Чым займаецца кіпрская фірма, зь беларускай дырэктаркі якой ЗША зьнялі пэрсанальныя санкцыі

Лукашэнка наведвае вытворчасьць аўтаматаў беларускай кампаніі «Кідма Тэк», якую зьвязваюць з кіпрскай Centuronic Ltd.

Міністэрства фінансаў ЗША 30 верасьня 2026 году выключыла з свайго санкцыйнага сьпісу беларуску Тацьцяну Пратаповіч, дырэктарку кіпрскай Centuronic Ltd. Пратаповіч была ў сьпісе зь вясны 2024-га.

Аб тым, што 30-гадовую Тацьцяну Пратаповіч выключылі з амэрыканскіх санкцыйных сьпісаў стала вядома з афіцыйнага паведамленьня Міністэрства фінансаў, апублікаванага 30 верасьня. Пад санкцыямі ЗША дырэктарка кіпрскай кампаніі Centuronic Ltd была зь вясны 2024-га, на момант уключэньня ў амэрыканскія «чорныя сьпісы» беларусцы было 28 гадоў.

Пра самую Тацьцяну з амэрыканскіх крыніц вядома няшмат. Акрамя даты нараджэньня і некалькіх варыянтаў напісаньня прозьвішча, паведамляюць толькі, што яна зарэгістраваная ў Менску, на праспэкце Дзяржынскага.

Паводле зьвестак амэрыканскага Міністэрства фінансаў, кіпрская кампанія Centuronic Ltd зьвязаная з ірацкай Black Shield Company, якая можа займацца гандлем зброяй, у тым ліку набытай у падсанкцыйнага беларускага вытворцы «Кідма Тэк». Апошні вядомы вытворчасьцю мадыфікаванай вэрсіі аўтамата Калашнікава, якую нядаўна ўрачыста падарылі Лукашэнку, назваўшы айчыннай распрацоўкай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнку падарылі «цалкам беларускі» аўтамат. Што пра яго вядома

Centuronic Ltd зарэгістраваная на Кіпры, у горадзе Пафас, у 2018 годзе. Тацьцяне Пратаповіч на той момант было каля 22 гадоў. Акрамя яе, амэрыканскія органы падазраюць у датычнасьці да незаконнага гандлю зброяй чалавека па імені Самэр Рая (Samer Rayya), ён пазначаны ў санкцыйных дакумэнтах як сакратар. Паводле зьвестак Міністэрства фінансаў ЗША, грамадзянін Лібану Рая адказны за арганізацыю незаконнай сеткі гандлю зброяй і абыходу санкцыяў, ён жа адзін з фактычных кіраўнікоў ірацкай Black Shield Company. Паводле інфармацыі амэрыканскіх органаў, Самэр Рая можа быць датычны да незаконнага гандлю беларускай зброяй. Акрамя санкцыйнага сьпісу, ён знаходзіцца ў сьпісе вышуку ФБР.

Лукашэнка падчас наведваньня вытворчасьці зброі беларускай кампаніі "Кідма Тэк", якая знаходзіцца ў санкцыйным спісе ЗША, 18 жніўня 2026

Паводле зьвестак амэрыканскіх праваахоўных органаў, беларуская кампанія «Кідма Тэк» мае сувязі з ірацкай Black Shield Company яшчэ з 2015 году. Разам яны стваралі фірмы для прыкрыцьця гандлю зброяй і яе кампанэнтамі ў розных кутках сьвету. Імаверна, адной з такіх структураў і ёсьць кіпрская Centuronic Ltd, дырэктаркай якое паводле рэгістрацыйных дакумэнтаў пазначаная беларуска Тацьцяна Пратаповіч.

У Беларусі «Кідма Тэк», якая ўваходзіць у структуру дзяржаўнага Вайскова-прамысловага камітэту, займаецца вытворчасьцю стралецкай зброі, вайсковай оптыкі, рамонтам і наладкай сыстэмаў ракетнага залпавага агню, бранятэхнікі і вайсковай робататэхнікі. Акрамя гэтага, у кампаніі ёсьць афіцыйны цэнтар выпрабаваньняў пораху і цьвёрдага ракетнага паліва. Лукашэнка наведваў вытворчасьць «Кідма Тэк» у жніўні 2026 году.

Кіпрская Centuronic Ltd, як і беларуская «Кідма Тэк», надалей застаюцца пад амэрыканскімі санкцыямі. Прычыны выключэньня з «чорных сьпісаў» дырэктаркі Centuronic Ltd Тацьцяны Пратаповіч невядомыя, інфармацыі пра гэта ў адкрытых крыніцах няма. Свабода зьвярнулася ў Мінінстэрства фінансаў ЗША з пытаньнем, на якой падставе Пратаповіч выключылі з санкцыйнага сьпісу. Мы апублікуем адказ, як толькі яго атрымаем.