Дональд Трамп 28 верасьня вылучыў Джона Коўла на пасаду свайго спэцыяльнага пасланьніка ў справах закладнікаў у рангу і статусе амбасадара.
Цяпер ягоную кандыдатуру мае разгледзець Сэнат.
З 10 лістапада 2025 году Коўл займае пасаду спэцпасланьніка прэзыдэнта ЗША па Беларусі, а ўпершыню прыехаў на перамовы ў Менск 21 чэрвеня таго ж году.
Тыдзень таму, 22 верасьня, у у эфіры незалежнага расейскага тэлеканала «Дождь» Коўл заявіў, што зьбіраецца таксама займацца вызваленьнем расейскіх палітвязьняў і ўкраінскіх палонных.
«Так, цяпер мы пачынаем працаваць над тэмай расейскіх зьняволеных. І, дарэчы, над пытаньнем украінскіх палонных таксама. У абедзьвюх краінах ёсьць цывільныя асобы, якія знаходзяцца ў палоне, і цяпер мы рыхтуем пэўныя прапановы. Натуральна, я працую ў кантакце са Стывам Ўіткафам, бо менавіта Ўіткаф займаецца Расеяй», — сказаў ён.
Паводле Коўла, сьпісы палітычных зьняволеных у яго «ёсьць», але пакуль ён ня будзе іх агучваць.
«Я хацеў бы займацца гэтым пытаньнем больш шчыльна і, у прынцыпе, зьбіраюся гэта рабіць. Я лічу, што надзея ёсьць. Гэтак жа, як, напрыклад, у Беларусі ёсьць надзея на вызваленьне палітвязьняў, думаю, што і ў Расеі таксама ёсьць надзея. <...> Мне здаецца, гэта дапамагло б у пляне адносінаў паміж дзьвюма краінамі, але я ня ведаю, ці пойдзе Пуцін на гэта», — адзначыў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ці магчымая «вялікая калійная зьдзелка» паміж Беларусьсю і ЗША. У пытаньнях і адказахМісія Джона Коўла
Па выніках перамоў Коўла і Лукашэнкі 16 верасьня ў Менску было вызвалена 25 палітвязьняў. Усе яны былі вывезеныя ў Літву (дзесяцёра пасьля перабраліся ў Польшчу). У адказ ЗША зьнялі санкцыі з канцэрну «Беллеспаперпрам» і ААТ «Лакафарба».
Раней у інтэрвію тэлеканалу «Дождь» Коўл на пытаньне, ці размаўляе ён з Аляксандрам Лукашэнкам пра дэмакратызацыю, пра тое, ці зьбіраецца той нейкім чынам мяняць пазыцыю ў дачыненьні да грамадзян Беларусі, заявіў:
«На гэты момант не. Пакуль я такое пытаньне зь ім не ўздымаў. Можа быць, у будучыні калі-небудзь уздыму. Я ўздымаў пытаньне пра палітычных вязьняў, але пытаньні ўнутранай палітыкі — не».
Працэс масавага вызваленьня палітвязьняў у выніку перамоваў Аляксандра Лукашэнкі з адміністрацыяй Дональда Трампа пачаўся з 2025 году.
У жнівеньскім інтэрвію «Голасу Амэрыкі» Джон Коўл заявіў, што «мы дамагліся вызваленьня пяцісот чалавек, потым былі памілаваныя яшчэ каля дзьвюхсот».
«Так што рэальная лічба складае прыкладна 700–800 чалавек. Спадзяюся неўзабаве давесьці яе да тысячы», — сказаў пасланьнік.
З улікам вызваленьня 16 верасьня грамадзкасьці вядома пра 671 вызваленага за два гады, але ня ўсе зь іх палітвязьні.