Прадстаўнікоў КДБ і дзяржаўнага кантролю цяпер абавязаныя ўключаць у склад аблвыканкамаў

Будынак КДБ у Менску. Ілюстрацыйнае фота

Раней асобаў, якіх маглі ўключаць у склад абласных і Менскага гарадзкога выканаўчага камітэтаў, у дакумэнтах называлі «іншымі чальцамі выканкамаў».

Аляксандар Лукашэнка ўдакладніў свой указ аб удасканаленьні парадку разгляду кадравых пытаньняў ад 24 сакавіка 2025 году, якім зацьвердзіў палажэньне аб кадравым забесьпячэньні органаў мясцовага кіраваньня і самакіраваньня.

Як адзначаецца ў апублікаваным на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі тэксьце ўказу, цяпер у склад выканкамаў будуць уключаць старшыняў абласных і Менскага ўпраўленьняў Камітэту дзяржаўнага кантролю, а таксама начальнікаў Менскага і абласных упраўленьня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі.

Што папярэднічала

Пасьля 2020 году, калі адбыліся масавыя пратэсты супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і іх гвалтоўнага разгону, Аляксандар Лукашэнка пачаў узмацняць усе галіны ўлады выхадцамі зь сілавых органаў.

На прадпрыемствах увялі пасады намесьнікаў кіраўнікоў у ідэалёгіі, на якія часьцей за ўсё прызначаюць колішніх сілавікоў.

Нядаўна Лукашэнка прызначыў намесьнікам кіраўніка сваёй адміністрацыі былога начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Беларусі Паўла Муравейку. Прызначаючы Муравейку, Лукашэнка заявіў, што «ўзмацненьне сілавога сэктару» абумоўлена вонкавай сытуацыяй вакол Беларусі.

«Тое, што ідзе вось гэтае ўзмацненьне складніку, сілавога сэктару і кірунку нашай краіны, — гэта натуральна, бо мы бачым, што адбываецца вакол нашай краіны. Але галоўнае ня ў гэтым. Мне як прэзыдэнту і галоўнакамандуючаму Ўзброенымі сіламі вельмі важна мець некалькі, калі хочаце, альтэрнатыўных думак аб сытуацыі ў нашых сілавых падразьдзелах», — сказаў Лукашэнка падчас прызначэньня Муравейкі намесьнікам кіраўніка сваёй адміністрацыі.

Сярод іншых вядомых выхадцаў зь сілавых органаў — кіраўнік Горадзенскага аблвыканкаму Юры Караеў, колішні міністар унутраных справаў; намесьнік старшыні Нацыянальнай акадэміі навук Алег Чарнышоў, колішні камандзір спэцыяльнага падразьдзелу КДБ «Альфа»; генэральны пракурор Дзьмітры Гара, які з 1993 да 2019 году служыў у КДБ, і іншыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

МТС, Парк высокіх тэхналёгій, Дзяржаўны цырк. Што ў Беларусі ўзначальваюць былыя супрацоўнікі КДБСілавік стаў намесьнікам старшыні ЦВКУ адміністрацыі Лукашэнкі растлумачылі абавязкі новага намесьніка кіраўніка, які раней ачольваў Генштаб