Канфэрэнцыя пройдзе ў будынку магістрату сталіцы Чэхіі пад патранажам мэра Прагі Богуслава Свобады. На думку сяброўкі аргкамітэту, кіраўніцы Офісу дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэхіі Крысьціны Шыянок, гэта сьведчыць пра давер гарадзкіх уладаў да беларусаў.
Напярэдадні падзеі Крысьціна Шыянок расказала Свабодзе пра беларускую супольнасьць у Чэхіі і пра некаторыя праблемы, якія будуць абмяркоўваць на канфэрэнцыі.
«Чатыры гады таму адбыўся І Зьезд беларусаў і беларусак Чэхіі, які тады меў фармат сходу з мандатамі для галасаваньня, у тым ліку для акрэсьленьня пэўных нашых пазыцыяў, зьвязаных з пачаткам поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны. Цяперашняя падзея пройдзе ў іншым фармаце. Хутчэй гэта будзе рэфлексія на тыя зьмены, што адбыліся з намі, а таксама абазначэньне і аналіз новых выклікаў, зь якімі сутыкаецца беларуская супольнасьць у Чэхіі сёньня», — зазначыла Крысьціна Шыянок.
Беларусаў у Чэхіі пабольшала, хоць прыток новых мігрантаў зь Беларусі апошнімі гадамі даволі невялікі, што зьвязана з візавымі абмежаваньнямі, якія Чэхія ўвяла ў 2022 годзе. Колькасьць новых беларускіх палітычных уцекачоў у Чэхіі вызначаецца не сотнямі, а дзясяткамі на год. Раней стабільна прыбывала беларусаў, якія прыяжджалі працаваць, вучыцца ці ўзьяднацца зь сямейнікамі.
Паводле афіцыйных зьвестак, на якія спасылаецца Крысьціна Шыянок, у Чэхіі ў 2021 годзе было больш за 8200 беларусаў з пастаяннымі і часовымі дазволамі на жыхарства, цяпер такіх крыху больш за 7000. Але частка беларусаў за гэтыя гады пасьпела прыняць чэскае грамадзянства.
«Пакуль шчыльных адносін з украінцамі няма, але яны патрэбныя»
Сярод чатырох асноўных тэматычных блёкаў, якія абмяркуюць на сваёй канфэрэнцыі чэскія беларусы, будзе гаворка пра выклікі, якія паўстаюць перад супольнасьцю. Да такіх выклікаў аргкамітэт канфэрэнцыі аднёс, напрыклад, дачыненьні беларусаў з украінцамі, якіх шмат жыве ў Чэхіі. Крысьціна Шыянок упэўненая, што гэтыя дачыненьні ніколі ня стануць зонай канфлікту, але адзначае, што пакуль не ўдалося наладзіць па-сапраўднаму шчыльныя кантакты.
«На погляд аргкамітэту і тых людзей, якія запаўнялі папярэднюю анкету рэгістрацыі на канфэрэнцыю, шчыльных працоўных адносінаў з украінцамі насамрэч няма. Ёсьць салідарнасьць, ёсьць падтрымка на акцыях у абарону Украіны, але наўпроставай працы, напрыклад, паміж беларускімі суполкамі, зарэгістраванымі ў Чэхіі, і ўкраінскімі суполкамі й ініцыятывамі сёньня не адбываецца. І гэта нагода шукаць пункты судакрананьня, бо разам мы будзем мацнейшымі», — мяркуе Крысьціна Шыянок.
Кіраўніца Офісу дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэхіі, паведаміла, што на канфэрэнцыі выступіць першы сакратар у палітычных пытаньнях амбасады Украіны ў Чэхіі спадар Валерый Дземіч, а таксама ўкраінскі актывіст Тарас Катрун, які прадстаўляе арганізацыю Asociace MOST UA-CZ z.s.
«Нам яго рэкамэндаваў афіцыйны прадстаўнік украінскай нацыянальнай меншасьці і старшыня Эўрапейскага кангрэсу ўкраінцаў Багдан Райчынец, зь якім дэмакратычныя сілы Беларусі ў Чэхіі маюць рэгулярны кантакт. Аргкамітэт запрасіў спадара Тараса, і ён нам адразу станоўча адказаў, прычым яго ліст пачынаўся словамі: „Дарагія нашыя браты-беларусы“. Гэта так нас расчуліла! Хоць канфэрэнцыя не прадугледжвае нейкага выніковага галасаваньня, але ў яе могуць быць пэўныя вынікі — у нашай практычнай супрацы з украінцамі», — сказала Крысьціна Шыянок.
Якія важныя тэмы яшчэ абмяркуюць удзельнікі канфэрэнцыі?
Удзельнікі Канфэрэнцыі беларусаў і беларусак у Чэхіі зьбіраюцца абмеркаваць камунікацыю зь беларускімі палітвязьнямі, іх інтэграцыю ў Чэхіі, міжнародную абарону для ўцекачоў з Беларусі, спрошчанае атрыманьне візаў для сваякоў беларусаў у Чэхіі (чэскі ўрад будзе галасаваць аб гэтай рэзалюцыі 5 кастрычніка), праблемы разьвіцьця культурніцкіх ініцыятываў і бясьпечнае жыхарства беларусаў у Чэхіі.
Раней Крысьціна Шыянок прадстаўляла беларускую меншасьць у камітэце пры праскім магістраце і лічыць сябе дастаткова кампэтэнтнай у праблемах беларусаў, якія жывуць у Празе. Яна мяркуе, што, акрамя абмежаваньняў у сувязі з расейскай вайной, беларусы ў Чэхіі збольшага не адчуваюць на сабе дыскрымінацыю паводле нацыянальнай прыкметы. Праскі офіс дэмакратычных сілаў, які Крысціна ўзначальвае, фіксуе толькі два запыты з гэтай прычыны; абодва выпадкі тычыліся працоўных адносінаў. Што да фактаў нападаў на беларусаў паводле нацыянальнай прыкметы, якія здаралася, прыкладам, у Польшчы, то Крысьціне Шыянок, зь яе словаў, пра такія ў Чэхіі невядома.
«Тут мы такіх выпадкаў, на шчасьце, не фіксуем. Але ўсё роўна нам ёсьць пра што пагаварыць і ў пытаньнях бясьпекі. Гэта тэма складаная і з часам пэрыядычна абвастраецца», — зазначае Крысьціна.
Шыянок паведаміла апошнія навіны пра 23-гадовага беларуса Якава, які ў красавіку пасьля спробы суіцыду трапіў у кому. Тады Якава ў чэскім шпіталі даглядаў ягоны бацька Дзьмітры Кудзялевіч.
«Добрая навіна, што Якаў выйшаў з комы. Але ягонае лячэньне працягваецца, ён па-ранейшаму ў шпіталі. Ягоная міграцыйная справа будзе перагледжаная, гэтак вырашыў суд у горадзе Градэц Кралавэ. Добрая навіна пра нашага беларуса, які трапіў у вельмі складанае становішча, бо яму пагражала дэпартацыя. Адначасова гэта навіна пра тое, што перагляд магчымы», — расказала Крысьціна Шыянок.
Паводле Крысьціны, частка канфэрэнцыі будзе прысьвечана досьведу пасьпяховага інтэграваньня беларусаў у чэскае грамадзтва, у тым ліку магчымасьцям для беларусаў весьці ў краіне актыўнае палітычнае жыцьцё.
«Пагаворым таксама пра дзейнасьць офісу дэмакратычных сілаў у Чэхіі і дзейнасьць Рады БНР, пра тое, якая з структураў чым займаецца», — паведаміла Крысьціна Шыянок.
Былы журналіст Радыё Свабода Сяргей Навумчык на канфэрэнцыі мае расказаць пра гістарычныя паралелі паміж 1968 годам у Чэхаславаччыне і 2020-м у Беларусі.