Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады назвалі суму аднаўленьня Чырвонага касьцёлу і пералічылі іншыя аб’екты ў Менску, якія чакае рэканструкцыя ці рэстаўрацыя


Касьцёл сьвятых Сымона і Алены (Чырвоны касьцёл), Менск
Касьцёл сьвятых Сымона і Алены (Чырвоны касьцёл), Менск

Аднаўленьне будынку касьцёлу скончыцца толькі праз два гады.

Вядома, што на рэстаўрацыю аднога з найславуцейшых будынкаў Менску з гарадзкога бюджэту будзе выдаткавана больш за 5,5 мільёна рублёў. Касьцёл адчыніць дзьверы для парафіянаў у 2027 годзе, адзначае дзяржаўнае агенцтва «Минск-новости».

Новы комплекс у Пішчалаўскім замку, дзе была турма «Валадарка», адкрыецца пазьней, бо маштаб работаў там большы. На будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу вылучылі каля 69 мільёнаў рублёў. Яго адкрыцьцё адбудзецца ў 2028 годзе.

У 2027 годзе плянуецца завяршыць рэстаўрацыю адзінага комплексу будынкаў Нацыянальнага мастацкага музэю Беларусі. Гэты праект будаўніцтва доўжыцца ўжо 12 гадоў. Толькі за апошнія два гады на будаўніцтва плануецца выдаткаваць 123,5 мільёна рублёў.

Прыкладна ў той жа час будзе завершана рэканструкцыя апошніх будынкаў ансамблю Лошыцкага маёнтку і парку. Гэта млын, а таксама сямейная капліца і склеп Прушынскіх. На гэта будзе выдаткавана Br11,6 мільёна.

На працягу наступных 11 месяцаў будуць адрэстаўраваныя царква Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа, шэсьць пахавальных капліцаў і цэнтральная ўваходная брама на Кальварыйскіх могілках.

Таксама будуць завершаныя работы ў загсе на вул. Камуністычнай, 8. Распрацоўнікі праекту абяцаюць захаваць гістарычныя інтэр’еры, адначасова дадаўшы патрэбныя сучасныя выгоды, такія як доступ для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі.

Амаль 70 мільёнаў рублёў зь мясцовага бюджэту будуць вылучаныя на рэканструкцыю будынку пад адрасам Партызанскі праспэкт, 154а. Пасьля ўводу ў эксплюатацыю ў 2027 годзе сюды пераедзе дзяржаўны архіў Менску.

Агулам на дзяржаўную праграму разьвіцьця культуры Беларусі да 2030 году плянуецца вылучыць 2,29 мільярда рублёў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG