ЭЗ скасаваў санкцыі супраць Гуцэрыева і Шаўцова зь «беларускага» сьпісу. Экспэртка назвала магчымыя наступствы

Эўракамісія. Ілюстрацыйнае фота

Амбасадары краінаў Эўразьвязу 7 кастрычніка выключылі зь «беларускага» санкцыйнага сьпісу расейскага бізнэсоўца Міхаіла Гуцэрыева і беларускага прадпрымальніка Віктара Шаўцова.

Як паведаміў брусэльскі карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк, выключэньне зь «беларускага» сьпісу ня будзе азначаць поўнага зьняцьця санкцыяў ЭЗ з Гуцэрыева. 23 ліпеня 2026 году яго ўключылі ў асобны сьпіс, зьвязаны з расейскай агрэсіяй супраць Украіны. Рада ЭЗ абгрунтавала гэта ягонай дзейнасьцю ў сэктарах расейскай эканомікі, якія прыносяць значныя даходы ўраду Расеі, а таксама падтрымкай гэтага ўраду праз інвэстыцыйныя праекты.

Эканамічная экспэртка, галоўная рэдактарка выданьня «План Б» Вольга Лойка назвала гэтае рашэньне «абсалютна прагназаваным».

«Усякія санкцыі ня вечныя, падставы для іх уводу заканчваюцца, зьмяняюцца. [...] І калі мы разьлічваем, што санкцыі — гэта інструмэнт вечнага ціску, трэба разумець, што так гэта не працуе, і гэта яўна не апошні выпадак», — сказала Свабодзе Вольга Лойка.

Экспэртка мяркуе, што далей такіх рашэньняў можа быць больш, у тым ліку ўхваленых праз суд Эўразьвязу.

«Так, часам нам здаецца гэта цынічным, часам здаецца — а як жа справядлівасьць. Але гэта рашэньне суду, канкрэтныя аргумэнты. Калі вы сьцьвярджаеце, што, дапусьцім, рэжым дазволіў кампаніі нейкага бізнэсоўца эксклюзіўна працаваць на беларускім рынку, а той прыносіць і паказвае дакумэнты, і такіх кампаніяў мноства на рынку — тады так, падставаў няма. Нават калі ваша асабістае перакананьне, што ён нядобры чалавек і блізкі да рэжыму, — гэта нічога не вырашае. Трэба разумець, што гэта Эўрапейскі суд, і калі мы не давяраем Эўрапейскаму суду, тады мы не давяраем судам увогуле, і тады мы ўжо займаемся самасудам, а гэта таксама не працуе», — дадала яна.

Вольга Лойка дадала, што зацікаўленыя ў працягу санкцыяў павінны навучыцца працаваць з наяўнымі інструмэнтамі.

«Калі нехта лічыць, што гэты чалавек сапраўды працягвае атрымліваць нейкія перавагі ад працы з рэжымам, тады трэба вучыцца падбіраць адпаведныя аргумэнты і даводзіць гэта. А так рашэньне набыла моц, мы яго выконваем. Але ў выпадку з Гуцэрыевым яшчэ ж застаюцца „расейскія“ санкцыі — за падтрымку агрэсіі супраць Украіны», — адзначыла яна.

Экспэртка ня выключыла, што неўзабаве аналягічнае рашэньне можа быць ухвалена і ў дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў, адказных за рэпрэсіі.

«Цяпер вось нават нашыя афіцыйныя асобы кажуць, што лік экстрэмісцкіх злачынстваў зьніжаецца, ну проста таму, што яны ўжо ўсіх пасадзілі, усе ўжо адседзелі, і фактычна выходзіць, што ціск на грамадзянскую супольнасьць скончыўся — проста таму, што закончылася грамадзянская супольнасьць. Я нават не зьдзіўлюся, калі з такімі справамі і чыноўнікі пойдуць у суд», — патлумачыла Лойка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Эўразьвяз выключыць бізнэсоўцаў Гуцэрыева і Шаўцова зь «беларускага» санкцыйнага сьпісу, — крыніцы Свабоды

За што ўвялі санкцыі супраць Гуцэрыева

Міхаіл Гуцэрыеў — расейскі мільярдэр, заснавальнік групы «Сафмар», якая мае інтарэсы ў нафтагазавай галіне, нерухомасьці і мэдыя. У Беларусі ён вядомы найперш праектам Нежынскага горна-абагачальнага камбінату, які будавала ягоная кампанія «Славкалий».

Гуцэрыеў трапіў пад санкцыі Эўразьвязу ў сувязі з сытуацыяй у Беларусі 21 чэрвеня 2021 году. Рада ЭЗ называла яго даўнім сябрам Аляксандра Лукашэнкі, які фінансава падтрымліваў ягоны рэжым і атрымліваў ад гэтага выгаду.

Сярод падставаў згадваліся інвэстыцыі ў Беларусь, у тым ліку будаўніцтва кампаніяй «Славкалий» Нежынскага горна-абагачальнага камбінату, а таксама прысутнасьць Гуцэрыева на інаўгурацыі Лукашэнкі 23 верасьня 2020 году.

Спачатку бізнэсовец марна аспрэчваў санкцыі. 6 верасьня 2023 году Агульны суд ЭЗ адхіліў ягоны пазоў наконт першапачатковага ўключэньня ў сьпіс і падаўжэньня абмежаваньняў у 2022 годзе. 8 траўня 2025 году Суд ЭЗ адхіліў апэляцыю.

Аднак пазьней Гуцэрыеў дамогся скасаваньня наступных рашэньняў аб працягу санкцыяў. 22 кастрычніка 2025 году Агульны суд ЭЗ ануляваў адпаведныя акты за 2024 год, а 13 траўня 2026 году скасаваў падаўжэньне санкцыяў, ухваленае ў лютым 2025-га. Абодва рашэньні датычыліся актаў у частцы, якая закранала Гуцэрыева.

У апошнім рашэньні суд палічыў, што Рада ЭЗ не падала дастатковых актуальных доказаў таго, што на момант працягу санкцыяў Гуцэрыеў па-ранейшаму падтрымліваў рэжым Лукашэнкі або меў ад яго выгаду. Ранейшыя інвэстыцыі і кантакты самі па сабе не пацьвярджалі захаваньня такіх сувязяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Суд Эўразьвязу зьняў санкцыі з расейскага бізнэсоўца Гуцэрыева за падтрымку рэжыму Лукашэнкі


За што ўвялі санкцыі супраць Шаўцова

Віктар Шаўцоў — беларускі бізнэсовец, былы старшыня назіральнай рады банку «Рашэньне», раней вядомага як «Інфабанк» і «Трастбанк». Рада ЭЗ зьвязвала яго з вытворчасьцю ахоўных галаграмаў у Беларусі праз кампаніі «Тэхнахімтрэйд» і «Галаграфічная індустрыя». Паводле тагачаснага абгрунтаваньня санкцыяў, ён атрымліваў выгаду ад манаполіі, штучна створанай дзяржавай.

Віктара Шаўцова ўключылі ў санкцыйны сьпіс 5 жніўня 2024 году, калі было апублікавана адпаведнае рашэньне Рады ЭЗ ад 26 ліпеня.

Пры падаўжэньні санкцыяў у лютым 2025 году Рада ЭЗ зьмяніла абгрунтаваньне. Яна спаслалася на ролю Шаўцова як ганаровага консула Філіпінаў у Беларусі, а таксама на меркаваныя сувязі з банкам «Рашэньне» і музэйным комплексам «Дудуткі», які, паводле Рады, атрымліваў выгаду зь дзяржаўнага бюджэту.

22 красавіка 2026 году Агульны суд ЭЗ у справе T-528/24 ануляваў санкцыйныя акты 2024 і 2025 гадоў у частцы, якая датычылася Шаўцова. Суд палічыў недастатковымі доказы таго, што ён атрымліваў выгаду ад створанай дзяржавай манаполіі.

Таксама суд не прызнаў належна даказанымі як падтрымку Шаўцовым рэжыму Аляксандра Лукашэнкі праз выкананьне функцыяў ганаровага консула Філіпінаў, так і атрыманьне ім выгады праз банк «Рашэньне» і комплекс «Дудуткі».

6 траўня 2026 году Шаўцоў падаў новы пазоў, гэтым разам супраць актаў ад 26 лютага 2026 году, якія пакідалі яго пад санкцыямі. У пазове ён сьцьвярджаў, што Рада ЭЗ выкарыстала ранейшыя падставы бяз новай праверкі фактаў і новых доказаў, а таксама ня выканала рашэньня суду ад 22 красавіка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Суд Эўразьвязу скасаваў санкцыі супраць беларускага бізнэсоўца Віктара Шаўцова. Але ён застаецца ў новым сьпісе