Менскі завод колавых цягачоў будзе да 2029 году пастаўляць у Расею шасі для ракетных сыстэм

Цэх Менскага заводу колавых цягачоў. Архіўнае фота

Менскі завод колавых цягачоў (ААТ «МЗКТ») падпісаў кантракт з маскоўскім акцыянэрным таварыствам «Оборонительные системы» аб пастаўцы 30 спэцыялізаваных колавых шасі.

Як адзначаецца ў дакумэнтах, якія атрымала арганізацыя BelPol, Расея атрымае 20 шасі МЗКТ-8021-021, а таксама па 5 шасі МЗКТ-8022-021 і МЗКТ-80211-021. Пастаўкі заплянаваныя да до 2029 году.

«МЗКТ» знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу, Украіны, ЗША, Канады, Вялікай Брытаніі, Швайцарыі, Аўстраліі і Новай Зэляндыі, якія ўвялі праз падтрымку Беларусі расейскай агрэсіі супраць Украіны.

Паводле BelPol, лінейка спэцыялізаваных корпусных шасі МЗКТ-8021/8022 стваралася для разьмяшчэньня элемэнтаў зэнітнага ракетнага корпусу «Пячора-2М». Пазьней гэтыя шасі таксама выкарыстоўвалі для сыстэм супрацьпаветранай абароны і радыёлякацыйных станцый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

BelPol апублікаваў сьпіс 120 беларускіх прадпрыемстваў, якія спрыяюць Расеі ў вайне супраць Украіны

Чаму гэта важна

Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.

У падтрымку расейскай агрэсіі цяпер уключаныя шэраг беларускіх прадпрыемстваў у розных сфэрах вытворчасьці.

З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў Беларусі фактычна на сталай аснове адбываюцца вайсковыя вучэньні, якія Аляксандар Лукашэнка тлумачыў пагрозамі і імавернасьцю ўварваньня на беларускую тэрыторыю з Польшчы, Літвы ці Ўкраіны. Хоць за ўвесь час з 2022 году не было ніводнага доказу наяўнасьці такіх плянаў.

Сёлета ў чэрвені й ліпені ўлады і вайсковае кіраўніцтва Беларусі надалей гаварылі аб існаваньні плянаў «калектыўнага Захаду» напасьці на Беларусь і Расею. З адпаведнымі заявамі выступіў міністар абароны Віктар Хрэнін на паседжаньні Рады міністраў абароны краінаў АДКБ у Маскве, а потым і на IV «Міжнародным антыфашысцкім кангрэсе» ў Менску, дзе ён абвінаваціў эўрапейцаў у «нацысцкім мэнталітэце» і рыхтаваньні да вайны.

Але ўжо ў канцы ліпеня Хрэнін у дакладзе Аляксандру Лукашэнку заявіў пра спакойную вайскова-палітычную абстаноўку вакол Беларусі і «брак прыкметаў рыхтаваньня да актыўных дзеяньняў з боку суседніх дзяржаваў».

16 жніўня камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Беларусі Андрэй Лук’яновіч ужо канстатаваў брак вонкавай пагрозы для Беларусі і аднаўленьне апэратыўных кантактаў з Латвіяй, Літвой і Польшчай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У BelPol раскрылі яшчэ адну схему абыходу санкцый у інтарэсах ААТ «Планар», які супрацоўнічае з ВПК Расеі