Расейскія войскі днём 28 верасьня ўдарылі па будынку Нацыянальнай акадэміі навук у цэнтры Кіева. Ёсьць загінулыя і параненыя. Ідзе ратавальная апэрацыя.
«Сёньня ў Кіеве таксама былі атакаваныя фармацэўтычная кампанія і аўтазапраўкі, у Дняпры — бізнэс-цэнтар, у іншых гарадах і рэгіёнах — таксама цывільныя аб’екты, прадпрыемствы і аб’екты сувязі. На жаль, ёсьць загінулыя», — напісаў у тэлеграме прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі.
Расея абавязкова атрымае адказ на гэта, заявіў Зяленскі.
«І кожны з партнэраў Украіны павінен бачыць па гэтым тэроры, па такіх ударах, што падтрымка Ўкраіны — гэта падтрымка сапраўды жыцьця людзей, падтрымка таго, каб тэрор ніколі і нідзе не станавіўся нормай. Расея павінна адказваць за ўсё гэта і адчуваць рэальныя наступствы», — адзначыў прэзыдэнт Украіны.
Ад удараў па кіеве 28 верасьня загінула 44-гадовая жанчына. Больш за 20 чалавек атрымалі раненьні.
Сёньня ж ад расейскіх удараў у Кіеве былі пашкоджаныя мэдычны цэнтар, шматкватэрны дом, будынак бізнэс-цэнтру, аўтазаправачная станцыя, рэстарацыя, адміністрацыйныя будынкі і аўтамабілі.
Пажар у мэдычным цэнтры ў Кіеве пасьля расейскай атакі
У Днепрапятроўскай вобласьці ў выніку расейскіх удараў 28 верасьня загінулі шэсьць чалавек, 28 былі параненыя.
Наступствы атакі па бізнэс-цэнтры ў Дніпры 28 верасьня
Больш за 30 чалавек пацярпелі ад расейскага ўдару па Запарожжы.