Карына Казлоўская выйграла сёлета ўсе залатыя мэдалі на чэмпіянаце Польшчы. Яна расказала Свабодзе пра прыход у лучніцтва, адваротны бок перамогаў і «стральбу па курах».
Лучніца зь Беларусі Карына Казлоўская стала першай спартоўкай у гісторыі Польшчы, якая выйграла сем зь сямі залатых мэдалёў на чэмпіянаце краіны. На фота ў навінах — усьмешлівая дзяўчына ў панамцы, абвешаная мэдалямі. Перад гэтай гучнай перамогай Карына патаемна зьехала зь Беларусі, ледзь не завяршыла спартовую кар’еру, перажыла дэпрэсію, суд супраць трэнэра і амаль два гады без трэнаваньняў.
Карыне 26, яна паходзіць зь Менску. У лучніцтве з 12 гадоў, майстар спорту міжнароднага ўзроўню. У 2019 годзе выграла золата на Гран-пры Эўропы. У 2021 выступала за Беларусь на Алімпійскіх гульнях у Токіё, дзе зборная заняла чацьвёртае месца. Казлоўская падпісала ліст спартоўцаў супраць гвалту. У 2022 годзе зьехала зь Беларусі ў Польшчу. Цяпер трэнуецца ў клюбе гораду Жывец на поўдні Польшчы, выступае як польская спартоўка.
Гарой адно за аднаго
«Калі я страляла, была моцная навальніца, пачалася залева. І я чула, як уся каманда стаіць ззаду пад парасонамі, і ўсе перажываюць, заўзеюць. Было вельмі здорава», — расказвае Карына пра атмасфэру на апошніх спаборніцтвах.
Чэмпіянат Польшчы ў стральбе праходзіў сёлета ў пачатку верасьня ў Беластоку. Карына Казлоўская выступала за польскі клюб «Лучнік-Жывец». І выйграла ўва ўсіх дысцыплінах. Гэта была стральба на дыстанцыі 70, 60, 50 і 30 мэтраў (так званыя «малыя мэдалі», за якія не даюць тытул чэмпіёна Польшчы), а таксама стральба ў жаночай камандзе, у зьмяшанай камандзе і ў асабістым заліку сваёй узроставай катэгорыі (гэта тры важнейшыя мэдалі). Некаторыя залатыя мэдалі былі індывідуальнымі, а некаторыя — каманднымі. Яшчэ адзін хлопец з клюбу Карыны Матэуш Мэнджак таксама ўзяў усе тры «вялікія» залатыя мэдалі.
«Я вельмі доўга рыхтавалася да гэтага. Мне вельмі моцна дапамог трэнэр зборнай Сяргей Васільевіч Антонаў з Украіны — у рыхтаваньні, у тэхніцы. Таксама рэч была ў тым, як я рыхтавалася сама, як працавала з спэцыялістамі ў спартовай псыхалёгіі», — дзеліцца Карына тым, як ёй удалося забраць усё золата.
Карына Казлоўская, фота Inpost
Такая яскравая перамога не была для дзяўчыны чымсьці відавочным, хоць перад гэтым яна выйграла яшчэ і фінал Кубку Польшчы. У канцы чэмпіянату сярод удзельнікаў ішла цяжкая барацьба за перамогу.
«Стральба з лука — такі спорт, што можна прайграць у першай дуэлі — у 1/16 або 1/32, і на гэтым спаборніцтвы заканчваюцца. Бывае, самы слабы праціўнік зьбіраецца і пачынае страляць лепш за цябе. Невядома, як пойдзе, як мы здолеем сабрацца зь дзяўчатамі, каб добра страляць. У нас была моцная каманда. Але, бывае, адзін чалавек не зьбярэцца — і ўсё», — тлумачыць нюансы спорту суразмоўца.
Лучніца заўважае, што вельмі важна, як паплечнікі падтрымліваюць адно аднаго. Ёй пашчасьціла з добрымі камандамі і ў Беларусі, і ў Польшчы.
«У нас паехала група людзей, якія гарой адно за аднаго стаялі. Калі камусьці нешта не ўдавалася, то ўся каманда прыходзіла і ўсе падтрымлівалі. Гэта быў нібы не індывідуальны спорт, а камандны, як у валейболе ці баскетболе», — расказвае суразмоўца пра апошні чэмпіянат.
У канцы чэмпіянату адбываецца традыцыйная «стральба па курах», працягвае лучніца. Усіх прызэраў чэмпіянату дапускаюць пастраляць па малюнку з выявай пеўня. У гэты час яны могуць мяняцца лукамі, бавіцца, сьмяяцца. І выглядае гэта хутчэй як забава, а не спаборніцтва.
Два гады без трэнаваньняў
Апошні год Карына рыхтавалася да спаборніцтваў, але папярэднія два гады ў яе фактычна выпалі з спартовага жыцьця. Яна ўжо нават завяршала спартовую кар’еру ў 2023 годзе. Аднак летась дзяўчына пастанавіла выступіць на іншым чэмпіянаце Польшчы — у стральбе ў памяшканьні — і нечакана выйграла золата. Пасьля гэтага яна зноў вярнулася ў актыўны спорт.
«Тады была цяжкая сытуацыя, зьвязаная з клюбам, з тым, што я не хацела страляць з лука, трэнавацца. Мне не ішло», — успамінае суразмоўца.
Карына Казлоўская, фота Inpost
У 2022 годзе ў Карыны пачаўся канфлікт зь Янам Ляхам, старшынём клюбу «Лучнік», у якім яна дагэтуль трэнуецца. Беларуска называе гэта разыходжаньнем інтарэсаў. Кажа, што ёй было складана страляць, бо старшыня звычайна быў незадаволены вынікамі. Таксама ён падкрэсьліваў няпольскае паходжаньне Карыны, як і іншых прыежджых удзельнікаў клюбу. Пазьней, калі ў Казлоўскай зьявіўся спартовы спонсар, то старшыня хацеў браць зь яе за трэнаваньне ў клюбе большыя складкі, чым зь іншых.
Казлоўская тады ўзяла бюлетэнь па хваробе, а потым своечасова не вярнулася на трэнаваньні. Яна мусіла атрымаць дазвол працягваць спартовыя заняткі ад лякарні, але для гэтага ёй быў патрэбны ад трэнэра ліст, які той не хацеў даваць, расказвае Карына. Калі яна ўрэшце вырашыла звольніцца з клюбу, трэнэр яе звольніў за парушэньні дысцыпліны, а не па згодзе бакоў. Ян Лях раней сказаў у камэнтары выданьню «Трыбуна», што ён звольніў Казлоўскую на дысцыплінарнай падставе, бо яна ня выйшла своечасова на працу.
«Ён звольніў мяне за прагулы, якіх насамрэч не было», — камэнтуе суразмоўца.
Казлоўская зьвярнулася ў суд, каб абскардзіць падставу свайго звальненьня і перакваліфікаваць артыкул. Суд разглядаў справу каля году і ўрэшце стаў на ейны бок.
Карына дзеліцца ўспамінам пра тое, што агулам падчас эміграцыі ў яе быў моцны стрэс, хоць яна спадзявалася, што адаптацыя пройдзе лягчэй. Калі пастанавіла завяршыць кар’еру, то пачувалася слаба, шмат часу ляжала ў ложку, не займалася фізычнай актыўнасьцю. Выбірацца было цяжка. Кажа, што яе моцна падтрымліваў ейны хлопец, таксама лучнік, які трэнуе дзяцей у іхным клюбе.
«Усё трэба было рабіць вельмі паступова. Я выходзіла на шпацыры. Сёньня прайду 5 кілямэтраў, потым больш. З сабакам шмат гуляла. Потым пайшла на звычайную працу. Гэта дапамагло мне „перазагрузіцца“. Трэба з сабой размаўляць у такія моманты — што ўсё будзе добра», — расказвае Карына.
Сабачка Бэці, які прыехаў з сям’ёй лучніцы Карыны Казлоўскай зь Беларусі ў Польшчу
Леташняя перамога на чэмпіянаце стала для Казлоўскай крокам да вяртаньня ў спорт. Яна ня ставіла сабе адразу высокіх планак і рыхтавалася да пільнай працы. А праз год паказала вынікі, якіх у польскіх спартоўцаў яшчэ не было.
«Было такое захапленьне, што я магу, што я вяртаюся да таго, як я раней страляла. Гэта ўпэўненасьць у сабе. Дагэтуль у мяне былі цяжкія гады, калі на спаборніцтвах рэдка бывалі добрыя вынікі. Пасьля доўгага перапынку я змагла адчуць перамогу, адчуць, што я малайчына, што я дала рады, што я зрабіла вялікую працу», — прызнаецца яна.
Спартовая сям’я
Карына мяркуе, што прыродны талент да стральбы яна мае. Калі прыйшла ў спорт, яе вынікі хутка паляпшаліся. Важнай яна лічыць працу трэнера, які заўважыў ейны талент. Да таго ж, як яна мяркуе, узровень падрыхтоўкі ў Беларусі ў гэтым відзе спорту крыху вышэйшы, чым у Польшчы. У свае 16 гадоў Карына стала майстрам спорту ў стральбе, а ў 19 — майстрам спорту міжнароднай клясы.
«Да званьня заслужанага ў мяне справа не дайшла, але нічога страшнага», — усьміхаецца спартоўка.
Карына падчас стральбы, фота Inpost
Карына ўспамінае, што ў лучніцтва яна трапіла амаль выпадкова. Зь дзяцінства маці вадзіла яе ў розныя спартовыя гурткі: гімнастыку, плаваньне, тхэквандо. У іхнай сям’і было шмат спартоўцаў: дзядуля займаўся лёгкай атлетыкай, прабабуля бегала, прадзед гуляў у футбол, маці гуляла ў гандбол і валейбол.
«Мой дзядуля лічыў, што ў мяне вялікі талент у спорце і характар, і трэба яго выкарыстоўваць, трэба мяне аддаць на нейкі спорт, каб мне спадабалася — і „100%, што ў яе пойдзе“», — успамінае дзяўчына.
Але маленькай Карыне нічога не падабалася, нідзе яна доўга не затрымлівалася. Урэшце маці сказала, каб дзяўчо само сабе знайшло нейкі занятак. Так Карына вырашыла схадзіць на трэнаваньне з аднаклясьніцай, што займалася стральбой.
«„Можна мне паспрабаваць пастраляць? Бо гучыць прыкольна“, — успамінае яна пачатак заняткаў. — Мая трэнэрка была вельмі строгая, сур’ёзная жанчына, дзеці яе баяліся. Першыя спаборніцтвы памятаю: неяк мне не ішло. Не было так, што ўзяла лук у рукі — і паляцелі дзясяткі. Вельмі паступова. Я страляла, страляла і падумала: цікава, трэба застацца».
Цяпер стральба з луку прыдаецца дзяўчыне і ў іншых сфэрах жыцьця. Гэты спорт вучыць яе канцэнтравацца, адключацца ад навакольнага сьвету. Гэта дапамагае Карыне ў вучобе. Таксама трэнаваньні разьвіваюць у яе трываласьць, пасьля іх яна лепш пачуваецца.
«Хачу пазмагацца за гэтую краіну»
Цяпер Карына будзе вучыцца ў магістратуры на спэцыяльнасьці «кіраваньне» у горадзе Бельска-Бяла. Гэта за 20 кілямэтраў ад гарадку Жывец, дзе дзяўчына жыве і трэнуецца. Некалькі дзён на тыдзень у яе вольныя ад вучобы. Тады лучніца мае па два трэнаваньні ў стральбе і дадаткова ідзе ў басэйн або мацоўню. У вольны час любіць хадзіць зь сям’ёй у горы, бо яны побач. Кажа, што вельмі любіць зьбіраць канструктары Lego, але на паліцах для іх ужо няма месца.
Перад гэтым Карына скончыла ў Польшчы ўнівэрсытэт у кірунку «ангельская філялёгія», спэцыялізавалася ў перакладзе на польскую мову, хоць пры пераезьдзе ў Польшчу ведала па-польску толькі «вітаю», «бывай», «як маесься?». На радзіме адвучылася ў будаўніча-архітэктурным каледжы, але не пасьпела скончыць унівэрсытэт фізычнай культуры.
Карына падчас стральбы з лука, фота Inpost
Карына адзначае, што зарабляць на стральбе з лука ў Польшчы складана. Чальцы польскай зборнай ня маюць пастаянных выплатаў. Ім можа плаціць заробак клюб, у якім яны трэнуюцца. Яны могуць зарабляць грошы як трэнэры. Многія спартоўцы занятыя на іншых працах, а на спаборніцтвы езьдзяць у свой адпачынак.
Сёлета на чэмпіянаце Польшчы за свае перамогі Казлоўская атрымала каля 1100 эўра. Але 10% ад гэтай сумы трэба было аддаць на падаткі. За фінал Кубку Польшчы спартоўка атрымала каля 550 эўра, зь якіх таксама адлічылі падаткі.
У першы час Карыне плаціў заробак ейны клюб. Таксама ён аплачваў дзяўчыне здымную кватэру. Аднак пасьля канфлікту з трэнэрам яна больш не атрымлівае ні заробку, ні грошай на арэнду. Каб сябе ўтрымліваць, раней Карына працавала барыстай у кавярнях, у рэстарацыі, у сетцы невялікіх крамаў-кавярняў «Жабка».
Пасьля леташняй перамогі ў чэмпіянаце Казлоўскай прапанавала супрацу буйная польская кампанія Inpost, якая займаецца дастаўкамі пасылак. Карына кажа, што ня можа выдаваць дэталяў гэтай супрацы. Але дзякуючы ёй дзяўчыне хапае сродкаў на жыцьцё і яна можа больш засяродзіцца на спорце. Падчас нашай размовы на ёй майка зь лягатыпам гэтай кампаніі.
Карына Казлоўская з Рафалам Бжоскам, заснавальнікам польскай кампаніі Inpost
Карына плянуе будучыню ў Польшчы. Хацела б пераехаць у буйнейшы польскі горад. Кажа, што ёй падабаецца гэтая краіна, для яе гэта другі дом. Яна ўжо атрымала польскае грамадзянства. Карына зь дзяцінства ведала, што яна напалову полька, бо частка ейных продкаў былі палякамі. Цяпер лічыць сябе ўжо больш польскай спартоўкай.
«Я разумею, што дарога ў Беларусь для мяне даўно закрытая. Мне тут (у Польшчы. — РС) вельмі падабаецца. Я разумею, што тут маё месца ў сьвеце. Хачу паспрабаваць пазмагацца за гэтую краіну, і на міжнародных спаборніцтвах, і на польскіх. Па лініі мамы ў мяне ўсе палякі былі, акрамя бабулі. Таму я лічу, што сям’я проста вярнулася на сваё месца», — кажа Карына пра іхную эміграцыю.