Як адзначылі ў Міністэрстве ўнутраных спраў, цяпер сілавыя органы Рэспублікі Беларусь фіксуюць выпадкі, калі да грамадзян краіны ў сеціве зьвяртаюцца невядомыя і схіляюць да ўчыненьня асабліва цяжкіх злачынстваў.
«У прыватнасьці, паступаюць прапановы аб зьдзяйсьненьні актаў тэрарызму на чыгунцы і іншых аб’ектах інфраструктуры за грашовую ўзнагароду.
Так званыя „куратары“ шукаюць выканаўцаў мэсэнджэрах і сацыяльных сетках рознай скіраванасьці. Першапачаткова яны ўступаюць у дыялёг, фармуюць адносіны на даверу, знаходзяць слабыя месцы, празь якія можна аказаць псыхалягічнае ўзьдзеяньне на чалавека, а пасьля прапануюць рэалізацыю злачыннага намеру», — сказаў прадстаўнік МУС, якога цытуе дзяржаўны навінавы сайт news.by.
Адным з прыкладаў стала спроба зрабіць 18-гадовага хлопца выканаўцам тэракту. У Telegram зь ім зьвязаўся невядомы, які прапанаваў нібыта лёгкую падпрацоўку. Трэба было падпальваць рэлейныя шафы.
«Зламысьнікі ня ўтойваюць, што мэта такой акцыі на тэрыторыі Беларусі — парушэньне міжнароднай лягістыкі з Расеяй, а таксама стварэньне ўмоў для катастрофы на чыгунцы і гібелі людзей».
Там дадалі, што маладзён адразу ж паведаміў пра такія прапановы ў праваахоўныя органы.
Сьледчы камітэт сьцьвярджае, што мае зьвесткі аб іншых неаднаразовых спробах вярбоўкі беларускіх грамадзян. Там нагадалі, што такія дзеяньні кваліфікуюцца згодна з арт.289 (Акт тэрарызму) Крымінальнага кодэксу, а санкцыя артыкулу прадугледжвае нават сьмяротнае пакараньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Польшчы пачынаюць судзіць беларуса за падрыхтоўку дывэрсіі ў інтарэсах іншаземнай выведкіШто гэта значыць?
Фактычна беларусаў яшчэ раз папярэдзілі пра жорсткую адказнасьць за дапамогу Ўкраіне і спыненьне расейскіх грузаў і цягкоў, у тым ліку ваеннага прызначэньня.
Раней у Беларусі ўжо разглядаліся розгаласныя судовыя справы «рэйкавых партызанаў», якія спрабавалі спыніць прасоўваньне расейскіх войскаў праз тэрыторыю Беларусі ў пачатку паўнамаштабнай вайны ў 2022 годзе. Шэраг фігурантаў атрымаў буйныя тэрміны зьняволеньня.
Ці сапраўды цяпер у сеціве ёсьць спробы завербаваць беларусаў для новых падрываў на чыгунцы, невядома. Ніякіх пацьверджаных фактаў, якія бы паказалі на гэта, у МУС пакуль не паказалі.
Апошнімі месяцамі ў Беларусі праходзяць дзясяткі вучэньняў розных узроўняў і працягласьці. У іх бяруць удзел розныя сілавыя падразьдзелы ў розных частках краіны. Ужо некалькі гадоў прапагандысцкія каналы, Аляксандар Лукашэнка, Міністэрства абароны і іншыя дзяржаўныя ўстановы няспынна гавораць пра небясьпеку правакацый і вайны супраць Беларусі, якую вядуць Украіна і краіны Захаду.
Пры гэтым у суседняй Польшчы ўжо адбываліся суды над людзьмі, якія ўчынялі дывэрсіі на чыгунцы, падпалы складаў на заказ замежных спэцслужбаў, у чым прызнаваліся ў час сьледзтва.