Дыплямат, вядомы сваімі рэзкімі выказваньнямі на адрас Украіны, сышоў у адстаўку. Лукашэнка падпісаў указ

Андрэй Дапкюнас. Архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, згодна зь якім вызваліў Андрэя Дапкюнаса ад пасады надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Беларусі ў Аўстрыі і па сумяшчальніцтве ў Славеніі, сталага прадстаўніка Беларусі пры міжнародных арганізацыях у Вене і па сумяшчальніцтве пры АБСЭ.

Як адзначаецца ў паведамленьні на сайце Лукашэнкі, яго звольнілі «у сувязі з выхадам у адстаўку».

У той жа час не паведамляюць дэталяў — дыплямат сам напісаў адпаведную заяву ці гэта было ўласнае рашэньне Лукашэнкі.

У апублікаваным на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі ўказе адзначаецца, што Дапкюнаса звольнілі, згодна з пунктам 1.8 часткі 1 артыкулу 46 закону аб дзяржаўнай службе — адстаўка.

З чым можа быць зьвязана адстаўка

Сёлета 11 красавіка Андрэю Дапкюнасу споўнілася 63 гады. На вышэйзгаданыя пасады Лукашэнка прызначыў яго ў 2020 годзе.

Дыпляматы ў Беларусі ўваходзяць у пералік дзяржаўных служачых і згодна з законам «Аб дзяржаўнай службе» павінны выходзяць на пэнсію ў 63 гады. У той жа час дасягненьне гэтага ўзросту не азначае аўтаматычнага звальненьня. У выпадку, калі кіраўніцтва зацікаўлена ў досьведзе канкрэтнага дыплямата зь ім працягваюць кантракт адмысловым рашэньнем.

Чым вядомы Дапкюнас

Сёлета ў чэрвені падчас свайго выступу на пасяджэньні Пастаяннай рады АБСЭ Андрэй Дапкюнас, гаворачы пра ўльтыматум Уладзіміра Зяленскага наконт выкарыстаньня Расеяй рэтрансьлятараў у Беларусі для абстрэлаў Украіны, сарваўся на абразы. Ён запатрабаваў ад хаўрусьнікаў Украіны «трымаць сваіх кіеўскіх гадаванцаў пад кантролем».

Пры гэтым з вуснаў Дапкюнаса прагучала менавіта слова «ўльтыматум», а вось вайну, якую пачала Расея, менскі дыплямат назваў «ваеннай апэрацыяй».

«Тыдзень таму, натхнёны падбухторніцкімі зносінамі зь безмандатнай эўрапейскай „тройкай“ і вялікай глябальнай „сямёркай“, кіраўнік фактычнага кіраўніцтва Ўкраіны выставіў Беларусі ўльтыматум. Упершыню за чатыры з паловай гады з пачатку ваеннай апэрацыі ва Ўкраіне чалавек, які прыйшоў да сваёй пасады на абяцаньні народу Ўкраіны ўрэгуляваць адносіны з Расеяй, адкрыта пагражае прымяненьнем ваеннай сілы краіне, якая не зьяўляецца бокам канфлікту.

Апошнімі днямі ўвесь сьвет самазабыўна спрабуе адчуць усё хараство трапнай характарыстыкі „містэр Бін пад крэкам“. Трагедыя ў тым, што сьмешнае ў гэтым выпадку не выклікае ўсьмешкі. Гэта хутчэй сьмех скрозь сьлёзы. У Беларусі, калі ў кагосьці яны і былі, расьсеяліся апошнія ілюзіі адносна таго, што суседняй дзяржавай кіруюць адказныя дзяржаўныя дзеячы, якіх сапраўды турбуе дабрабыт свайго народу», — сказаў ён.

На гэтым прамова Дапкюнаса ня скончылася, ён успомніў і атаку на беларускі аўтобус зь дзецьмі з футбольнай школы, у якім адзін чалавек загінуў, а васьмёра атрымалі траўмы. Расейская прапаганда і ўлады Беларусі вінавацяць у нападзе Ўкраіну, афіцыйны Кіеў раней заявіў пра недатычнасьць да трагедыі і абвінаваціў Расею ў правакацыі.

«Заходнім калегам заўсёды некамфортна, калі Беларусь і Расея і дзясяткі іншых дзяржаваў кажуць пра неабходнасьць барацьбы з нэанацызмам, які падымае галаву. Вы працягнеце настойваць, што нашыя асьцярогі надуманыя? У Кіеве кажуць пра пагрозу з боку Беларусі, але на заклік Беларусі даць ацэнку нападу ўкраінскага дрону на аўтобус зь беларускімі дзецьмі ў Бранскай вобласьці ўкраінскія ўлады не знайшлі нічога лепшага, чым выкарыстоўваць апошні аргумэнт хітрых махінатараў: „Я ня я, і кабыла не мая“», — сказаў ён.

Завяршыў сваю прамову Дапкюнас доўгім зваротам да эўрапейскіх палітыкаў і заклікам:

«...Паважаныя сябры ўкраінскага кіраўніцтва (але не Ўкраіны), дзеля ўласнай бясьпекі і дабрабыту трымайце сваіх кіеўскіх гадаванцаў пад кантролем і, пакуль ня позна, думайце, паважаныя калегі, думайце».

Раней Дапкюнас ужо пагражаў выкарыстаньнем ядзернай зброі, а гэтым разам выказаў пагрозу бяз згадкі расейскай ядзернай магутнасьці.

Выступ Дапкюнаса адразу ж апублікавала дзяржаўнае агенцтва БелТА, а таксама газэта адміністрацыі Лукашэнкі «СБ — Беларусь сегодня». Аднак неўзабаве яны выдалілі матэрыялы з сваіх старонак. Прычына невядомая, можна толькі думаць, што паступіў загад зьверху не публікаваць занадта рэзкіх выказваньняў.

Украінскі бок не камэнтаваў словаў Дапкюнаса.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прадстаўнік Беларусі пры АБСЭ абразіў Зяленскага. «СБ» і БелТА выдалілі навіну пра гэтаУсяго тры паслы ў краінах Эўразьвязу. Беларускіх амбасадараў зьнялі ў 15 краінах ЭЗ і не прызначылі новыхВіцэ-сьпікер парлямэнту Славаччыны пасьля сустрэчы з амбасадарам Беларусі назваў санкцыі адносна Менску «абсурднымі» Як Ціханоўская спрабавала пагутарыць з прадстаўніком Лукашэнкі на сустрэчы Рады міністраў АБСЭ ў Лодзі. ФАТАФАКТ