Пра гэта Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода пагутарыла з прафэсарам мікрабіялёгіі Лёнданскай школы гігіены і трапічнай мэдыцыны Брэнданам Рэнам, які вывучаў гэтую бактэрыю.
— Калі гэта сапраўды была лёгачная чума, як яна перадаецца і распаўсюджваецца?
— Лёгачная чума перадаецца паветрана-кропельным шляхам, але яна не адрозьніваецца высокай заразнасьцю і, безумоўна, перадаецца значна горш, чым рэсьпіраторны вірус SARS. Няшчасны выпадак у Расеі быў відавочна ізаляваным прафэсійным заражэньнем, і дагэтуль інфэкцыя нікому не перадалася, таму няма гаворкі пра ўспышку чумы. З заражаным маглі кантактаваць іншыя людзі, таму ізаляцыя і назіраньне за імі — разумная мера.
— Наколькі лёгачная чума рэдкая і небясьпечная хвароба? Ці паддаецца яна лекаваньню?
— Гэта настолькі імклівая і сьмяротная інфэкцыя, што можа забіць чалавека цягам содняў. Нават калі ёсьць патрэбныя антыбіётыкі, яны могуць не дапамагчы, калі інфэкцыя ўжо замацавалася ў арганізьме. Да таго ж, усё часьцей прыходзяць паведамленьні пра ўстойлівыя да антыбіётыкаў штамы. Таму некаторыя антыбіётыкі могуць аказацца неэфэктыўнымі.
Штогод у сьвеце фіксуецца каля тысячы выпадкаў чумы. Яна застаецца эндэмічнай у асобных рэгіёнах Расеі, Кітаю і ЗША.
— Навошта лябараторыі ўвогуле працуюць з чумным вірусам?
— Звычайна гэта робіцца для ўдасканаленьня вакцынаў, прызначаных для эндэмічных рэгіёнаў. Вакцына спатрэбілася б і вайскоўцам, калі б вірус чумы выкарысталі як біялягічную зброю.
— Зыходзячы з таго, што вядома на сёньня, наколькі трывожным выглядае гэты выпадак?
— На маю думку, гэта ізаляваны выпадак. Мы больш не жывём у сярэднявеччы, і ў сучасных умовах чума не адрозьніваецца высокай заразнасьцю. Выглядае, што ўлады прымаюць разумныя меры для стрымліваньня гэтага адзінкавага выпадку заражэньня, што здарыўся ў лябараторыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ці сапраўды ў Расеі зафіксавалі сьмяротны выпадак чумы? Што вядома і як адрэагавалі ў ЗШАШто здарылася ў Іркуцку?
У цэнтры падзеяў — 28-гадовая Дарʼя Шыпілава, лябарантка Іркуцкага супрацьчумнага інстытуту.
Незалежнае сібірскае выданьне «Люди Байкала» паведаміла, што 25 верасьня, працуючы ў інстытуце, Шыпілава выпадкова разьбіла прабірку з бактэрыямі лёгачнай чумы.
Паводле выданьня, яна цяжка захварэла і памерла 2 кастрычніка. Расейскія ўлады публічна не пацьвердзілі гэтую вэрсію. Агенцтва «Роспотребнадзор» паведаміла, што ў Шыпілавай дыягнаставалі «пнэўманію нявызначанай этыялёгіі».
У ведамстве адзначылі, што ў сувязі з прафэсійнай дзейнасьцю пацыенткі былі праведзены дадатковыя дасьледаваньні, аднак мікраарганізмаў, зьвязаных з яе працай, выяўлена не было. «Роспотребнадзор» таксама заявіў, што ў інстытуце не зафіксавалі ніякіх інцыдэнтаў, зьвязаных з патагеннымі мікраарганізмамі.
Тым ня менш улады прынялі меры засьцярогі. Каля 200 чалавек, якія маглі кантактаваць з Шыпілавай, зьмясьцілі пад мэдычнае назіраньне або ізалявалі, а ў лякарнях рэгіёну ўвялі абмежаваньні. Гэтыя захады справакавалі домыслы, бо расейскія афіцыйныя асобы спачатку ўнікалі публічных згадак пра чуму, тады як у мясцовых і незалежных паведамленьнях гаварылася пра магчымы лябараторны інцыдэнт з удзелам Yersinia pestis — бактэрыі, якая выклікае чуму.
«Роспотребнадзор» ацаніў эпідэмічную сытуацыю ў Іркуцку і суседнім горадзе Шэлехаве як «стабільную».
Што такое лёгачная форма чумы?
Узбуджальнік чумы — бактэрыя Yersinia pestis, якая звычайна цыркулюе сярод дзікіх грызуноў і блох. Лёгачная форма хваробы наносіць шкоду лёгкім і можа перадавацца ад чалавека да чалавека паветрана-кропельным шляхам пры шчыльным кантакце.
Хвароба можа разьвівацца імкліва, аднак сучасныя антыбіётыкі вельмі эфэктыўныя пры своечасовым пачатку лячэньня.
Магчымасьць таго, што гэта лёгачная форма чумы, тлумачыць рашэньне выявіць і ўзяць пад назіраньне людзей, якія мелі цесны кантакт з Шыпілавай. Аднак меры карантыну і назіраньня ня сьведчаць, што ў яе сапраўды была чума ці што адбыўся сполах захворваньня. На гэты момант няма афіцыйна пацьверджаных зьвестак пра шырэйшае распаўсюджваньне інфэкцыі сярод жыхароў Іркуцку.