Паміж вайной і разрадкай: Лукашэнка шукае выйсьця зь небясьпечнай залежнасьці

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін. Архіўнае фота

Сьцісла

  • Кіраўніцтва Беларусі адчувае небясьпеку апынуцца ў цэнтры вялікай эўрапейскай вайны, якую правакуе Расея.
  • Менск імкнецца мінімізаваць пагрозу ўцягваньня Беларусі ў вайну.
  • Улады Беларусі стараюцца выціснуць зь перамоўнага працэсу з Вашынгтонам максымальна магчымыя выгады.
  • Лукашэнка асьцерагаецца нэгатыўнай рэакцыі Расеі, таму вымушаны на кожны жэст у бок Захаду рабіць два жэсты ў бок Масквы.
У замежнай палітыцы Беларусі назіраюцца дзьве супрацьлеглыя тэндэнцыі. Афіцыйны Менск настойліва запэўнівае Расею ў абсалютнай вернасьці і адначасова падае сыгналы Захаду аб сваёй гатоўнасьці да размарожваньня дачыненьняў.

Навошта Менск шле сыгналы Захаду

У адносінах з Захадам кіраўніцтва Беларусі цікавіць найперш скасаваньне санкцый, якія моцна б’юць па беларускай эканоміцы. Але ня толькі.

Аляксандру Лукашэнку некамфортна адчуваць сябе ізгоем у Эўропе. Расея таксама знаходзіцца ў пэўнай ізаляцыі. Аднак ёсьць розьніца. Расею ізаляваць цяжка, бо яна занадта вялікая. Эўропа прызнае Пуціна легітымным кіраўніком РФ, у Маскве працуюць паўнавартасныя эўрапейскія амбасады. А вось Лукашэнку краіны ЭЗ не прызнаюць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. А для яго важнае такое палітычнае, дыпляматычнае прызнаньне і адначасова дэлегітымізацыя Сьвятланы Ціханоўскай як лідэркі дэмакратычных сілаў Беларусі.

Ёсьць і яшчэ адна важная прычына таго, што Менск падае сыгналы Захаду аб сваёй гатоўнасьці да пэўнай разрадкі ў дачыненьнях.

Апошнім часам гучыць шмат развагаў пра вялікую залежнасьць Беларусі ад Расеі. Сама па сабе вонкавая залежнасьць ня вельмі прыемная для аўтакрата, які дзесяцігодзьдзямі прызвычайваўся да абсалютнай улады на падкантрольнай тэрыторыі. Аднак яе могуць кампэнсаваць значныя эканамічныя дывідэнды. Гэтак якраз і адбываецца ў беларуска-расейскіх адносінах. Шмат гадоў Беларусь атрымлівае істотную эканамічную падтрымку ў выглядзе льготных цэнаў на энэргарэсурсы, крэдытаў і інш.

Кіраўніцтву Беларусі ня вельмі прыемна быць блізкім саюзьнікам краіны, якая цягне і сябе, і хаўрусьнікаў у прорву

Аднак апошнім часам у гэтай схеме беларуска-расейскіх узаемадачыненьняў узьнікаюць праблемы. У эканоміцы Расеі хутка нарастаюць крызісныя зьявы, якія нэгатыўна адбіваюцца на Беларусі. Больш сьціплымі сталі і эканамічныя пляны ўладаў Беларусі. На 2027 год яны заклалі рост ВУП на 1,9%, тады як плянавы паказьнік на 2026 год складаў 2,8%.

Але больш важна іншае. У вайне Расеі супраць Украіны і яе супрацьстаяньні з Эўропай назіраецца эскаляцыя. Масква адрынае кампрамісы й імкнецца давесьці праціўніка да капітуляцыі. Крэмль усё часьцей пагражае эўрапейскім краінам ядзернай зброяй. А яна нібыта разьмешчаная і на беларускай тэрыторыі. Таму кіраўніцтву Беларусі ня вельмі прыемна быць блізкім саюзьнікам краіны, якая цягне і сябе, і хаўрусьнікаў у прорву.

Ёсьць адчуваньне небясьпекі апынуцца ў цэнтры вялікай эўрапейскай вайны. Ваенны канфлікт усё больш закранае Беларусь. Украіна зноў загаварыла пра рэтрансьлятары на беларуска-ўкраінскай мяжы, якія дапамагаюць расейскім дронам знаходзіць цэлі на ўкраінскай тэрыторыі. Невядомыя бесьпілётнікі залятаюць у Беларусь, цаляюць у беларускія фуры на расейскім памежжы.

Быць саюзьнікам агрэсіўнай краіны даволі небясьпечна. А адчуваньне небясьпекі ў Лукашэнкі добра разьвітае. Рознагалосьсі паміж ім і Пуціным пачынаюць выходзіць у публічную прастору. На сустрэчы ў Менску з кіраўнікамі ўрадаў краін ЭАЭС 2 кастрычніка Лукашэнка прызнаў, што ў пытаньні вайны ва Ўкраіне пазыцыя Беларусі не ўва ўсім супадае з пазыцыяй Расеі: «Я прэзыдэнту Пуціну адкрыта пра гэта сказаў: у мяне ёсьць сваё разуменьне асобных аспэктаў канфлікту ва Ўкраіне».

Таму Менск шукае выйсьця і спрабуе мінімізаваць рызыку. Вось міністар замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў у інтэрвію расейскаму агенцтву ТАСС заявіў, што Беларусь гатовая аднавіць вайсковыя каналы сувязі з NATO, калі краіны альянсу праявяць сустрэчную гатоўнасьць. Паводле яго, Менск гатовы вярнуцца да мэханізмаў вэрыфікацыі, раньняга папярэджаньня ды іншых захадаў дзеля празрыстасьці ў вайсковай сфэры.

Падчас 81-й сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку кіраўнік МЗС Беларусі сустрэўся зь міністрам замежных справаў Польшчы Радославам Сікорскім. Папярэднім разам кіраўнікі дыпляматычных ведамстваў дзьвюх краін вочна сустракаліся ў 2018 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Экс-кіраўнік польскай выведкі: «Галоўная пагроза для незалежнасьці Беларусі — не Лукашэнка»

Камэрцыйныя ўгоды з ЗША

Але на шляху «адлігі» ў стасунках Беларусі з краінамі ЭЗ ёсьць перашкоды. Найперш — Менск цьвёрда стаіць на тым, што размарожваньне дачыненьняў павінна адбывацца бязь зьмены ўнутранай палітыкі ў краіне. Маўляў, ваенна-палітычная разрадка — асобна, а палітычныя рэпрэсіі — асобна, і гэтыя тэмы не павінны перасякацца.

Таму Лукашэнка так ухапіўся за перамовы з ЗША, бо тыя пакуль ня ставяць рубам пытаньня пра нейкую ўнутраную лібэралізацыю ў Беларусі. Менск імкнецца з гэтага перамоўнага працэсу з Вашынгтонам выціснуць максымальна магчымыя выгады, прапануе розныя камэрцыйныя ўгоды.

Лукашэнка шмат разоў казаў: у нас няма свабоднага калію, каб прадаваць ЗША, усе ўгнаеньні даўно закантрактаваныя. Тым ня менш ён загадаў тэрмінова заладаваць карабель гэтым таварам і адправіць у Злучаныя Штаты, каб пасьпець да амэрыканскіх выбараў у Кангрэс у лістападзе. На ягоную думку, Дональд Трамп мусіў бы гэта ацаніць.

Наўрад ці гэты калій з улікам дастаўкі праз расейскі порт і далей праз акіян будзе таньнейшым за ўгнаеньні, якія ЗША купляюць у Канадзе. Але гэта ня столькі камэрцыйная ўгода, колькі палітычны падарунак Трампу напярэдадні выбараў.

Што ж да пэрспэктываў экспарту беларускага калію ў ЗША праз парты краін Балтыі, то цяперашнія санкцыі ЭЗ падоўжаныя да 28 лютага 2027 году. Што будзе далей, невядома. Менск разьлічвае, што збліжэньне з Вашынгтонам дапаможа дамагчыся і зьняцьця эўрапейскіх абмежаваньняў на беларускі калій. Вашынгтон ужо спрабаваў дабіцца аднаўленьня транзыту беларускага калію праз балтыйскія парты, пераконваючы ў гэтым улады Літвы і Латвіі. Аднак гэтыя дыпляматычныя намаганьні пакуль не зьмянілі іхнай пазыцыі: абедзьве дзяржавы настойваюць на выкананьні санкцыяў Эўразьвязу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чаму Трамп загаварыў пра беларускі калій? Спыталі ў амэрыканскіх экспэртаў

Лёс палітвязьняў і насьцярожанасьць Расеі

Падчас калійных жарсьцяў прыйшла навіна, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп вылучыў свайго спэцыяльнага пасланьніка для Беларусі Джона Коўла на пасаду спэцыяльнага пасланьніка ў справах закладнікаў.

Калі Сэнат зацьвердзіць гэтую прапанову, то на новай пасадзе абсяг задачаў Коўла пашырыцца: замест працы толькі ў пытаньнях Беларусі ён будзе дамагацца вызваленьня дзясяткаў амэрыканскіх закладнікаў і несправядліва затрыманых грамадзян па ўсім сьвеце. Для беларускіх дэмакратычных сілаў гэта можа ствараць дадатковую няпэўнасьць: у разе прызначэньня Коўлу давядзецца разьмяркоўваць увагу паміж беларускім пытаньнем і справамі ў іншых краінах.

Другая праблема — гэта пазыцыя Расеі, якая вельмі насьцярожана глядзіць на спробы Менску неяк «заляцацца» да Захаду. Таму Менск вымушаны на кожны жэст у бок краін ЭЗ і ЗША рабіць два жэсты ў бок Масквы.

На мінулым тыдні Лукашэнка два дні запар усяляк апраўдваўся перад Расеяй, запэўніваў яе ў саюзьніцкай адданасьці («Мы заўсёды будзем з вамі… Мы ніколі не былі здраднікамі»).

Такія супярэчлівыя сыгналы і адлюстроўваюць усю абмежаванасьць замежнай палітыкі Беларусі, яе моцную залежнасьць ад пазыцыі Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Трамп вылучыў Коўла на пасаду спэцпрадстаўніка ў справах закладнікаў