У адміністрацыі Лукашэнкі растлумачылі абавязкі новага намесьніка кіраўніка, які раней ачольваў Генштаб

Дзьмітры Круты. Архіўнае фота

Дзьмітры Круты, кіраўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі паведаміў, чым будзе займацца ў гэтай структуры прызначаны 28 верасьня намесьнікам кіраўніка колішні начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Беларусі Павал Муравейка.

«Павал Мікалаевіч будзе займацца кантролем за шэрагам стратэгічных праектаў, зьвязаных ня толькі з вайскова-прамысловым комплексам, але і ў рамках рэгіянальных праграм», — працытавала Дзьмітрыя Крутога дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Паводле яго, Павал Муравейка будзе таксама каардынаваць інстытут памочнікаў Лукашэнкі ў рэгіёнах і займацца зваротамі грамадзян.

«Мяркую, гэта будзе вялікая дапамога і недзе нават прыскарэньне пэўных працэсаў. Ён цудоўна ўзаемадзейнічае з людзьмі, то бок цывільная частка ягонай кар’еры таксама някепская. Ён мае добры аналітычны склад розуму і можа дапамагчы ў падрыхтоўцы пэўных матэрыялаў па лініі цывільных ініцыятыў», — сказаў Круты.

Кіраўнік адміністрацыі адзначыў, што да Лукашэнкі зьвяртаецца шмат людзей, у тым ліку праз сацыяльныя сеткі, і з гэтага трэба выбіраць найбольш важныя тэмы, якія сапраўды патрабуюць увагі.

«Праводзіцца работа ўнутры адміністрацыі па ўдасканаленьні дзейнасьці гэтага падразьдзелу. Я мяркую, што каардынацыю гэтай працы таксама ачоліць Павал Мікалаевіч», — дадаў ён.

Сам Павал Муравейка ў камэнтары журналістам адзначыў, што на новай пасадзе яму давядзецца паглядзець на працэсу ў краіне з іншага ракурсу, «каб можна было гарантаваць бясьпеку краіны».

Што папярэднічала

Сёлета 28 верасьня Аляксандар Лукашэнка прызначыў Паўла Муравейку намесьнікам кіраўніка сваёй адміністрацыі.

«Тое, што ідзе вось гэта ўзмацненьне складніка, сілавога сэктара і накірунку нашай краіны, гэта натуральна, таму што мы бачым, што адбываецца вакол нашай краіны. Але галоўнае ня ў гэтым, мне як прэзыдэнту і галоўнакамандуючаму Ўзброенымі сіламі, вельмі важна мець некалькі, калі хочаце, альтэрнатыўных меркаваньняў на сытуацыю ў нашых сілавых падразьдзелах», — сказаў Лукашэнка пры прызначэньні Муравейкі намесьнікам кіраўніка сваёй адміністрацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка прызначыў новага кіраўніка Генэральнага штабу арміі Беларусі, а былы цяпер будзе працаваць у ягонай адміністрацыі


Чым вядомы Муравейка

Павал Муравейка нарадзіўся 26 верасьня 1971 году ў Мар’інай Горцы. Скончыў Менскую вышэйшую вайскова-палітычную вучэльню, пасьля якой служыў ва Ўзброеных сілах Беларусі. Пасьлядоўна займаў кіроўныя пасады ў войску, а пасьля заканчэньня камандна-штабнога факультэту Вайсковай акадэміі Беларусі перайшоў у Генэральны штаб. У 2008 годзе скончыў і Вайсковую акадэмію Расеі, пасьля чаго займаў кіроўныя пасады ва ўпраўленьнях Генэральнага штабу.

З 20 чэрвеня 2013 да 10 лютага 2022 году быў намесьнікам начальніка Генэральнага штабу, начальнікам Галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня, з 10 лютага 2022 да 23 траўня 2024 году быў першым намесьнікам дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Беларусі, а 23 траўня 2024 году ачоліў Генэральны штаб і стаў першым намесьнікам міністра абароны.

У лістападзе 2024 году назваў выкарыстаньне Расеяй ракеты «Арэшнік» супраць Украіны (упершыню гэта адбылося 21 лістапада 2024 году, калі расейскія войскі ўдарылі па Дніпры. — РС) «жэстам добрай волі і пасылам аб тым, што ня варта жартаваць з Расеяй».

У кастрычніку 2023 году, калі Павал Муравейка займаў пасаду намесьніка дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі, ён заявіў, што Беларусь мае ўсе падставы «прасячы жыцьцёва важны калідор» церазь Літву пры дапамозе зброі, каб атрымаць доступ да транзыту тавараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кіраўнік Генэральнага штабу Муравейка паведаміў пра стварэньне ў Беларусі бесьпілётных войскаў


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Топ-5 міністраў-доўгажыхароў. Кіраўнікоў якіх міністэрстваў Лукашэнка мяняе раз на год, а хто можа не турбавацца за сваё месца