У Менску пачалі ўключаць ацяпленьне ў жыльлёвым фондзе, інтэрнатах, агульнагарадзкіх лазьнях, тэатрах, паведаміў Менскі гарвыканкам.
Гарадзкія ўлады прынялі такое рашэньне з улікам прагназаванага пахаладаньня, якое прыйдзе ў Беларусь на наступным тыдні.
У Менгарвыканкаме зьвярнулі ўвагу на тое, што падача цяпла ў жыльлёвы фонд адбываецца не ў адзін момант. Пуск займае 3-5 дзён.
Леташні ацяпляльны сэзон паставіў рэкорд
У Міністэрстве энэргетыкі ў траўні заявілі пра надзвычайна доўгі ацяпляльны сэзон у краіне. Паводле кіраўніка ведамства Дзяніса Мароза, ацяпляльны сэзон доўжыўся 220 дзён, адразу на 15 дзён больш за папярэдні.
Чыноўнік нагадваў, што мінулаю зімою Беларусь на працяглы пэрыяд зазнала дзеяньня вельмі нізкіх тэмпэратураў.
«У выніку ў Беларусі быў пабіты рэкорд спажываньня, пікавай нагрузкі электрычнай энэргіі ў энэргасыстэме. Ён склаў больш за 7,3 тыс. МВт. Гэта найбольшая велічыня за ўвесь пэрыяд незалежнасьці нашай дзяржавы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Тэмпэратура ў Беларусі перакрыла лічбы 72-гадовай даўніны. Пры гэтым ацяпляльны сэзон таксама паставіў рэкордШто гэта значыць?
Новы ацяпляльны сэзон стане вялікім выпрабаваньнем для камунальнай гаспадаркі Беларусі. Мінулаю зімою ў краіне былі шматлікія здарэньні на цеплатрасах і зьвязаных з ацяпленьнем магутнасьцях.
На пэўны час заставаліся без гарачай вады і ацяпленьня асобныя раёны і цэлыя гарады. У прыватнасьці, цяжкасьцяў зазналі Клецак, Барысаў, Жодзіна, Менск, Гомель.