Як паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі, гэтыя вучэньні адбыліся ў рамках комплексных камандна-штабных манэўраў па праверцы гатоўнасьці падразьдзелаў да дзеяньняў у асаблівых умовах.
У паведамленьні адзначаецца, што гэты этап быў пазаплянавым і такім чынам міністар Іван Кубракоў хацеў праверыць «мабільнасьць і гатоўнасьць» сілавікоў выконваць задачы ва ўмовах актыўнага супрацьдзеяньня на невядомай мясцовасьці.
У вучэньнях удзельнічалі стралковы батальён унутраных войскаў МУС, байцы падразьдзелаў САХР, «Бэркут» і супрацоўнікі мясцовага раённага аддзяленьня міліцыі. Адначасова па трывозе паднялі атрад спэцыяльнага прызначэньня «Гром», які дысьлякуецца ў Магілёве. Байцы атраду ў поўнай баявой экіпіроўцы ажыцьцявілі марш-кідок у кірунку Гомля, а на шляху зьліквідавалі «дэструктыўныя сілы».
«У выніку ў лясным масіве кінолягі і сапёры знайшлі схованку з зброяй, боепрыпасамі і БПЛА. Пад’язныя шляхі хутка заблякавалі прадстаўнікі дэпартамэнту аховы. Нягледзячы на тое, што чацьвёра злачынцаў разьдзяліліся і разышліся ў розных кірунках, усіх затрымалі цягам некалькіх гадзін», — паведамілі ў МУС аб пасьпяховых выніках вучэньняў.
Што папярэднічала
У Гомельскай вобласьці цягам некалькіх дзён праходзяць комплексныя камандна-штабныя вучэньні ў праверцы гатоўнасьці падразьдзелаў Міністэрства ўнутраных справаў да дзеяньняў у асаблівых умовах.
Прэсавая служба МУС паведаміла, што гэтыя вучэньні накіраваныя, у тым ліку, і на «недапушчэньне ўцягваньня людзей у дэструктыўны рух». Для выкананьня гэтага міністар Іван Кубракоў паставіў задачу належнай прафіляктыкі на прадпрыемствах.
Апроч таго, Кубракоў заявіў аб неабходнасьці апэратыўнага інфармацыйнага абмену паміж «зацікаўленымі бакамі».
«Варта адпрацаваць пытаньне, каб пры дзеяньнях у асаблівых умовах мы маглі ўхвальваць пэўныя рашэньні бяз санкцыі пракурора. Для гэтага паўнамоцтвы кіраўнікоў АСШ (апэратыўна-сытуацыйных штабоў. — РС) павінны быць расшыраныя. Важна ўлічыць усе аспэкты», — працытавала прэсавая служба Кубракова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
На Гомельшчыне правяраюць гатоўнасьць падразьдзелаў міліцыі да дзеяньняў «у асаблівых умовах»Чаму гэта важна
Сёлета па ўсёй краіне праводзяць вучэньні падразьдзелаў МУС. У некалькіх выпадках улады ўдакладнялі мэту іх правядзеньня — на выпадак тэрарыстычных актаў, патрэбы прыкрыцьця дзяржаўнай мяжы, стварэньня рэзэрваў і іх своечасовай перадысьлякацыі пры патрэбе або для спыненьня «масавых беспарадкаў».
З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў 2022 годзе на тэрыторыі Беларусі, улады якой падтрымалі гэтую агрэсію, практычна безь перапынку праводзяць вучэньні вайсковых і іншых парамілітарных падразьдзелаў.
Аляксандар Лукашэнка ня раз заяўляў аб пагрозах ад Украіны і іншых суседзяў Беларусі, у тым ліку тэрарыстычных. Гэта ані разу ня мела пацьверджаньня.