Як паведаміла выданьне «Позірк», яго асудзілі паводле ч. 2 і ч. 3 артыкулу 430 Крымінальнага кодэксу (атрыманьне хабару) на 7 гадоў пазбаўленьня волі з штрафам у памеры 5 тысяч базавых велічынь (225 тыс. рублёў) і пазбаўленьнем на 5 гадоў права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў.
У той жа час выданьне зьвярнула ўвагу, што ў паведамленьні Генэральнай пракуратуры не назвалі ні імя асуджанага, ні прадпрыемства, якім ён кіраваў.
Згодна з інфармацыяй Генпракуратуры, абвінавачаны з 1 ліпеня 2019 году да 28 траўня 2025-га «атрымаў у якасьці незаконнага ўзнагароджаньня ад кіраўнікоў прыватных арганізацый крыптавалюту і гатоўку ў суме прыблізна 1,8 млн рублёў». Грошы перадавалі яму за арганізацыю закупак комплексных харчовых дабавак і працягу іх выкарыстаньня ў вытворчай дзейнасьці мясакамбіната.
Вырак законнай сілы яшчэ не набраў і можа быць абскарджаны ў апэляцыйным парадку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Чаму страляюць у Горадні? КДБ вэрбуе актывістаў. Ліпы ў вазонах. Навіны 30 ліпеняШто папярэднічала
У канцы ліпеня паведамлялі аб накіраваньні ў Вярхоўны суд крымінальнай справы былога генэральнага дырэктара ААТ «Гродзенскі мясакамбінат». Імя абвінавачанага тады таксама не называлі, аднак дырэктарам камбіната з 2019 да кастрычніка 2025 году быў менавіта Алег Іваноў, 1978 года нараджэньня.
Падрабязнасьці справы, якія раскрыла тады нагляднае ведамства, супадаюць зь зьвесткамі, пра якія паведамілі 23 верасьня 2026 году.
Іваноў быў дэлегатам шостага і сёмага Ўсебеларускага народнага сходу, сябрам рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь» і чальцом Савета рэспублікі.
У лістападзе 2025 году ў Нацыянальным рэестры прававых актаў апублікавалі пастанову аб датэрміновым спыненьні паўнамоцтваў чальца Савета рэспублікі на падставе асабістай заявы Іванова аб складаньні паўнамоцтваў.
Узнагароджаны падзякай старшыні Горадзенскага абласнога выканаўчага камітэту, ганаровай граматай Горадзенскага гарадзкога савета дэпутатаў, лістом падзякі старшыні адміністрацыі Ленінскага раёна Горадні
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Хто самы ўплывовы ў атачэньні Лукашэнкі. Важны магілёўскі чыноўнік — у СІЗА КДБ. Арыштавалі «аналітыка Сахашчыка»Маштабы карупцыі ў Беларусі
Згодна з інфармацыяй Вярхоўнага суда, за першыя шэсьць месяцаў 2026 году на 12,5 % павялічылася колькасьць асуджаных за карупцыйныя злачынствы ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2025-га.
Усяго за гэты пэрыяд за карупцыю асудзілі 342 чалавек.
У 2025 годзе за карупцыйныя злачынствы асудзілі 657 асоб — на 7,3 % менш, чым у 2024-м (709). 199 чалавек асудзілі на розныя тэрміны пазбаўленьня волі. Пазбаўленьне права займаць пэўную пасаду або займацца пэўнай дзейнасьцю ў якасьці асноўнай меры пакараньня прызначылі 17 асобам, у якасьці дадатковай — 557.