Асацыяцыя «Беларуская фэдэрацыя футболу» (АБФФ) паведаміла пра тое, што па выніках правядзеньня першых трох матчаў у Лізе нацый УЭФА сэзону 2026/2027 кіраўніцтва АБФФ накіравала афіцыйны зварот у адрас Зьвязу эўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЭФА).
Функцыянэраў у Менску не задаволіла арганізацыя выязнога паядынку паміж нацыянальнымі зборнымі Фінляндыі і Беларусі. У дакумэнце АБФФ «выказвае занепакоенасьць шэрагам аспэктаў, зьвязаных з забесьпячэньнем умоў правядзеньня гэтай сустрэчы Футбольнай асацыяцыяй Фінляндыі».
АБФФ у сваім звароце падкрэсьліла прыхільнасьць прынцыпам рэглямэнту УЭФА і настойвала на строгім захаваньні ўсіх пратакольных і арганізацыйных патрабаваньняў, якія «гарантуюць роўныя ўмовы для ўсіх удзельнікаў турніру».
Таксама ў сваім канале ў тэлеграме АБФФ напісала, што на гэты момант «чакае афіцыйнага адказу ад профільных дэпартамэнтаў УЭФА і разьлічвае на канструктыўнае разьвязаньне пытаньняў».
Што адбылося?
29 верасьня з Хэльсынках зборныя Фінляндыі і Беларусі разышліся мірам 0:0. Значна больш увагі прыцягнулі падзеі, якія адбыліся на трыбунах.
Заўзятары на стадыёне абсьвісталі афіцыйны гімн Рэспублікі Беларусі. Запіс, які гэта пацьвярджае, апублікавала жонка паўабаронцы зборнай Беларусі Яўгена Яблонскага Крысьціна. Яна раней працавала на дзяржаўнай тэлевізіі, а тут была на трыбуне для журналістаў у шаліку зь дзяржаўнай сымболікай.
Яшчэ перад сустрэчай фінскі бок аявіў, што ўсе зборы за білеты пойдуць на дапамогу Ўкраіне.
Таксама заўзятары на трыбунах вывесілі бел-чырвона-белы сьцяг. І калі нацыянальны сымбаль беларусаў трапляў у кадар, дзяржаўная тэлевізія Беларусі закрывала яго загадзя падрыхтаваным кадрам з выявай трыбунаў.
Пасьля сустрэчы большасьць беларускіх гульцоў не камэнтавала падзеяў вакол гульні, але нападнік Віталь Лісаковіч, які раней заяўляў, што «ня бачыць розьніцы паміж беларусамі і расейцамі» заявіў, што на «кукарэканьне» трыбунаў каманда не зьвяртала ўвагі. Фінскі бок пакуль афіцыйна не рэагаваў на такія словы Лісаковіча.