Сьцісла
- Указ Лукашэнкі дазволіў зьнішчэньне былых каталіцкіх могілак на Залатой Горцы ў цэнтры Менску дзеля будоўлі Акадэміі КДБ.
- Свабода знайшла афіцыйнае пацьверджаньне таго, што зямельны надзел, на якім ідзе будаўніцтва, замацаваны менавіта за Акадэміяй нацыянальнай бясьпекі пры КДБ.
- Дазвол на будаўніцтва супярэчыць некалькім нормам беларускага заканадаўства.
- Разьбіраем праектную дакумэнтацыю, якая дазваляе ўпершыню ўбачыць, як будзе выглядаць новы комплекс установы КДБ.
- Ужо гэтай восеньню каля комплексу плянуюць выкапаць новыя траншэі і катлаваны для інжынэрных камунікацыяў.
Указ Аляксандра Лукашэнкі дазволіў забудаваць былыя каталіцкія могілкі на Залатой Горцы ў цэнтры Менску дзеля новага комплексу Акадэміі нацыянальнай бясьпекі (АНБ) пры КДБ. Будаўніцтва дазволілі ў абыход некалькіх нормаў заканадаўства, а інфармацыю пра аб’ект абмежавалі. Расьсьледаваньне Свабоды высьветліла, як будзе выглядаць новы сакрэтны комплекс сілавікоў.
«У нас указ прэзыдэнта», — так Юлія Серада, галоўная інжынэрка праекту забудовы былых каталіцкіх могілак, адказала на пытаньне журналіста Свабоды пра абмежаваньні ў сувязі з гістарычна-культурным статусам тэрыторыі.
Цягам тыдня мы намагаліся высьветліць у чыноўнікаў, які дакумэнт дазволіў у абыход ахоўнага заканадаўства амаль канчаткова сьцерці з мапы сталіцы адно з гістарычных месцаў пахаваньня менчукоў, якое ня цалкам зьнішчылі забудовай нават за савецкім часам.
— Ці мяняўся праект зонаў аховы гэтага месца? — спытаў журналіст Свабоды.
— Не, нічога не мянялася, — адказала Юлія Серада.
— Там жа былыя могілкі. Ці зямля адтуль адпраўлялася на экспэртызу?
— Не, мы праходзілі экспэртызу аб’екту праектаваньня.
— А грунт адтуль адпраўлялі на дасьледаваньні?
— Нейкіх дадатковых археалягічных мы не прадугледжвалі, не рабілі. Калі ўзгаднялася праектная дакумэнтацыя ў камітэце архітэктуры, была рэкамэндацыя: пры выяўленьні чагосьці незвычайнага перадаваць кудысьці далей. Такая прыпіска дзесьці была. І ўсё. Дадатковых мы ніякіх не рабілі.
У цэнтры Менску — каля касьцёлу Сьвятога Роха, на тэрыторыі гістарычных Залатагорскіх могілак — без публічнага грамадзкага абмеркаваньня і ў абсалютнай сакрэтнасьці ўжо больш за год будуюць вялікі шасьціпавярховы комплекс. У адных афіцыйных крыніцах яго называюць проста «шматфункцыянальным будынкам пад адрасам Залатая Горка, 5 і 5а», а ў іншых яго проста не існуе.
Улады дасюль замоўчваюць, для каго і на якой падставе будуецца аб’ект. Пры гэтым праект зонаў аховы, зацьверджаны Міністэрствам культуры ў 2018 годзе, забараняе новае будаўніцтва на тэрыторыі былых Залатагорскіх могілак. А закон «Аб пахаваньні і пахавальнай справе» забараняе капітальнае будаўніцтва на месцы старых пахаваньняў, за выключэньнем мэмарыяльных і культавых аб’ектаў.
Будоўля ідзе ў парушэньне зонаў аховы Залатагорскіх могілак. Спадарожнікавы здымак Planet Labs 16 жніўня 2026 году, на якім бачны сам будынак, пазначаныя межы будоўлі, а таксама тэрыторыя могілак, дзе забаронена ўсялякае будаўніцтва. Зялёнай лініяй пазначаны будынак касьцёлу.
Апытаныя Свабодай чыноўнікі спасылаліся на тое, што інфармацыя аб праекце «для абмежаванага карыстаньня».
Нават у лютым 2026 году, калі на тэрыторыі былых каталіцкіх могілак ужо стаяў гмах у некалькі паверхаў, прэзэнтаваны ўладамі ў гэты ж час горадабудаўнічы плян па-ранейшаму прадугледжваў тут сквэр і зялёную зону агульнага карыстаньня.
У 2023 годзе аб’яднаньне былых сілавікоў BelPol на падставе сваіх крыніц паведаміла, што на гэтым месцы можа быць узьведзены новы корпус Акадэміі нацыянальнай бясьпекі (АНБ), падпарадкаванай КДБ. Паведамлялася, што інтэрнат пры ім будзе разьлічаны на 150 навучэнцаў. Аднак публічныя праектныя дакумэнты, якія б канчаткова пацьвярджалі прызначэньне будоўлі, дагэтуль не зьявіліся.
Свабода знайшла афіцыйную праектную дакумэнтацыю, якая ўпершыню дазваляе дакумэнтальна зьвязаць будоўлю на Залатой Горцы з адной з самых закрытых навучальных установаў Беларусі — Акадэміяй нацыянальнай бясьпекі. На падставе праектных дакумэнтаў можна ацаніць маштаб і зразумець унутраную структуру новага комплексу. Згодна з дакумэнтамі, колькасьць будучых навучэнцаў у некалькі разоў перавышае публічна агучаныя раней зьвесткі.
Выгляд на касьцёл Сьвятога Роха і будоўлю Акадэміі нацыянальнай бясьпекі КДБ. Фотаздымак 4 чэрвеня 2026 году.
Як высьветлілалася, першы намесьнік начальніка Акадэміі нацыянальнай бясьпекі Генадзь Краско ўваходзіць у Рэспубліканскі савет гістарычнай палітыкі пад кіраўніцтвам адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Гэты дзяржаўны орган паўстаў у 2022 годзе. У яго склад ўвайшлі абсалютна ляяльныя ўладам чыноўнікі і супрацоўнікі дзяржаўных мэдыя. Рашэньнямі савету ў «сфэры рэалізацыі гістарычнай палітыкі» абавязаныя кіравацца ўсе зацікаўленыя органы і арганізацыі. Сярод пытаньняў, якія разглядае гэты орган, — лёс аб’ектаў гістарычна-культурнай спадчыны.
Ці мог паўплываць савет «на зацікаўленыя органы» і ці ўдзельнічаў Краско ў прыняцьці адпаведных рашэньняў, невядома. Але, як вынікае з атрыманых Свабодай праектных дакумэнтаў будоўлі, новы кабінэт Генадзя Краско з уласнай прымальняй, пакоем адпачынку і душам, імаверна, будзе знаходзіцца ў новым будынку на ўжо перакапанай экскаватарамі тэрыторыі гістарычных могілак.
Генадзь Краско не адказаў на званкі па нумарах, якія мае рэдакцыя. Дазваніцца ў Акадэмію нацыянальнай бясьпекі таксама не ўдалося.
З прааналізаваных Свабодай дакумэнтаў таксама вынікае, што на тэрыторыі былых Залатагорскіх могілак плянуюць новыя земляныя працы ў найбліжэйшым часе. Праект другой чаргі будаўніцтва прадугледжвае пракладку новых сетак водазабесьпячэньня, гаспадарча-бытавой і дажджавой каналізацыі. Для гэтага плянуюць выкапаць катлаваны, а частку трубаў пракласьці бестраншэйным спосабам. Пры гэтым дзейны праект зонаў аховы наўпрост забараняе пракладку новых інжынэрных камунікацыяў на тэрыторыі былых каталіцкіх могілак.
Тэрыторыя былых могілак трапіла ў ахоўную зону. Там паўстала зона рэкрэацыі, але…
Старыя пляны XIX–XX стагодзьдзяў дазваляюць аднавіць межы Залатагорскіх могілак: яны займалі значную частку кварталу паміж сучаснымі вуліцамі Казлова, Залатой Горкай, Чырваназорнай і праспэктам Незалежнасьці. Менавіта на гэтай тэрыторыі цяпер узводзяць новы комплекс.
Увосень 2017 году каля двух гектараў больш-менш ацалелай тэрыторыі гістарычных могілак перадалі каталіцкай парафіі Сьвятога Роха для «добраўпарадкаваньня і санітарнага нагляду». Пры гэтым, як казалі сьвятары у 2018 годзе, тады гэтая тэрыторыя ўсё яшчэ знаходзілася «на балянсе» тэрытарыяльнага цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня Савецкага раёну Менску. Парафія плянавала стварыць тут адкрытую зялёную тэрыторыю, дзіцячую пляцоўку і адукацыйны цэнтар ва ўжо наяўных будынках. Новага капітальнага будаўніцтва на месцы пахаваньняў не плянавалася.
Каля касьцёлу Сьвятога Роха — незабудаваны абшар былых каталіцкіх могілак у 2018 годзе, калі парафія пачала яго добраўпарадкаваньне пад зялёную тэрыторыю.
23 кастрычніка 2018 году, пасьля дэталёвага аналізу тэрыторыі, Міністэрства культуры зацьвердзіла праект зонаў аховы гістарычна-культурных каштоўнасьцяў гэтага кварталу. Тэрыторыя былых Залатагорскіх могілак уключалася ў ахоўную зону, тут забаранялася ня толькі будаўніцтва, але і пракладка камунікацыяў.
Улетку 2018 году на прылеглай да касьцёлу тэрыторыі адкрылі зону рэкрэацыі: невялікі дагледжаны сквэр, дзіцячую пляцоўку. Добраўпарадкаваньнем займаліся сьвятары і парафіяне касьцёлу Сьвятога Роха.
«Гэта гарантыя таго, што ўчастак Залатагорскіх могілак ня будзе забудаваны — ён перайшоў пад ахову дзяржавы», – камэнтаваў сытуацыю пробашч Залатагорскага касьцёлу Юры Санько для афіцыйнага ватыканскага мэдыя VaticanNews у 2019 годзе. «Гэта вялікая радасьць, што Залатагорскія могілкі, якія да канца не разбурылі за савецкім часам, будуць захаваныя. Мы плянуем, што гэта будзе месца малітвы, адпачынку, куды можна будзе прыйсьці зь дзецьмі, знайсьці цішыню ў цэнтры вялікага гораду, пабыць сам-насам з сваімі думкамі, памаліцца».
Пляны добраўпарадкаваньня тэрыторыі, прапанаваныя парафіяй у 2019 годзе.
Новая зялёная зона ў самым цэнтры Менску стала ўлюбленай мясьцінай жыхароў прылеглых кварталаў. Туды штодня прыходзілі сталыя людзі, бацькі зь дзецьмі, адтуль пачыналіся сьвяточныя каталіцкія працэсіі. Але плянам ня суджана было зьдзейсьніцца канчаткова.
Будаўніцтва ўказам Лукашэнкі і насуперак закону
У зацьверджанай Аляксандрам Лукашэнкам дзяржаўнай інвэстыцыйнай праграме на 2024 год, апублікаванай у сакавіку таго ж году, фігуруе пункт пра вылучэньне грошай на праектна-вышуковыя працы для «ўзьвядзеньня шматфункцыянальнага будынку на вул. Залатая Горка, 5 і 5а ў Менску» — без дадатковых тлумачэньняў.
20 сьнежня 2024 году з «Інстытутам Белдзяржпраект» была заключаная дамова № 28.24 на распрацоўку архітэктурна-плянавальнага рашэньня будучага будынку. 13 траўня 2025 году праект будоўлі атрымаў станоўчае заключэньне РУП «Галоўдзяржбудэкспэртыза» з нумарам № 243-15/25. Тады ж Менгарвыканкам прыняў рашэньне аб выдаленьні расьліннасьці ў гэтым месцы. Замоўца — Упраўленьне капітальнага будаўніцтва (УКБ) Менгарвыканкаму.
Як вынікае з прааналізаваных Свабодай дакумэнтаў, асноўны камплект чарцяжоў будынку архітэктары распрацавалі ўжо ў чэрвені — менш чым за паўгоду.
Ужо летам 2025 году на спадарожнікавых здымках бачна, што амаль уся тэрыторыя былых Залатагорскіх могілак, перададзеная раней касьцёлу, ператварылася ў вялікі будаўнічы катлаван. Некранутым застаўся толькі маленькі лапік зямлі перад уваходам у касьцёл.
Як паведамлялі вернікі, будаўнікі, капаючы катлаван, знаходзілі чалавечыя косткі і нібыта перадавалі іх на экспэртызу.
Яны нават не паспрабавалі імітаваць выкананьне закону
Беларускі архітэктар-рэстаўратар, які займаецца аховай спадчыны, пагадзіўся пракамэнтаваць Свабодзе сытуацыю з залатагорскай будоўляй на ўмовах ананімнасьці зь меркаваньняў бясьпекі. Ён называе асабліва цынічным тое, якім чынам на тэрыторыі гістарычных могілак вырашылі абысьці ўсе законы і ўзгадненьні, кіруючыся ўказам Аляксандра Лукашэнкі. Паводле экспэрта, гэта сьведчыць пра стаўленьне ўладаў да аховы спадчыны.
«Яны нават не паспрабавалі імітаваць выкананьне закону. Хутчэй за ўсё, яны адразу пайшлі да Лукашэнкі і сказалі: "Тут хочам пабудаваць, але закон замінае. І ён кажа: "Не праблема, вось вам загад, давайце, ідзіце будаваць". Хоць можна было пайсьці іншым шляхам, імітаваць нейкае выкананьне закону, які яны ж самі і прымалі. Таму ўся гэтая арганізацыя работ выглядае надзвычай цынічна», — кажа Свабодзе адмыслоўца.
Архітэктар-рэстаўратар тлумачыць, што для перагляду ахоўных абмежаваньняў, калі, напрыклад, знойдзеныя новыя гістарычныя зьвесткі ці выяўленыя памылкі, як у краінах Эўропы, так і ў Беларусі існуе працэдура. Для гэтага трэба замовіць у спэцыялістаў адпаведны праект зьменаў ахоўнага статусу; пры патрэбе правесьці тэндэр на яго распрацоўку; навукова абгрунтаваць зьмены і прайсьці ўсе ўзгадненьні, бо замоўцы павінны «даказаць, што тыя зьмены, якія яны ўносяць, навукова абгрунтаваныя».
Напрыклад, распрацоўнікі маглі б паспрабаваць абгрунтаваць перавод часткі тэрыторыі з ахоўнай зоны ў зону рэгуляваньня забудовы. Тады ў праекце можна было б вызначыць дапушчальную вышыню будынкаў, іх вонкавы выгляд, каб не парушыць асяродзьдзе помніка гісторыі, прадугледзець археалягічныя дасьледаваньні да пачатку працаў, каб выявіць пахаваньні.
Будынак-«прывід» на могілках
Праз 9 месяцаў пасьля пачатку будоўлі, у лютым–сакавіку 2026 году, калі на тэрыторыі былых могілак ужо стаяў каркас будынку вышынёй у некалькі паверхаў, адміністрацыя Савецага раёну Менску вырашыла правесьці грамадзкае абмеркаваньне зьменаў у дэталёвым пляне забудовы Залатой Горкі. Аднак прадэманстраваная жыхарам дакумэнтацыя і прыкладзеная да яе тлумачальная запіска 2023 году па-ранейшаму прадугледжвалі на тэрыторыі былых каталіцкіх могілак сквэр плошчай 1,65 га. Пра комплекс, які ўжо будаваўся, там не было ні слова.
На гэта зьвярнулі ўвагу і жыхары кварталу. У пратаколе грамадзкага абмеркаваньня зафіксавана іхнае пытаньне: чаму замест прадугледжанага дэталёвым плянам сквэру на тэрыторыі былых каталіцкіх могілак узводзіцца не пазначаны на ім «шматфункцыянальны будынак»? У адказ распрацоўнік паведаміў, што “будоўля вядзецца паводле раней зацьверджанай праектнай дакумэнтацыі, распрацаванай ужо пасьля фармаваньня рашэньняў гэтага дэталёвага пляну”. Якую менавіта дакумэнтацыю мелі на ўвазе, у адказе не ўдакладнілі.
Выгляд будоўлі зь перакрыжаваньня вуліц Залатагорскай і Чырваназорнай у ліпені 2026 году Выгляд будоўлі зь перакрыжаваньня вуліц Залатагорскай і Чырваназорнай у ліпені 2026 году
Ужо пачатую будоўлю ня згадвалі ані дзяржаўныя мэдыя, ані профільныя — пра нерухомасьць, рэдакцыі якіх працуюць ў Беларусі. Публікацыі Onliner.by і Realt.by пра заплянаваныя ў 2026 годзе зьмены на Залатой Горцы выйшлі без інфармацыі пра вялікі навабуд. Абодва рэсурсы паўтарылі інфармацыю адміністрацыі Савецкага раёну аб плянах зрабіць у гэтым месцы сквэр.
Але Свабодзе ўдалося знайсьці афіцыйнае пацьверджаньне таго, што ўлады плянавалі будоўлю ўжо даўно і вызначылі ўласьніка вылучанага пад гэта зямельнага надзелу прынамсі пачынаючы зь вясны 2025 году.
Зямельны надзел замацаваны за Акадэміяй нацыянальнай бясьпекі
11 жніўня 2026 году ўпраўленьне капітальнага будаўніцтва Менгарвыканкаму абвесьціла тэндэр на выбар падрадніка для вібрадынамічнага кантролю разьмешчаных побач з будоўляй дамоў па вуліцы Казлова 3,5 і 7. Гэтыя дамы трапляюць у зону рызыкі быць пашкоджанымі, бо цягам восені ў квартале заплянаваны шэраг новых земляных працаў для пракладкі сетак водазабяспячэньня і каналізацыі.
У апублікаванай пляне-схеме працаў, які прааналізавала Свабода, упершыню дакумэнтальна бачныя межы зямельнага надзелу і яго кадастравы нумар — 500000000008000898. Уласьнікам пазначаная «Акадэмія нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь». Пры гэтым на публічнай кадастравай мапе надзел з такім нумарам не існуе.
Плян-схема распрацаваная ў траўні 2025 году.
Фрагмэнт пляну-схемы, на якім бачныя зямельны надзел, замацаваны за АНБ, і яго кадастравы нумар — 500000000008000898. Зялёным колерам пазначаны касьцёл Сьвятога Роха, аранжавым — будынак акадэміі, ружовым — тэрыторыя будаўнічых працаў, у тым ліку пракладкі камунікацыяў.
Пракладка новых інжынэрных камунікацыяў, якую УКБ Менгарвыканкаму плянуе гэтай восеньню, закране значную частку тэрыторыі вакол комплексу. Найбольш маштабныя падземныя працы заплянаваныя з боку вуліцы Казлова: праект прадугледжвае некалькі катлаванаў і бестраншэйную пракладку трубаў. Паміж домам № 5 на вуліцы Казлова і Палацам мастацтва пройдзе траншэя для камунікацыяў, а таксама зьявіцца катлаван памерамі 4 на 13 мэтраў.
З боку касьцёлу Сьвятога Роха прадугледжана ўсталяваньне падземнага тлушчааддзяляльніку для ачысткі сьцёкавых водаў. Яго плянуюць заглыбіць у зямлю не менш як на два мэтры.
У дакумэнтах таксама пазначана, што выкапаную зямлю будуць «адвозіць адпаведна даведцы замоўніка» [УКБ Менгарвыканкаму. — РС], а засыплюць катлаваны прывезеным грунтам.
Цір, басэйн і інтэрнат на сотні чалавек. Як будзе выглядаць Акадэмія КДБ
Праектная дакумэнтацыя, якую атрымала і вывучыла Свабода, дае ўяўленьне пра выгляд і ўнутраную структуру комплексу. За афіцыйнай назвай «шматфункцыянальнага будынку» хаваецца рэжымны навучальна-жылы комплекс з уласнай сталоўкай і спартовай інфраструктурай. У праектнай дакумэнтацыі можна заўважыць спэцыфічныя, не ўласьцівыя іншым, звычайным, навучальным ўстановам, памяшканьні.
Прыкладная мадэль выгляду і колеру будучага корпусу Акадэміі нацыянальнай бясьпекі КДБ Беларусі. Выгляд зь перакрыжаваньня вуліц Залатой Горкі і Чырваназорнай. Касьцёл Сьвятога Роха месьціцца за корпусам.
Комплекс складаецца з трох асноўных частак: блёку А — навучальнага корпусу з інтэрнатам, блёку Б — сталоўкі і блёку В — басэйну з спартовай заляй. На агароджанай тэрыторыі аб’екту прадугледжаны кантрольна-прапускны пункт з боку вуліцы Залатой Горкі.
Галоўная частка комплексу — БЛЁК А. У тлумачальнай запісцы ён названы «навучальным корпусам з інтэрнатам». Гэта шасьціпавярховы будынак з падземным і тэхнічным узроўнямі. Яго агульная плошча — амаль 28,9 тысячы квадратных мэтраў. Праектная колькасьць навучэнцаў — 1250 чалавек, зь іх для 627 прадугледжаныя месцы ў інтэрнаце.
Ніжні, падземны ўзровень блёку А, разьмешчаны на глыбіні пяць мэтраў. Тут запраектаваная стралковая галерэя плошчай 597,8 м² і даўжынёй каля 56 мэтраў, асобны склад зброі, два пакоі для яе захоўваньня і адзін для яе выдачы, склад РХБЗ (радыяцыйнай, хімічнай і біялягічнай абароны), два склады з пазнакай НЗ (у вайсковай тэрміналёгіі звычайна азначае недатыкальны запас на выпадак надзвычайнае сытуацыі), чатыры склады КЭС (у вайсковай тэрміналёгіі азначае кватэрна-эксплюатацыйную службу, якая адказвае за будынак, інжынэрную і гаспадарчую маёмасьць).
Фрагмэнт праектнай дакумэнтацыі, на якім пазначаная стралковая галерэя плошчай 597,8 м² і даўжынёй каля 56 мэтраў на падземным ўзроўні блёку А.
Астатнюю частку падземнага ўзроўню займаюць тэхнічныя, складзкія і бытавыя памяшканьні для пэрсаналу. Сярод іх — склады «матэрыяльнай маёмасьці», мужчынская і жаночая гардэробныя для 80 чалавек абслуговага пэрсаналу, склад лыжаў, а таксама дэбаркадэр для разгрузкі аўтамабіляў тыпу «Газель-3302».
Падземны паркінг у комплексе, разьлічаным на больш як тысячу чалавек, праектам не прадугледжаны.
Эксплікацыя памяшканьяў падземнага ўзроўню блёку А
На першым паверсе ў пляне пазначаныя пост аховы, асобныя пакоі для захоўваньня зброі і мабільных тэлефонаў, гардэроб, а таксама сыстэма кантролю доступу ў вэстыбюлі. Тут жа запраектаваныя кампутарныя клясы, рознага фармату аўдыторыі, трэнажэрная заля і заля агульнай фізычнай падрыхтоўкі. Ёсьць і ўласны мэдычны блёк — кабінэты тэрапэўта і стаматоляга, працэдурны пакой.
Другі паверх — больш адміністрацыйны. Тут заплянавана шмат кабінэтаў, бібліятэка, некалькі аўдыторыяў, кіна-лекцыйная/актавая заля на 300 месцаў, а таксама дзьве канфэрэнц-залі.
Асобнае крыло адведзена для кіраўніцтва ўстановы. Паводле праектнай дакумэнтацыі, тут прадугледжаныя два кабінэтныя блёкі плошчай 104,5 і 93,5 м². Кожны ўключае «кабінэт кіраўніка», уласную прымальню, пакой адпачынку і санвузел з душам. Зважаючы на структуру кіраўніцтва АНБ і наяўнасьць толькі двух такіх памяшканьняў, можна меркаваць, што гэтыя памяшканьні прызначаюцца для двух кіраўнікоў установы — начальніка акадэміі Валянціна Платонава і яго першага намесьніка Генадзя Краско. Аднак у праекце не пазначана, хто менавіта будзе карыстацца гэтымі памяшканьнямі.
Трэці паверх пазначаны ў дакумэнтах як тэхнічны і амаль ня мае вокнаў. Тут знаходзіцца ніжні ўзровень дзьвюх лекцыйных аўдыторыяў на 150 чалавек і тэхнічныя памяшканьні.
З чацьвёртага паверху па шосты значную частку плошчы займае інтэрнат, які сумяшчаецца з вынесенымі у асобнае крыло навучальнымі клясамі і лекцыйнымі аўдыторыямі. Свабода падлічыла колькасьць спальных месцаў паводле эксплікацыяў памяшканьняў. На кожным з трох паверхаў іх па 209 — агулам 627. Пакоі пераважна чатырохмясцовыя, ёсьць і трохмясцовыя. Вынік падліку супадае з праектнай ёмістасьцю інтэрнату, пазначанай у тлумачальнай запісцы.
Выгляд акадэміі КДБ з боку вуліцы Залатой Горкі. Справа блёк А — „навучальны комплекс з інтэрнатам“, зьлева блёк Б з сталоўкай і спартовай заляй. Каляж зроблены з выяваў у праектнай дакумэнтацыі.
БЛЁК Б — асобны аднапавярховы корпус сталоўкі з падвалам і дахам, ён таксама ўключае спартовы комплекс. Агульная плошча 4,3 тысячы квадратных мэтраў. На першым паверсе заплянаваныя тры абедныя залі — на 240, 88 і 12 месцаў, агулам на 340 чалавек. Паводле дакумэнтаў, сталоўка будзе мець поўны цыкль прыгатаваньня ежы: гарачы, халодны, рыбны, мясныя цэхі, цэх гародніны, склады для рознага кшталту прадуктаў і спэцыяў, асобнае памяшканьне для разьбіраньня мяса, халадзільныя камэры і тэхнічнае абсталяваньне.
На «эксплюатаваным даху» будынку праект прадугледжвае спартовы стадыён зь бегавымі дарожкамі і пляцоўкамі для міні-футболу, баскетболу, валейболу, бадмінтону і тэнісу. Асобную частку даху адводзяць пад вулічныя трэнажэры.
БЛЁК В — двухпавярховы спартовы корпус з падземным тэхнічным узроўнем, агульнай плошчай каля 2,8 тысячы квадратных мэтраў. На першым паверсе заплянаваны 25-мэтровы басэйн, разьдзявальні, душавыя і дзьве саўны. На другім — спартовая заля плошчай 634 квадратныя мэтры з дапаможнымі памяшканьнямі.
Разам агульная плошча толькі трох асноўных блёкаў складае каля 36 тысяч квадратных мэтраў. Звонку комплекс плянуюць выканаць пераважна ў шэрых, сьветла-шэрых танах зь белымі карнізамі. Сьцены з вэнтыляванымі фасадамі з керамаграніту. Толькі для блёку А закупная дакумэнтацыя прадугледжвае каля 7,9 тысячы м² керамагранітнага пакрыцьця, за якое аддадуць амаль 3,11 мільёна рублёў (прыкладна 1,04 мільёна даляраў).
Яны не пабудавалі архітэктуру, яны атрымалі для сябе кабінэты
Будуюць навучальную ўстанову КДБ за бюджэтныя сродкі. Як вынікае з дадзеных дзяржаўных інвэстыцыйных праграмаў, сума вылучаных на будаўніцтва грошай складае ня менш за 25,7 мільёна рублёў.
«Я не называю гэта архітэктурай. Там няма прыгожых фасадаў. Гэта плошчы, якія атрымалі замоўцы. Яны не пабудавалі архітэктуру, яны атрымалі для сябе кабінэты», — пракамэнтаваў архітэктар-рэстаўратар Свабодзе выявы будынку акадэміі.
Архітэктурны праект навучальнага корпусу з інтэрнатам распрацаваў «Інстытут Белдзяржпраект». Галоўная інжынэрка праекту — Юлія Серада. Праекты басэйну і кантрольна-прапускнога пункту выканала прыватнае прадпрыемства «Гомельінтэрпраект». Галоўным архітэктарам праекту навучальнага корпусу з інтэрнатам пазначаны архітэктар «Інстытуту Белдзяржпраект» Валеры Куцко. У 2012 год ён атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі за стварэньне «Менск-Арэны», а сярод ягоных праектаў — спэцыялізаваны ліцэй МУС на вуліцы Стаханаўскай, 13 і сярэдняя школа міліцыі на 500 навучэнцаў на вуліцы Філімонава.
У «Гомельінтэрпраекце» Свабодзе адказалі, што пры праектаваньні іхнай часткі «нічога не прадугледжвалася» ў сувязі з тым, што яны забудоўваюць тэрыторыю гістарычных могілак.
Інфармацыя «абмежаваная»: што ўлады кажуць пра будоўлю
Пра ўказ Лукашэнкі, які даваў «паслабленьні» для будоўлі, Свабода даведалася ад галоўнай інжынэркі праекту Юліі Серады. Аднак у Менгарвыканкаме і Міністэрстве культуры, куды журналіст таксама зьвяртаўся па тлумачэньні, канкрэтнага дакумэнту не назвалі.
Юлія Серада атрымлівае у 2025 годзе падзяку ад кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату. Як супрацоўніца «Інстытуту Белдзяржпраект» яна таксама ўдзельнічала ў праекце рэканструкцыі храма Аляксандра Неўскага ў Менску
ЯК МЫ АТРЫМАЛІ ІНФАРМАЦЫЮ
Ад 2021 году, калі Радыё Свабода прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем», мы не атрымліваем афіцыйных адказаў на пытаньні, якія накіроўваем уладам Беларусі. Таму, каб атрымаць афіцыйнае пацьверджаньне нашых высноваў і дадатковую інфармацыю пра будаўніцтва, якая паводле беларускага заканадаўства павінна быць дасяжная грамадзкасьці, наш карэспандэнт у тэлефонных размовах з чыноўнікамі называўся мясцовым жыхаром. Гэтаксама па такую інфармацыю можа зьвярнуцца любы грамадзянін.
У размове з былым міністрам культуры карэспандэнт Свабоды таксама прадставіўся студэнтам-юрыстам, бо праз статус Свабоды ў Беларусі былы чыноўнік не пагадзіўся б размаўляць з намі.
Начальніца ўпраўленьня горадабудаўніцтва, рэгуляваньня забудовы і горадабудаўнічага кантролю камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму Натальля Балотнікава паведаміла, што інфармацыя пра аб’ект «абмежаваная». Калі журналіст згадаў, што ў знойдзеных дакумэнтах пазначаная Акадэмія нацыянальнай бясьпекі, яна адказала: «Ну вось, вы амаль зразумелі, якога кшталту аб’ект там разьмешчаны». Пасьля дадала: «Я ня ведаю. Адразу магу сказаць. Ведаю толькі, што інфармацыя гэтая абмежаваная».
Балотнікава заявіла, што будаўніцтва вядзецца ў адпаведнасьці з заканадаўствам. «Ёсьць дакумэнт, на падставе якога там вядзецца будаўніцтва», — сказала яна, але не назвала яго і прапанавала накіраваць пісьмовы зварот у адміністрацыю раёну.
Чыноўніца таксама дапусьціла, што для будоўлі могуць быць прадугледжаныя асаблівыя ўмовы ці захады, зьвязаныя з гістарычна-культурнай каштоўнасьцю тэрыторыі і магчымымі пахаваньнямі. Аднак пра іх выкананьне сказала толькі: «Я думаю, мяркую, што ўсе гэтыя захады выконваюцца».
Начальніца ўпраўленьня аховы гістарычна-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ірына Дашчынская патлумачыла, што ведамства не ўзгадняе новае будаўніцтва, у тым ліку пракладку інжынэрных сетак. Пры гэтым, паводле яе, праектная дакумэнтацыя і будаўнічыя працы павінны адпавядаць патрабаваньням праекту зонаў аховы. Сачыць за гэтым мусяць мясцовыя органы ўлады і праектная арганізацыя.
Дашчынская ўдакладніла, што міністэрства ўдзельнічае ва ўзгадненьні пытаньняў адводу зямельных участкаў пад будаўніцтва ці перакладку сетак. Аднак якія ўзгадненьні праходзіў аб’ект на Залатой Горцы, яна не паведаміла і параіла зьвярнуцца да замоўцы і распрацоўніка праекту: «Удакладніце ў іх, якая ў іх дазвольная дакумэнтацыя і з кім яны што ўзгаднялі. У кожным разе нейкае рашэньне гораду павінна быць».
Зьвярнуліся мы і да былога міністра культуры Руслана Чарнецкага, які ўзначальваў ведамства з 2 сьнежня 2024 да красавіка 2026 году. На пытаньне, ці прымаў ён рашэньні аб гэтай будоўлі (дамова з «Інстытутам Белдзяржпраект» на распрацоўку праектнай дакументацыі будоўлі падпісаная 20 сьнежня 2024 году), Чарнецкі адказаў: «Я шмат розных рашэньняў прымаў, калі быў міністрам культуры. Але я не магу вам цяпер па тэлефоне нічога камэнтаваць».
Апытаныя чыноўнікі таксама не патлумачылі, як абыходзіліся з чалавечымі парэшткамі, якія маглі быць выяўленыя пры земляных працах.
«Зьнявага як памерлых, так і жывых»
«Могілкі ёсьць могілкі. Там ніхто нічога не зьбіраўся будаваць», — пракамэнтаваў Свабодзе беларускі нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі. У 1990-я гады ён быў сябрам камісіі культуры Менскага гарадзкога савету і, як успамінае, знаёміўся з плянамі пераўтварэньня гэтай тэрыторыі. Тады ўчастак былых могілак каля касьцёлу не плянавалі забудоўваць.
«Усе разумелі, што хоць гэта і цэнтар гораду, для забудоўцаў, для камэрсантаў ці для гарадзкіх і дзяржаўных структураў гэта быў ласы кавалак зямлі, але тым ня менш яна па змоўчаньні заставалася за касьцёлам», — кажа Бяляцкі.
Ён нагадвае, што тэрыторыя мела мэмарыяльнае значэньне, тут знаходзілі надмагільлі. Разьмяшчэньне на гэтым месцы навучальнага корпусу КДБ Бяляцкі лічыць асабліва цынічным, зьвяртаючы ўвагу на перасьлед Каталіцкай царквы органамі дзяржаўнай бясьпекі.
«Усё гэта выглядае вельмі цынічна. Гэта няправільна проста», — кажа ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Беларусізацыя» Касьцёла. Чаму з пачатку года з краіны выслалі каля 20 польскіх ксяндзоўАрхітэктар-рэстаўратар, які пракамэнтаваў будоўлю на ўмовах ананімнасьці, зьвяртае ўвагу на тое, што страты для спадчыны не абмяжоўваюцца перакапанай тэрыторыяй могілак. Новы комплекс зьмяняе і ўспрыманьне самога касьцёлу.
«Помнік гісторыі не абмяжоўваецца толькі сваімі сьценамі», — кажа ён.
Паводле экспэрта, нават пасьля дзесяцігодзьдзяў савецкай забудовы касьцёл заставаўся галоўным аб’ектам унутры кварталу. Незабудаваная тэрыторыя былых могілак дазваляла захаваць ягонае гістарычнае асяродзьдзе. Касьцёл і могілкі складалі адзіны комплекс. Цяпер, на думку суразмоўцы, гэтая цэласнасьць разбураная: вялікі будынак на заднім пляне мяняе маштаб і характар успрыманьня сьвятыні.
Так выглядаў сквэр ля касьцёла Сьвятога Роха ўвесну 2020 году
Яшчэ адна страта для гораду — магчымасьць атрымаць адкрытую грамадзкую прастору. Замест сквэру, прадугледжанага дэталёвым плянам, тут узводзяць агароджаны комплекс з кантрольна-прапускным пунктам.
«У сутнасьці мы атрымалі яшчэ адзін рэжымны аб’ект у цэнтры гораду», — кажа архітэктар.
Для парафіяніна Паўла Хадзінскага Залатагорскія могілкі зьвязаныя і з гісторыяй ягонай уласнай сям’і. Паводле яго, тут пахаваны ягоны сваяк — ксёндз Валенты Манкевіч, які жыў у XIX стагодзьдзі. Хадзінскі бачыў каля касьцёлу надмагільную пліту Манкевіча.
«Я проста рабіў здымкі тых камянёў, якія захаваліся», — згадвае ён. Толькі празь некалькі гадоў, дасьледуючы свой радавод, Хадзінскі даведаўся пра род Манкевічаў і зьвязаў імя на пліце з гісторыяй сям’і. Дакладнае месца пахаваньня сваяка застаецца яму невядомым.
Хадзінскі наведваў касьцёл зь дзяцінства. Ён памятае парафіяльнае сьвята, калі ля сьвятыні адкрылі дзіцячую пляцоўку і пачалі парадкаваць тэрыторыю. Вернікі спадзяваліся, што вакол касьцёлу зьявіцца сад, месца адпачынку і заняткаў для дзяцей. Цяпер, кажа Павел, там, дзе раней праходзілі крыжовы шлях і працэсія Божага Цела, стаіць гмах будоўлі.
«Калі зьнішчаюцца могілкі хрысьціянскія, гэта зьнявага як памерлых, так і жывых», — кажа Хадзінскі.
Ён лічыць, што парафія павінна ведаць пра лёс чалавечых парэшткаў на тэрыторыі будоўлі, а памяць пахаваных тут людзей трэба ўшанаваць.
«Павінен быць зразумелы мэмарыял, павінна быць хрысьціянскае перапахаваньне тых людзей, якія знайшліся пад каўшамі экскаватараў. Таму гэта выглядае вельмі ганебна і непрымальна», — кажа ён.