганізацыя сумесных абаронных праграм.

Justice For Myanmar заклікае заходнія юрысдыкцыі каардынаваць адсочваньне і надгляд падазроных грузаў на судах і самалётах, якія курсіруюць паміж Беларусьсю і М’янмай, у прыватнасьці праз транзытныя краіны, а таксама ўзмацніць мытны кантроль у транзытных вузлах, праз якія могуць накіроўвацца грузы з Беларусі ў Мʼянму.

Арганізацыя таксама заклікае пашырыць санкцыі ў адказ на беларускае саўдзел у Мʼянме. У прыватнасьці, БДУІР, БДТУ і БДУ і іх кіраўніцтва павінны быць падвергнутыя санкцыям і шырэйшаму акадэмічнаму байкоту з прычыны іх сувязяў з мʼянманскай хунтай.

27 лістапада 2024 году пракурор Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе Карым Хан запрасіў ордэр на арышт Мін Аўнг Глайнга. Яго абвінавачваюць у злачынствах супраць мусульманскай меншасьці краіны, народу рагінг’я.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка расказаў кіраўніку хунты М’янмы, як кіраваць народам, і паабяцаў яму дапамогу