Эўразьвяз выключыць бізнэсоўцаў Гуцэрыева і Шаўцова зь «беларускага» санкцыйнага сьпісу, — крыніцы Свабоды

Міхаіл Гуцэрыеў і Аляксандар Лукашэнка. 2015 год

Амбасадары краінаў Эўразьвязу 7 кастрычніка маюць узгадніць выключэньне зь «беларускага» санкцыйнага сьпісу расейскага бізнэсоўца Міхаіла Гуцэрыева і беларускага прадпрымальніка Віктара Шаўцова. Пра падрыхтоўку рашэньня паведамляе брусэльскі карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк са спасылкай на дыпляматычныя крыніцы.

Крыніцы Радыё Свабода зьвязваюць гэты крок зь перамогамі бізнэсоўцаў у судах Эўразьвязу. Паводле іх, юрыдычныя падставы для захаваньня гэтых санкцыяў у ЭЗ лічаць слабымі.

Пры гэтым выключэньне зь беларускага сьпісу ня будзе азначаць поўнага зьняцьця санкцыяў ЭЗ з Гуцэрыева. 23 ліпеня 2026 году яго ўключылі ў асобны сьпіс, зьвязаны з расейскай агрэсіяй супраць Украіны. Рада ЭЗ абгрунтавала гэта ягонай дзейнасьцю ў сэктарах расейскай эканомікі, якія прыносяць значныя даходы ўраду Расеі, а таксама падтрымкай гэтага ўраду праз інвэстыцыйныя праекты.

Шаўцоў у іншых сьпісах не фігуруе.

За што ўвялі санкцыі супраць Гуцэрыева

Міхаіл Гуцэрыеў — расейскі мільярдэр, заснавальнік групы «Сафмар», якая мае інтарэсы ў нафтагазавай галіне, нерухомасьці і мэдыя. У Беларусі ён вядомы найперш праектам Нежынскага горна-абагачальнага камбінату, які будавала ягоная кампанія «Славкалий».

Гуцэрыеў трапіў пад санкцыі Эўразьвязу ў сувязі з сытуацыяй у Беларусі 21 чэрвеня 2021 году. Рада ЭЗ называла яго даўнім сябрам Аляксандра Лукашэнкі, які фінансава падтрымліваў ягоны рэжым і атрымліваў ад гэтага выгаду.

Сярод падставаў згадваліся інвэстыцыі ў Беларусь, у тым ліку будаўніцтва кампаніяй «Славкалий» Нежынскага горна-абагачальнага камбінату, а таксама прысутнасьць Гуцэрыева на інаўгурацыі Лукашэнкі 23 верасьня 2020 году.

Спачатку бізнэсовец беспасьпяхова аспрэчваў санкцыі. 6 верасьня 2023 году Агульны суд ЭЗ адхіліў ягоны пазоў наконт першапачатковага ўключэньня ў сьпіс і падаўжэньня абмежаваньняў у 2022 годзе. 8 траўня 2025 году Суд ЭЗ адхіліў апэляцыю.

Аднак пазьней Гуцэрыеў дамогся скасаваньня наступных рашэньняў аб падаўжэньні санкцыяў. 22 кастрычніка 2025 году Агульны суд ЭЗ ануляваў адпаведныя акты за 2024 год, а 13 траўня 2026 году скасаваў падаўжэньне санкцыяў, ухваленае ў лютым 2025-га. Абодва рашэньні датычыліся актаў у частцы, якая тычылася Гуцэрыева.

У апошнім рашэньні суд палічыў, што Рада ЭЗ не прадставіла дастатковых актуальных доказаў таго, што на момант падаўжэньня санкцыяў Гуцэрыеў па-ранейшаму падтрымліваў рэжым Лукашэнкі або атрымліваў ад яго выгаду. Ранейшыя інвэстыцыі і кантакты самі па сабе не пацьвярджалі захаваньня такіх сувязяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Суд Эўразьвязу зьняў санкцыі з расейскага бізнэсоўца Гуцэрыева за падтрымку рэжыму Лукашэнкі

За што ўвялі санкцыі супраць Шаўцова

Віктар Шаўцоў — беларускі бізнэсовец, былы старшыня назіральнай рады банку «Рашэньне», раней вядомага як «Інфабанк» і «Трастбанк». Ягоныя бізнэс-інтарэсы таксама былі зьвязаныя з вытворчасьцю ахоўных галаграмаў праз кампаніі «Тэхнахімтрэйд» і «Галаграфічная індустрыя».

Віктара Шаўцова ўключылі ў санкцыйны сьпіс 5 жніўня 2024 году, калі было апублікавана адпаведнае рашэньне Рады ЭЗ ад 26 ліпеня.

Рада ЭЗ зьвязвала яго з вытворчасьцю ахоўных галаграмаў у Беларусі праз кампаніі «Тэхнахімтрэйд» і «Галаграфічная індустрыя». Паводле тагачаснага абгрунтаваньня санкцыяў, ён атрымліваў выгаду ад манаполіі, штучна створанай дзяржавай.

Пры падаўжэньні санкцыяў у лютым 2025 году Рада ЭЗ зьмяніла абгрунтаваньне. Яна спаслалася на ролю Шаўцова як ганаровага консула Філіпінаў у Беларусі, а таксама на меркаваныя сувязі з банкам «Рашэньне» і музэйным комплексам «Дудуткі», які, паводле Рады, атрымліваў выгаду зь дзяржаўнага бюджэту.

22 красавіка 2026 году Агульны суд ЭЗ у справе T-528/24 ануляваў санкцыйныя акты 2024 і 2025 гадоў у частцы, якая датычылася Шаўцова. Суд палічыў недастатковымі доказы таго, што ён атрымліваў выгаду ад створанай дзяржавай манаполіі.

Таксама суд не прызнаў належна даказанымі падтрымку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі праз выкананьне функцыяў ганаровага консула Філіпінаў і атрыманьне выгады праз банк «Рашэньне» і «Дудуткі».

6 траўня 2026 году Шаўцоў падаў новы пазоў, гэтым разам супраць актаў ад 26 лютага 2026 году, якімі яго пакінулі пад санкцыямі. У пазове ён сьцьвярджаў, што Рада ЭЗ выкарыстала ранейшыя падставы без новай праверкі фактаў і новых доказаў, а таксама ня выканала рашэньня суду ад 22 красавіка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Суд Эўразьвязу скасаваў санкцыі супраць беларускага бізнэсоўца Віктара Шаўцова. Але ён застаецца ў новым сьпісе