У Польшчы за падрыхтоўку дывэрсіі асудзілі грамадзяніна Беларусі

Акруговы суд у Любліне

Грамадзяніна Беларусі Віталя С. прызналі вінаватым у падрыхтоўцы на замову замежнай выведкі дывэрсіі — падпалу складу ў Хэлме. 28 верасьня Акруговы суд Любліна пакараў яго трыма з паловай гадамі зьняволеньня, перадае «Радыё Люблін».

Паводле прадстаўніцы суду, падпал складу абвінавачаныаму замовіла неўсталяваная асоба. Мужчына зьняў склад на відэа, сабраў пра яго інфармацыю і пераслаў яе замоўцу, за што атрымаў каля 1500 злотых у крыптавалюце. Сьледзтва палічыла гэта падрыхтоўкай да дывэрсіі і сабатажу.

На гэткую ж суму суд аштрафаваў пакаранага, і ў дадатак на 9 гадоў забараніў яму займаць дзяржаўныя пасады, а таксама ўдзельнічаць у выбарах і галасаваць на іх.

27-гадовага Віталя С. затрымалі ў Варшаве 13 жніўня 2025 году. Ад таго часу ён быў пад вартай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Польшчы адбыўся пажар на наземнай станцыі Starlink, якая забясьпечвае інтэрнэтам Украіну. Падазраюць дывэрсію

Што папярэднічала

За апошнія гады краіны Эўрапейскага Зьвязу неаднаразова фіксавалі спробы дывэрсіяў і падпалаў прамысловых і лягістычных аб’ектаў. Паводле дакладу незалежнага Цэнтру аналізу эўрапейскай палітыкі , расейскія агенты

  • зьнішчаюць і падрываюць крытычна важную інфраструктуру,
  • парушаюць працу авіяцыйных і энэргетычных сыстэмаў,
  • пранікаюць у лічбавыя сеткі,
  • сочаць за вайсковымі аб’ектамі
  • і ўчыняюць замахі на палітыкаў, бізнэсоўцаў і вайскоўцаў.

Таксама ў небе эўрапейскіх краін выяўлялі дроны над аэрапортамі, вайсковымі базамі і прамысловымі прадпрыемствамі.

Улады Нямеччыны заявілі, што падазраюць Расею ў арганізацыі такіх інцыдэнтаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

МЗС як рупар ідэалёгіі: што паказаў выступ Рыжанкова ў ААН

Хроніка рэзанансных інцыдэнтаў у Эўропе

2023 год. У Польшчы выкрылі агентурную сетку, якая працавала на расейскія спэцслужбы: назірала за чыгуначнымі маршрутамі і крытычнай інфраструктурай ды рыхтавала дывэрсіі.

Сакавік-2024. У Лёндане падпалілі склад з гуманітарнай дапамогай і абсталяваньнем Starlink для Ўкраіны.

Красавік-2024. Падпал будаўнічага гіпэрмаркету OBI ў Варшаве. Польская пракуратура назвала гэта актам сабатажу на замову расейскай выведкі. У Нямеччыне ў тым жа месяцы затрымалі двух нямецка-расейскіх грамадзян, якіх абвінавацілі ў падрыхтоўцы дывэрсій.

Травень-2024. Падпал IKEA ў Вільні і гандлёвага цэнтру Marywilska ў Варшаве. Паводле сьледчых, за падапаламі стаіць арганізаваная сетка, створаная ў інтарэсах расейскіх спэцслужбаў. Тая ж сетка рыхтавала падпал IKEA ў Рызе, але выканаўцу затрымалі да нападу. У тым жа месяцы былі падпаленыя два склады будаўнічых матэрыялаў — у Варшаве і Радаме. Агенцыя ўнутранай бясьпекі заявіла, што выканаўца атрымліваў інструкцыі ад асобы, зьвязанай з расейскімі спэцслужбамі.

Ліпень-2024. У трох краінах Эўропы адбылася сэрыя ўзгараньняў пасылак з запальнымі прыладамі: у Ляйпцыгу, у грузавіку ў Польшчы і на складзе DHL у Бірмінгеме. Яшчэ адна прылада ў Польшчы не спрацавала». Паводле літоўскай пракуратуры, апэрацыю арганізоўвалі і каардынавалі грамадзяне Расеі, зьвязаныя з расейскай выведкай.

Лістапад-2025. На чыгунцы Варшава — Люблін, якая выкарыстоўваецца ў тым ліку для перавозкі дапамогі Ўкраіне, адбыліся дзьве дывэрсіі.

Сьнежань-2025. Польшча зазнала маштабную кібэрдывэрсію супраць энэргетычнай сыстэмы.

4 жніўня 2026 году. Супрацоўнік ляйпцыгскага аэрапорту знайшоў дрон каля ўкраінскага самалёта Ан-124. У той жа дзень грузавы самалёт DHL сутыкнуўся, як лічыць сьледзтва, з дронам пасьля ўзьлёту з таго ж аэрадрому. МУС і МЗС Нямеччыны ўсклалі адказнасьць на Расею.

14 жніўня ў полі на захад ад гэтага аэрапорту знайшлі яшчэ адзін дрон, а побач зь ім — 50 грамаў, як мяркуецца, гексагену.

21 жніўня стала вядома, што ў лесе пад Бэрлінам яшчэ год таму знайшлі схаваную зброю, якая магла прызначацца для расейскіх агентаў. Нямецкія спэцслужбы з таго часу назіралі за гэтым месцам, аднак за год па зброю ніхто не прыйшоў. Süddeutsche Zeitung піша, што ўвосень 2025 году ў Румыніі затрымалі падазраванага ў датычнасьці да арганізацыі гэтага схову.

25 жніўня на ўсходзе Славаччыны прадухілілі спробу падпалу заводу па вытворчасьці дронаў. Затрыманыя трое замежнікаў.

31 жніўня у Польшчы адбыўся пажар на заводзе дронаў. Пракуратура ўсчала справу «паводле факту ўдзелу ў дзейнасьці замежнай выведкі супраць Рэспублікі Польшча і ўчыненьня злачынства тэрарыстычнага характару».

1 верасьня на ўсходзе і захадзе Нямеччыны наўмысным кароткім замыканьнем былі пашкоджаныя лініі электраперадачы, спынялася падача электрычнасьці.

Расея адмаўляе сваю датычнасьць да такіх інцыдэнтаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Нямеччыне назвалі імя беларуса, якога падазраюць ва ўдзеле ў дывэрсіі ў Ляйпцыгу супраць украінскага самалёту