Ужо сёньня: Гадавіна прысуджэньня Нобэлеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму

Алесь Бяляцкі, архіўнае фота

Падзеі 7 кастрычніка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

7 кастрычніка 2022 году Нобэлеўскай прэміяй міру былі ўганараваныя беларускі праваабаронца і былы палітвязень Алесь Бяляцкі, украінскі Цэнтар грамадзянскіх свабодаў і расейскі праваабарончы цэнтар «Мемориал».

Алесь Бяляцкі — беларускі праваабаронца, заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», грамадзкі дзеяч і літаратуразнаўца, палітвязень. За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.

За актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць Бяляцкага прыцягвалі да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. 14 ліпеня 2021 году яго чарговы раз затрымалі паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.

3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.

Бяляцкі адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі № 9 у Горках. Яго абмяжоўвалі ў кантактах з адвакатам і сям’ёй. 13 сьнежня 2025 году яго вызвалілі паводле памілаваньня разам з больш як сотняй іншых вязьняў і вывезьлі ў Літву. У 2026 годзе ў Польшчы створаны праваабарончы Фонд Алеся Бяляцкага.

8 студзеня 2026 году ён асабіста атрымаў дыплём і мэдаль Нобэлеўскай прэміі міру ў Нарвэгіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Што Бяляцкі расказаў пра турму, вайну, Нобэлеўскую прэмію і будучыню Беларусі. Поўны тэкст інтэрвію Свабодзе

Дзень у гісторыі

1571 — Бітва пры Лепанта паміж флётамі Сьвятой Лігі і Асманскай імпэрыі, адна з найбуйнейшых марскіх бітваў эпохі і апошняя вялікая бітва, у якой асноўнымі баявымі караблямі былі галеры. Перамога кааліцыі хрысьціянскіх дзяржаваў падарвала рэпутацыю асманскага флёту як непераможнага, але не спыніла асманскай экспансіі ў Міжземнамор’і.

1601 — папскі нунцый Кляўдыё Рангоні асьвяціў касьцёл Божага Цела ў Нясьвіжы, першы ў Рэчы Паспалітай і адзін зь першых у Эўропе барочны касьцёл, збудаваны Янам Марыя Бэрнардоні на ўзор рымскай базылікі Іль Джэзу.

Касьцёл Божага Цела ў Нясьвіжы, 2018 год, фота ©Shutterstock

1897 — у Вільні быў створаны «Бунд» — Агульны габрэйскі рабочы зьвяз у Літве, Польшчы і Расеі. «Бунд» быў пралетарскай і адначасова нацыянальнай габрэйскай арганізацыяй. Ужо праз паўгода пасьля яго стварэньня ў Менску пры садзеяньні «Бунду» пройдзе першы зьезд РСДРП, у склад якой «Бунд» увойдзе аўтаномнай часткай.

1920 — у Сувалках Польшча і Літва падпісалі дамову пра дэмаркацыйную лінію за 50 км на поўдзень ад Вільні і спыненьне баявых дзеяньняў уздоўж яе. Дамова мела набыць моц 10 кастрычніка, аднак за дзень да гэтага польскія войскі генэрала Люцыяна Жалігоўскага паводле таемнага загаду Юзафа Пілсудзкага занялі Вільню.

1959 — савецкая аўтаматычная станцыя «Луна-3» зрабіла першыя ў гісторыі чалавецтва фатаграфіі адваротнага боку Месяца.

1977 — была ўхваленая апошняя Канстытуцыя СССР.

2001 — пасьля тэрактаў 11 верасьня ЗША і Вялікая Брытанія пачалі наносіць паветраныя і ракетныя ўдары па лягерах «Аль-Каіды» і вайсковых аб’ектах рэжыму талібаў у Афганістане. Так пачалася апэрацыя, якая прывяла да падзеньня ўлады талібаў, але перарасла ў шматгадовую вайну.

2002 — камітэт адукацыі, навукі і культуры Сейму Літвы прыняў пастанову аб аднаўленьні ў Вільні дзейнасьці Беларускага музэю імя Івана Луцкевіча.

Цэнтар беларускай супольнасьці і культуры ў Вільні, дзе месьціцца адноўлены музэй Луцкевіча

У гэты дзень нарадзіліся

1788 — Іван Насовіч, беларускі мовазнавец-лексыкограф, фальклярыст, этнограф, аўтар слоўніка беларускай мовы, апублікаванага ў 1870 годзе. Апроч гэтага слоўніка, Насовіч выдаў зборнікі народных песень, прыказак і загадак.

1885 — Нільс Бор, дацкі фізык, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі.

Нільс Бор (зьлева) і Леў Ландаў

1912 — Юры Попка, дзяяч беларускага руху і эміграцыі, пісьменьнік.

1918 — Ізраіль Басаў, беларускі жывапісец і графік.

1931 — Дэсманд Туту, біскуп з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру.

Дэсманд Туту падчас выступу на Ўсясьветнай канфэрэнцыі супраць расізму 5 верасьня 2001 году

1932 — Іван Пташнікаў, беларускі пісьменьнік. Сярод найбольш вядомых твораў — апавяданьні «Львы», «Арчыбал», «Пагоня», аповесьці «Лонва», «Тартак», «Найдорф», раманы «Мсьціжы» і «Алімпіяда».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пташнікаў: напачатку і напрыканцы

1939 — Уладзімер Халіп, беларускі і савецкі сцэнарыст, літаратар.

Уладзімер Халіп

1943 — Яўген Шыпіла, актор тэатру і кіно, народны артыст Беларусі.

1952 — Уладзімір Пуцін, прэзыдэнт Расеі.

1956 — Вячаслаў Швед, гісторык.

У памяці

1849 — Эдгар Алан По, амэрыканскі паэт, празаік, эсэіст, вядучая постаць амэрыканскага рамантызму, адзін з пачынальнікаў дэтэктыўнага жанру.

Эдгар По, партрэт.

1939 — Раман Скірмунт, беларускі і польскі грамадзка-палітычны дзеяч.

Скірмунт быў краёвым дзеячом у часы Расейскай імпэрыі, дэпутатам Дзяржаўнай Думы Расеі. У 1916 годзе далучыўся да беларускага руху. У сакавіку 1917 году ў Менску быў створаны Беларускі нацыянальны камітэт, які ўзначаліў Раман Скірмунт. Яго мэтай было дамагчыся стварэньня аўтаноміі Беларусі ў складзе Фэдэрацыйнай Расейскай рэспублікі і арганізаваць у Беларусі разьвіцьцё беларускамоўнай культуры і асьветы.

Быў сябрам Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, прэм’ер-міністрам БНР.

Пасьля прыходу Чырвонай арміі Скірмунт вярнуўся ў роднае Парэчча. 6 кастрычніка яго і арыштавалі ўзброеныя прадстаўнікі мясцовага «рэвалюцыйнага камітэту», а на заўтра вывезьлі ў лес непадалёк ад Парэчча і расстралялі. Паводле дасьледаваньня гісторыка Аляксандра Смаленчука, расправе папярэднічала рашэньне мясцовага камітэту і сход, на якім савецкі камісар агітаваў за забойства Скірмунта. Непасрэднымі выканаўцамі сталі некалькі мясцовых жыхароў.

Раман Скірмунт

2006 — Ганна Паліткоўская, расейская журналістка (забітая).