Даты дня
25 верасьня 1962 году нарадзіўся Алесь Бяляцкі — беларускі праваабаронца, заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», грамадзкі дзеяч і літаратуразнаўца, палітвязень.
Бяляцкі — ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру (2022), за 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
За актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць Бяляцкага прыцягвалі да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. 14 ліпеня 2021 году яго чарговы раз затрымалі паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
Бяляцкі адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі № 9 у Горках. Яго абмяжоўвалі ў кантактах з адвакатам і сям’ёй. 13 сьнежня 2025 году яго вызвалілі паводле памілаваньня разам з больш як сотняй іншых вязьняў і вывезьлі ў Літву. У 2026 годзе ў Польшчы створаны праваабарончы Фонд Алеся Бяляцкага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Што Бяляцкі расказаў пра турму, вайну, Нобэлеўскую прэмію і будучыню Беларусі. Поўны тэкст інтэрвію СвабодзеГэты дзень у гісторыі
1971 — адкрыўся мэмарыяльны комплекс «Берасьцейская крэпасьць — герой».
Берасьцейская крэпасьць
У гэты дзень нарадзіліся:
1765 — Міхал Клеафас Агінскі, кампазытар, дыплямат, адзін з кіраўнікоў вызвольнага паўстаньня 1794 г.
Ужо ў 21 год быў абраны паслом на сойм Рэчы Паспалітай. Быў знаёмы з выбітнымі кампазытарамі Моцартам, Гайднам, слухаў канцэрты Паганіні.
У 1792 годзе падтрымаў Таргавіцкую канфэдэрацыю, змагаўся супраць расейскіх і прускіх войскаў. Пасьля паразы паўстаньня Касьцюшкі мусіў уцякаць у Аўстрыю, усе маёнткі на радзіме сканфіскавала расейская ўлада. У 1801 годзе атрымаў дазвол вярнуцца на радзіму і пасяліўся ў Залесьсі. Там ён і напісаў знакаміты музычны твор «Разьвітаньне з Радзімай».
Быў сэнатарам Расейскай імпэрыі, але ў 1822 годзе назаўсёды пакінуў Залесьсе. Памёр у 1833 годзе ў італьянскай Флярэнцыі. У Маладэчне ягонае імя носіць музычны каледж.
1875 — Сяргей Паўловiч, багаслоў, пэдагог, перакладчык, дзяяч у галіне царкоўнае асьветы.
1897 — Уільям Фолкнэр, амэрыканскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры.
Уільям Фолкнэр
1895 — Ванда Лявіцкая (у замужжы Лёсік, жонка Язэпа Лёсіка), пісьменьніца, удзельніца нацыянальна-вызвольнага руху пач. ХХ ст.
1906 — Дзьмітры Шастаковіч, расейскі кампазытар.
1913 — Сяргей Грахоўскі, беларускі паэт, перакладнік, вязень ГУЛАГу.
Сяргей Грахоўскі
1914 — Аўген Смаршчок, праваслаўны сьвятар,
рэлігійны і культурна-грамадзкі дзяяч замежжа, магістар псыхалёгіі і
філялёгіі, старшыня Саюзу беларусаў у Бэльгіі.
1938 — Вячаслаў Целеш, беларускі мастак, дзеяч беларускай дыяспары ў Латвіі.
Вячка Целеш падчас пэрсанальнай выставы, 2018 год
1938 — Мечыслаў Грыб, генэрал-лейтэнант міліцыі, у 1994-1996 гадах — старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь. 25 верасьня ён называў сваёй сапраўднай датай нараджэньня, у дакумэнтах жа запісаная дата 28 верасьня. «Так што ў мяне дзве даты нараджэння», — казаў Мечыслаў Грыб у інтэрвію «Салідарнасьці» ў 2011 годзе.
1949 — Пэдра Альмадовар, гішпанскі кінэматаграфіст.
Пэдра Альмадовар з «Залатым ільвом» за найлепшы фільм «Пакой побач» падчас 81-га Вэнэцыянскага кінафэстывалю. Італія, 7 верасьня 2024 году
У памяці
1919 — Канстанцiн Валасовiч, прыродазнавец, геоляг, дасьледчык
Арктыкі беларускага паходжаньня. Загінуў у пушчаным пад адхон цягніку пад Харкавам.
1970 — Эрых Марыя Рэмарк, нямецкі пісьменьнік.
Эрых Марыя Рэмарк
1996 — Мікола Селяшчук, мастак, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху 1980–1990-х. Патануў у Тырэнскім моры ў Італіі.
Мікола Селяшчук