Дата дня
Ян Булгак
6 кастрычніка 1876 году ў Асташыне на Наваградчыне нарадзіўся Ян Булгак, фотамастак і этнограф.
Дзякуючы Булгаку да нашага часу дайшлі выявы людзей, вёсак і гарадоў, а таксама архітэктурных помнікаў Беларусі, якіх даўно няма ў рэчаіснасьці.
Ян Булгак вядомы ня толькі як майстар краязнаўчай фатаграфіі, але і як пэдагог, бібліёграф, фальклярыст, гісторык мастацтваў, першы беларускі гісторык фатаграфіі. Ён аўтар дзясяткаў артыкулаў пра беларускі фальклёр і краязнаўства («Экскурсія на Сьвіцязь», 1910; «Велікодныя песьні на Меншчыне (валачобнікі)», 1911 і інш.), працаў пра мастака Фэрдынанда Рушчыца, дасьледаваньняў і падручнікаў па эстэтыцы і тэхніцы фатаграфіі. Яму належыць адмысловая праца «Пра першых віленскіх фатографаў з XIX стагодзьдзя» (1939) і кніга ўспамінаў «Край дзіцячых гадоў», у якой адлюстравана жыцьцё Наваградчыны канца XIX — пачатку XX ст.
Творчасьць Яна Булгака паўплывала на разьвіцьцё мастацкай фатаграфіі Беларусі, Польшчы і Літвы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Правілы жыцьця Яна БулгакаГэты дзень у гісторыі
1788 — распачаўся Чатырохгадовы Сойм Рэчы Паспалітай (іншая назва — Вялікі Сойм). Сойм правёў шэраг радыкальных рэформаў у эканамічнай, палітычнай і сацыяльнай сфэрах:
- увядзеньне рэкрутчыны па тэрытарыяльным прынцыпе;
- павелічэньне колькасьці войска;
- частковае зраўнаньне ў правах мяшчан са шляхтаю.
3 траўня 1791 году Чатырохгадовы сойм прыняў першую ў Эўропе Канстытуцыю.
1872 — у Полацку ўрачыста адкрылася настаўніцкая сэмінарыя, створаная для падрыхтоўкі настаўнікаў народных школ Віцебскай губэрні (24 верасьня паводле старога стылю). Першым дырэктарам сэмінарыі стаў беларускі этнограф і фальклярыст Юльян Крачкоўскі.
1939 — пад Коцкам перад немцамі капітулявала апошняя рэгулярная частка польскай арміі — самастойная апэратыўная група «Палесьсе» пад камандаваньнем генэрала Францішка Клебэрга.
1948 — у сталіцы Туркмэніі Ашгабаце адбыўся адзін з найбольш разбуральных землятрусаў XX стагодзьдзя, у якім загінулі дзясяткі тысяч чалавек.
Ашгабад пасьля землятрусу 1948 году
1973 — Эгіпет і Сырыя напалі на Ізраіль — пачатак Вайны Суднага дня.
Падбітыя сырыйскія танкі на Галанскіх вышынях падчас вайны Суднага дня, кастрычнік 1973
1991 — у Салігорску прайшоў устаноўчы зьезд Незалежнага прафсаюзу гарнякоў Беларусі. У 1993 годзе ён атрымаў назву Беларускі незалежны прафсаюз.
1996 — Папа Рымскі Ян Павал ІІ бэатыфікаваў 13 падляскіх мучанікаў, якія загінулі ад рук расейскіх жаўнераў у мястэчку Пратулін (цяпер Люблінскае ваяводзтва) 26 студзеня 1874 году, баронячы сваю ўніяцкую царкву ад ператварэньня яе ў праваслаўную.
2020 — Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з канцлеркай
Нямеччыны Ангелай Мэркель.
2022 — расейскія бамбавікі Ту-22М3 нанесьлі ракетны ўдар па Ўкраіне з паветранай прасторы Беларусі. Гэта быў апошні зафіксаваны ракетны ўдар па Ўкраіне з тэрыторыі Беларусі. Усяго ад пачатку вайны да гэтага дня зь Беларусі па Ўкраіне запусьцілі ня менш за 721 расейскую ракету.
2022 — абвешчаныя прысуды ў справе беларускага незалежнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН:
- галоўнай рэдактарцы і дырэктарцы Ірыне Леўшынай — 4 гады калёніі агульнага рэжыму;
- журналісту і былому дырэктару Дзьмітрыю Наважылаву — 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму;
- мэдыямэнэджару і былому намесьніку дырэктара Андрэю Аляксандраву — 14 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму;
- ягонай будучай жонцы Ірыне Злобінай — 9 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
Леўшына выйшла на волю ў сьнежні 2024 году. Аляксандраў, Злобіна і Наважылаў былі вызваленыя ў верасьні 2026 году і прымусова вывезеныя ў Літву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Каго вызвалілі ў выніку перамоваў Коўла з Лукашэнкам. Сабралі дэталіУ гэты дзень нарадзіліся
1887 — Ле Карбюзье, францускі архітэктар і дызайнэр швайцарскага паходжаньня.
Ле Карбюзье. Жылы дом у пасёлку Вэйсэнгоф, Штутгарт, Нямеччына. 1927 год.
1908 — Алесь Мілюць, заходнебеларускі паэт.
У памяці
1677 — Альбэрт Каяловіч, пісьменьнік, палеміст, гісторык Вялікага Княства Літоўскага.
1996 — Станіслаў Калясанты Роек, рымска-каталіцкі дзеяч, ксёндз.
2004 — Васіль Мельяновіч, дзеяч паваеннай эміграцыі ў ЗША.
2005 — Алесь Емяльянаў, паэт, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980–1990-х.
Алесь Емяльянаў