Першы грузавік — Renault Premium з прычэпам А 3467В-3. На відэа бачна, што кабіна цалкам згарэла, а прычэп пашкоджаны. Паводле «Флагштока», удар адбыўся 25 верасьня прыкладна за 30 кілямэтраў ад пункту пропуску «Красны Камень». Пра гэтую самую фуру, якая везла кавуны, напісала ў сацсетках і карыстальніца TikTok Ксенія, чый муж быў за стырном. Ксенія пацьвярджае, што здарэньне адбылося 25 верасьня ў Бранскай вобласьці Расеі.
Другі грузавік — DAF XF з нумарам АО-3 1690. На ягонай кабіне бачныя сьляды ўдару дрона, але пажару не было. «Флагшток» высьветліў, што відэа зьнятае 26 верасьня на ўезьдзе ў пункт пропуску «Красны Камень» з расейскага боку, прыкладна за 1,4 кілямэтра ад беларускай мяжы.
У абодвух выпадках, паводле «Флагштока», кіроўцы не пацярпелі.
«Красны Камень» ужо трапляў пад удары
Гэта ня першы выпадак, калі беларускі транспарт трапляе пад атакі ў раёне «Краснага Каменя».
11 жніўня пункт пропуску часова не працаваў пасьля ўдару дрона. Паводле «Флагштока», тады загарэліся два грузавікі з паўпрычэпамі. Пазьней высьветлілася, што адзін зь беларускіх паўпрычэпаў мог быць пашкоджаны яшчэ на расейскім баку, а ўжо на тэрыторыі Беларусі кіроўца адчапіў яго і пакінуў.
2 ліпеня ў раёне «Краснага Каменя» атакавалі аўтобус «Менск — Гомель — Анапа». У ім былі 19 пасажыраў, два кіроўцы атрымалі лёгкія раненьні. Пазьней «Флагшток» заявіў, што дрон ударыў па грузавіках, якія стаялі прыкладна за 12 мэтраў ад аўтобуса, а сам аўтобус пацярпеў ад выбуховай хвалі.
Яшчэ адзін цяжкі выпадак адбыўся 17 чэрвеня ў Бранскай вобласьці. Дрон атакаваў аўтобус зь беларускай дзіцячай футбольнай камандай, якая ехала ў Геленджык. Загінула жанчына, якая суправаджала дзяцей, некалькі дзяцей пацярпелі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Аўтобус зь беларускімі дзецьмі трапіў пад атаку ў Расеі. 1 чалавек загінуў, 8 пацярпелі. Расея вінаваціць Украіну, Украіна — РасеюПасьля гэтага Лукашэнка заклікаў бацькоў не адпраўляць дзяцей у такія паездкі.
«Я не хачу тут нікога асуджаць, але папрасіць нашых людзей, і асабліва бацькоў, калі мы маем справу зь дзецьмі: трэба пасядзець дома гэты час. Трэба займацца футболам і іншымі мерапрыемствамі тут. Тут больш камфортна ў ціхай, спакойнай краіне. І трэба забараніць усялякія паездкі безь дзяржаўнага на тое нагляду і дазволу», — заявіў ён.
Чаму гэта важна
За апошнія месяцы пад атакі траплялі і грузавікі, і пасажырскія аўтобусы, у тым ліку з беларускімі грамадзянамі. Пры гэтым «Красны Камень» працягвае працаваць як міжнародны пункт пропуску. Таму папярэджаньне Лукашэнкі «заставацца дома» не вырашае праблемы для тых, хто езьдзіць празь небясьпечныя памежныя рэгіёны па працы ці па іншых справах.
У адрозьненьне ад чэрвеньскай атакі на аўтобус зь дзецьмі, у апошніх выпадках гаворка ідзе пра грузавы транспарт. Але для кіроўцаў вынік той самы: маршрут, які фармальна застаецца адкрытым, праходзіць праз зону, дзе рэгулярна адбываюцца атакі дронаў.