«Сёньня Злучаныя Штаты і нашы партнэры ў кааліцыі афіцыйна завяршылі апэрацыю „Ўласьцівая рашучасьць“ у Іраку ў адпаведнасьці з супольнай заявай ЗША і Іраку ад верасьня 2024 году і нацыянальнымі інтарэсамі ЗША», — гаворыцца на афіцыйным сайце Пэнтагону.
Упарадкаваны вывад сілаў і абсталяваньня кааліцыі з авіябазы ў Эрбілі азначае пасьпяховае завяршэньне ваеннай місіі, якая перамагла ІД у Іраку, дадалі ў ведамстве.
«Гэтая важная падзея адлюстроўвае посьпех 12-гадовай кампаніі, якая перамагла ІД як арганізаваную ваенную пагрозу ў Іраку і ўва ўсім рэгіёне. Яна таксама азначае пераход ад кааліцыйнай місіі ваеннага часу да ірацкіх намаганьняў забесьпечыць бясьпеку, падтрыманых двухбаковымі адносінамі ў галіне бясьпекі».
Амэрыканцы чакаюць, што ірацкія сілы бясьпекі, у тым ліку «Пэшмэрга» і іншыя аддзелы ў Ірацкім Курдыстане ўзначаляць працяглыя намаганьні гарантаваць бясьпеку Іраку і здушыць рэшткі тэрарыстаў «Ісламскай дзяржавы».
Міністэрства вайны ЗША паабяцала працягваць мэтанакіраваную падрыхтоўку і выведвальную падтрымку ірацкім партнэрам.
«Асноўная адказнасьць за разьвязаньне астатніх праблемаў бясьпекі Іраку, у тым ліку рэштак ІД і зьвязаных з Іранам апалчэньняў, якія падрываюць сувэрэнітэт Іраку і рэгіянальную стабільнасьць, цяпер ляжыць на ўрадзе Іраку», — адзначылі ў Пэнтагоне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў аб ліквідацыі аднаго зь лідэраў тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава»Некаторыя вынікі апэрацыі
Па стане на 18 верасьня 2026 году Пэнтагон паведамляў, што ў Іраку ў час апэрацыі „Ўласьцівая рашучасьць“ загінулі 123 амэрыканскія жаўнеры. Пры гэтым у студзені 2025 году амэрыканцы ў сваёй статыстыцы паведамлялі, што непасрэдна з варожымі дзеяньнямі зьвязаныя толькі 23 выпадкі гібелі жаўнераў.
Пры гэтым апэрацыя праходзіла ня толькі на тэрыторыі Іраку. У яе былі розным чынам залучаныя ААЭ, Бахрэйн, Кіпар, Эгіпэт, Ізраіль, Ярданія, Кувэйт, Лібан, Катар, Саудаўская Арабія, Сырыя, Турэччына.
Пачалася апэрацыя ў жніўні 2014 году пасьля таго, як баевікі «Ісламскай дзяржавы» захапілі вялікія абшары ў Іраку і Сырыі. Хаўрусьнікамі амэрыканцаў у баях сталі, акрамя ўрадавых войскаў Іраку, байцы курдзкай мілітарнай арганізацыі «Пэшмэрга». Агулам менавіта мясцовыя сілы прынялі на сябе асноўны цяжар баёў, пік якіх прыпаў на 2014-2017 гады.
У выніку ісламістаў удалося выбіць з занятых тэрыторый, там зноў запанавалі ўрадавыя сілы.