Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд Эўразьвязу скасаваў санкцыі супраць беларускага бізнэсоўца Віктара Шаўцова. Але ён застаецца ў новым сьпісе

Віктар Шаўцоў, архіўнае фота
Віктар Шаўцоў, архіўнае фота

Суд пастанавіў, што Рада ЭЗ не змагла дастаткова даказаць падставы для яго ранейшага ўключэньня ў санкцыйны сьпіс.

Суд Эўрапейскага Зьвязу скасаваў санкцыі, уведзеныя ЭЗ супраць беларускага бізнесоўца Віктара Шаўцова, якога зьвязваюць з Аляксандрам Лукашэнкам.

Суд пастанавіў, што Рада ЭЗ не змагла дастатковым чынам даказаць падставы для яго ўключэньня ў санкцыйны сьпіс. Пры гэтым суд асобна зазначыў, што ў лютым 2026 году Рада ЭЗ абнавіла санкцыйны сьпіс і захавала імя Шаўцова ў ім да 28 лютага 2027 году. Законнасьць новага рашэньня ў гэтым працэсе не разглядалася, піша Reform.news.

Шаўцоў падаў пазоў у Суд Эўразьвязу 15 кастрычніка 2024 году. Ён у пазове фігуруе як рэзыдэнт Вугоршчыны.

У рашэньні суду ад 22 красавіка гаворыцца, што Рада ЭЗ не падала «дастаткова канкрэтнай, дакладнай і ўзгодненай сукупнасьці доказаў», каб пацьвердзіць свае сьцьверджаньні.

Маюцца на ўвазе інфармацыя аб выгадзе Шаўцова ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі празь ягоны бізнэс у сфэры галяграфіі і пазьнейшыя довады, зьвязаныя зь яго статусам ганаровага консула Філіпінаў у Беларусі, меркаванай сувязьзю з банкам «Рашэньне» і музэйным комплексам «Дудуткі».

Рада ЭЗ сьцьвярджала, што Шаўцоў атрымліваў выгаду ад штучна створанай уладамі Беларусі манаполіі ў сэктары ахоўных галяграмаў. Суд, аднак, прызнаў даказаным толькі тое, што на момант уводу санкцыяў бізнэсмэн меў інтарэсы ў гэтай галіне.

Пазьней, падаўжаючы санкцыі, Рада зьмяніла абгрунтаваньне. Яна заявіла, што Шаўцоў падтрымлівае рэжым Лукашэнкі як ганаровы консул Філіпін у Беларусі, а таксама атрымлівае выгаду ад рэжыму праз сувязі з банкам «Рашэньне» і комплексам «Дудуткі». Генэральны суд адхіліў і гэтыя аргумэнты, зазначыўшы, што сам па сабе статус ганаровага консула не пацьвярджае падтрымку ўладаў Беларусі, а пададзеныя матэрыялы аб банку і музэйным комплексе не даказваюць ані актуальную залучанасьць Шаўцова, ані атрыманьне ім выгады зь беларускага дзяржаўнага бюджэту. Суд падкрэсьліў, што ў справах аб санкцыях менавіта на Радзе ЭЗ ляжыць абавязак даказаць абгрунтаванасьць уключэньня асобы ў санкцыйны сьпіс. У выпадку Шаўцова гэты абавязак, на думку суду, выкананы ня быў.

Санкцыі супраць Шаўцова

Раней Беларускі расьсьледніцкі цэнтар знайшоў вугорскую кампанію «гаманца» Лукашэнкі Віктара Шаўцова. У пачатку верасьня 2024 году Цэнтральны акруговы суд Будапэшту вырашыў прыпыніць дзейнасьць зарэгістраванай у Вугоршчыне кампаніі PS Commodities Kft з прычыны ўнясеньня яе ўладальніка ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу. Як высьветліў БРЦ, кампанія належыць Шаўцову.

Шаўцоў трапіў пад санкцыі Эўразьвязу і Швайцарыі ў жніўні 2024 году пасьля выхаду расьсьледаваньня БРЦ аб манаполіі на вытворчасьць ахоўных галяграмаў у Беларусі (паводле расьсьледнікаў, ён быў адным з галоўных бэнэфіцыяраў гэтага бізнэсу).

У 2023 годзе выручка кампаніі Шаўцова PS Commodities Kft склала каля 850 тысяч эўра. На сайце кампаніі гаворыцца, што яна прадае бананы з Эквадору і Калюмбіі, угнаеньні, хімічныя і гумовыя прадукты. Таксама яна называе сябе дыстрыбутарам вугорскіх маторных аліваў MOL.

Як высьветліў БРЦ, бізнэсовец Шаўцоў блізкі да ўладаў Беларусі: толькі за 2008–2013 гады расьсьледнікі налічылі тры дзясяткі паездак Шаўцова з чыноўнікамі і іншымі набліжанымі да Аляксандра Лукашэнкі. Таксама ён вядомы як пасярэднік беларускай дзяржавы ва ўгодах з колішнімі аўтарытарнымі рэжымамі, такімі як Ірак Садама Хусэйна і Вэнэсуэла Уга Чавэса.

У канцы 2011 году Віктар Шаўцоў трапіў за краты ў Беларусі: яго абвінавацілі ў прысвойваньні грошай пры будаўніцтве аб’ектаў у Вэнэсуэле. Ужо ў сьнежні 2012 году Шаўцова амніставалі.


Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG