«Калі ты вырашыў у Эўрапейскі зьвяз, ну куды ты сьпяшаесься? Ты дакладна вызнач, куды твой каньяк забяруць, куды тваю гародніну, садавіну забяруць. У якім аб’ёме. Ці зможаш ты замясьціць тое, што прадаеш сёньня ў нас. Калі ты пераканаўся ў тым, што ў цябе Францыя набудзе твой каньяк (свой няма куды дзяваць, але ў цябе набудзе), добра — ідзі. Чаго ты бяжыш? Чаго ты ставіш воз перад канём?», — працытавала дзяржаўнае агенцтва БелТА Аляксандра Лукашэнку.
«Ня трэба сьпяшацца выкідаць тое, што табе сёньня прыносіць карысьць. Ня трэба сыходзіць з гэтага агульнага рынку», — дадаў Лукашэнка.
Гэтую заяву Лукашэнка зрабіў у адсутнасьць Нікола Пашыньяна. У траўні Расея забараніла пастаўкі каньяку, садавіны, гародніны і іншай прадукцыі з Армэніі.
28 траўня 2026 году Нікол Пашыньян адсутнічаў на саміце Эўразійскай эканамічнай супольнасьці ў Казахстане. На саміце нават прынялі заяву з нагоды плянаў Армэніі выйсьці з ЭАЭС. На тым пасяджэньні Аляксандар Лукашэнка ўвязаў курс Армэніі на збліжэньне з Эўрапейскім Зьвязам зь небясьпекаю новай вайны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пуцін цісьне, каб Армэнія вызначылася з замежнапалітычнымі прыярытэтамі«Трамп агаліў палітыку Захаду»
Апроч таго, Лукашэнка згадаў і прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.
«Нягледзячы на тую мітусьню, якая часта з боку Трампа, раніцай — адно, увечары — іншае, я яму ўдзячны за тое, што ён адкрыта агаліў палітыку Захаду, і перш за ўсё ЗША. Вось як ёсьць. [...] Вэнэсуэла — гэта нафта. Куба — гэта наша бясьпека, тут ні Расеі, ні Кітаю, нікому тут справы не павінны быць, гэта — наша. Грэнляндыя — яна патрэбна таму... Ён не хаваецца за нейкімі дыпляматычнымі фармуляваньнямі. А мы пабачылі рэальнае заходняй палітыкі, заходняй дыпляматыі, і найперш — ЗША. Сыходзячы з гэтага вы, бачачы іх палітыку, рабіце высновы для сябе», — сказаў Лукашэнка.
Лукашэнка неаднаразова называў сябе трампістам, але кожны раз выступае з крытыкай на адрас прэзыдэнта ЗША. У 2025 годзе паміж Беларусьсю і ЗША аднавіліся кантакты. Перамовы вядзе перамовы вядзе Джон Коўл. Ад 10 лістапада 2025 году ён займае пасаду спэцыяльнага пасланьніка прэзыдэнта ЗША для Беларусі, а ўпершыню прыехаў на перамовы ў Менск 21 чэрвеня таго ж году. З улікам апошняга сёлетняга вызваленьня 16 верасьня грамадзкасьці вядома пра 671 вызваленага за два гады, але ня ўсе зь іх палітвязьні. У абмен на вызваленьне вязьняў ЗША скасавалі пэўныя санкцыі, у тым ліку супраць беларускіх вытворцаў калійных угнаеньняў, банкаў, а таксама з канцэрну «Белляспаперпрам» і ААТ «Лакафарба».