Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэмпэратура ў Беларусі перакрыла лічбы 72-гадовай даўніны. Пры гэтым ацяпляльны сэзон таксама паставіў рэкорд

Рамонт цеплатрасы ў Клецку, студзень 2026 году
Рамонт цеплатрасы ў Клецку, студзень 2026 году

Доўгія халады рэзка зьмяніліся ў краіне сьпякотным надвор’ем у пачатку траўня.

6 траўня ў Беларусі тэмпэратура паветра перакрыла рэкорд дня 72-гадовай даўніны. А 15-й гадзіне ў Лельчыцах паветра прагрэлася да 30,1 градуса. Ранейшы максымум — 29,4 градуса 6 траўня быў зафіксаваны 72 гады таму, у 1954 годзе ў Берасьці.

Згодна з прагнозам Белгідрамэту, у найбліжэйшыя трое содняў чакаецца кантраснае надвор’е. Калі 7 траўня прагназуюць да 30 градусаў, дык ужо 9 траўня толькі 21 градус.

Пры гэтым у міністэрстве энэргетыкі заявілі пра надзвычайна доўгі ацяпляльны сэзон у краіне. Паводле кіраўніка ведамства, ацяпляльны сэзон доўжыўся 220 дзён, адразу на 15 дзён больш за папярэдні. Пра гэта Дзяніс Мароз расказаў тэлеканалу «Першы інфармацыйны».

Чыноўнік нагадаў, што гэтаю зімою Беларусь на працяглы пэрыяд зазнала дзеяньня вельмі нізкіх тэмпэратураў.

«У выніку ў Беларусі быў пабіты рэкорд спажываньня, пікавай нагрузкі электрычнай энэргіі ў энэргасыстэме. Ён склаў больш за 7,3 тыс. МВт. Гэта найбольшая велічыня за ўвесь пэрыяд незалежнасьці нашай дзяржавы».

Таксама Мароз патлумачыў, што ацяпленьне адключаюць не ў адзін дзень і не па ўсёй краіне адразу. Рашэньне прымаюць з улікам тэмпэратуры паветра: яна павінна дастаткова доўга трымацца вышэй за 8 градусаў. Пры гэтым пасьля адключэньня сыстэма не перастае працаваць цалкам. Абсталяваньне пераводзяць на мінімальныя нагрузкі, каб пры патрэбе ацяпленьне можна было хутка ўключыць зноў.

Аварыі на цеплатрасах

Летась такая патрэба якраз паўстала — на зьмену пацяпленьню вярталіся нізкія тэмпэратуры.

Нагадаем, што ў першую чаргу да ацяпленьня падключаюць дзіцячыя садкі і школы, а затым ужо ідуць іншыя ўстановы і жылыя дамы.

Свабода ўважліва сачыла за станам цепласетак у Беларусі. За гэтую зіму на іх адбылося шмат аварый, якія парою надоўга пакідалі жыхароў без цёплых батарэй і гарачай вады.

Напрыклад, у студзені ў Клецку прарвала трубы, пракладзеныя яшчэ ў 1974 годзе. Горад два дні заставаўся без гарачае вады. Таксама ў тым месяцы дзясяткі жылых дамоў засталіся без ацяпленьня ў Смалявічах праз разрыў на трубаправодзе.

У лютым пацярпела ўжо калёнія ў «Воўчых норах», дзе ўтрымліваюць многіх палітычных зьняволеных — там разарвала трубаправодную сыстэму, і ў час рамонту значна зьнізілася тэмпэратура ў будынках калёніі.

Таксама ўзімку ў час моцных халадоў адбываліся аварыі і ў іншых гарадах — з такой прычыны заставаліся без гарачай вады і ацяпленьня цэлыя раёны ў Гомлі, Жодзіне, Менску і Барысаве.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG