Чырвоны касьцёл у Менску не адновіць працу ў заплянаваны тэрмін

Чырвоны касьцёл у Менску

Ужо чатыры гады адзін зь найвядомейшых касьцёлаў Беларусі стаіць зачынены. Рэканструкцыя касьцёла зацягваецца ў чарговы раз.

Чатыры гады таму, 26 верасьня 2022 году, парафію сьвятых Сымона і Алены высялілі з Чырвонага касьцёлу ў Менску. Улады абяцалі, што касьцёл адчыняць ужо неўзабаве пасьля рэканструкцыі. Але цяпер высьветлілася, што работы зноў зацягнуліся, даведаўся Katolik.life.

Уласьнік сьвятыні, дзяржаўнае прадпрыемства «Менская спадчына» абяцала, што асноўныя работы завершаць да канца 2026 году, а ў студзені 2027-а будынкам змогуць карыстацца вернікі.

Але цяпер вернікі заўважылі, што на пашпарце аб’екта зьмянілі дату. Тэрмінам заканчэньня будаўніцтва цяпер стаіць ня 31 студзеня, а 30 красавіка.

Таксама крыніца адзначыла, што цяперашні пробашч парафіі не ўзгадаў у парафіяльных аб’явах пра гадавіну закрыцьця храма. Але гэта зрабіў былы пробашч — ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, якога раней касьцельныя ўлады адправілі служыць у Барысаў.

Сьвятар успомніў, што пажару, які стаў падставай для высяленьня вернікаў з храма, папярэднічала разьбітае акно. Гэта і шэраг іншых дэталяў могуць паставіць пад сумнеў афіцыйную вэрсію пра ўзгараньне праводкі.

Можа ставіць яе пад сумнеў таксама й тое, што вынікаў расьсьледаваньня пра пажар грамадзкасьці не паказалі, дагэтуль невядома, што ў высновах таго расьследаваньня і якое рашэньне на яго падставе маглі прыняць.

Уладзіслаў Завальнюк упэўнены, што вернікаў выціснулі з касьцёла.

Таксама ён сказаў, што былы прадстаўнік Ватыкану ў Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч перадаваў з нунцыятуры для парафіі малую электрастанцыю. Яе выкарыстоўвалі, калі ксёндз і парафіяне вялі малітоўнае дзяжурства ў плябаніі, доме сьвятара побач з касьцёлам. Ён быў адключаны ад электрычнасьці, ацяпленьня і вады. Але затым карыстацца малой электрастанцыяй забаранілі. Як і печкай-«буржуйкай» пасьля.

Яшчэ ў лютым айцец Уладзіслаў Завальнюк выступаў з адкрытым зваротам да дырэктара прадпрыемства «Менская спадчына» і старшыні Менгарвыканкаму. У ім ён прасіў чыноўнікаў дапусьціць вернікаў у касьцёл.

Гісторыя Чырвонага касьцёла:

  • 21 лістапада 1910 году — асьвячэньне касьцёла.
  • 1932 год — савецкія ўлады закрылі касьцёл, перад гэтым разрабавалі.
  • 1941 год — нямецкія акупацыйныя ўлады дазволілі там маліцца.
  • 1945 год — у храме разьмясьцілі кінастудыю «Савецкая Беларусь», зрабілі некалькі прыбудоваў.
  • 1960-я гады — касьцёл маглі ўзарваць, аднак спыніліся на перабудове пад патрэбы Дома кіно.
  • 1986 год — вернікі пачалі захады для вяртаньня касьцёла.
  • 16 траўня 1990 году — будынак вярнулі каталікам.
  • 26 жніўня 2020 году — амапаўцы ўзялі Чырвоны касьцёл у аблогу, зачынілі ўнутры дзясяткі вернікаў на 40 хвілін. Падстава — там нібыта хаваліся пратэстоўцы.
  • Ноч на 26 верасьня 2022 году — пажар у Чырвоным касьцёле. Улады заявілі аб прыпыненьні працы храма і нікога ўсярэдзіну не пусьцілі.
  • 6 кастрычніка 2022 году — стала вядома, што ўлады забіраюць у вернікаў Чырвоны касьцёл.

Што адбываецца з Чырвоным касьцёлам цяпер?

  • Чырвоны касьцёл закрыты на рамонт пасьля пажару, які здарыўся ў ноч на 26 верасьня 2022 году. Пашкоджаная маёмасьць на плошчы каля 20 кв. м, людзі не пацярпелі.
  • Улады закрылі будынак да аднаўленьня пашкоджаных пажарам камунікацый і «атрыманьня вынікаў інструмэнтальных дасьледаваньняў будаўнічых канструкцый».
  • 6 кастрычніка ўлады скасавалі дамову бязвыплатнага карыстаньня будынкам касьцёлу. 14 кастрычніка стала вядома, што ўлады забаранілі парафіі адпраўляць службы і ў плябаніі, а 9 лістапада — у асобных памяшканьнях і дворыку касьцёла.
  • 1 сьнежня курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі прызначыла ксяндза Юрыя Санько адміністратарам парафіі ў пытаньнях рамонту і рэстаўрацыі, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк застаўся пробашчам. Грамаду парафіі сьв. Сымона і Алены часова разьмеркавалі ў архікатэдральны касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі.
  • Чырвоны касьцёл мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці Беларусі і афіцыйна належыць дзяржаве. У 2013 годзе яго перадалі ўва ўласнасьць Менску. Парафія сьвятых Сымона і Алены займала будынак касьцёла і плябанію на падставе дамовы аб бязвыплатным карыстаньні, заключанай з прадпрыемствам «Менская спадчына».
  • Некалькі гадоў таму гарадзкія ўлады заявілі, што ў парафіі назьбіралася істотная запазычанасьць у зямельным падатку, падатку на нерухомасьць і амартызацыю. Паводле інфармацыі ініцыятывы «Хрысьціянская візія», пасьля інцыдэнту парафію прымусілі пагасіць запазычанасьць — у якасьці адной з умоваў аднаўленьня эксплюатацыі касьцёла.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Улады назвалі суму аднаўленьня Чырвонага касьцёлу і пералічылі іншыя аб’екты ў Менску, якія чакае рэканструкцыя ці рэстаўрацыя