Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Івашкевіч ацаніў новыя антыкарупцыйныя справы беларускіх уладаў: часам яны вядуць да яшчэ большай карупцыі

Станіслаў Івашкевіч
Станіслаў Івашкевіч

У МУС Беларусі заявілі пра затрыманьне 44 службоўцаў па справе аб карупцыі ў розных галінах эканомікі.

Паводле ведамства, яны гадамі атрымлівалі хабары ад удзельнікаў тэндэраў за выбар патрэбных пастаўшчыкоў, прыёмку тавараў і своечасовую аплату кантрактаў.

Распачалі 45 крымінальных спраў. Агульную суму хабараў МУС ацэньвае ў больш як 750 тысяч рублёў. Паводле сьледзтва, арганізатарам схемы быў заснавальнік некалькіх кампаній, у офісе якога знайшлі дакумэнты «чорнай бухгальтэрыі».

Як сама сыстэма дзяржаўных закупак спараджае карупцыю і ці можна давяраць вэрсіі МУС, у інтэрвію Свабодзе разважае кіраўнік Беларускага расьсьледавальніцкага цэнтру Станіслаў Івашкевіч.

Івашкевіч мяркуе, што часам гучныя антыкарупцыйныя справы маюць сваім вынікам тое, што на замену менш карумпаванай схемы прыходзіць значна больш карумпаваная схема з большымі стратамі для дзяржавы.

«Безумоўна, сярод антыкарупцыйных спраў беларускіх уладаў ёсьць і сапраўднае расьсьледаваньне карупцыі. А мы як Беларускі расьсьледавальніцкі цэнтар, вывучаючы розныя схемы, бачым ня ўсю карціну, а толькі некаторыя завостраныя тэмы. І мы заўважаем, што час ад часу гучныя антыкарупцыйныя справы маюць сваім вынікам тое, што на замену менш карумпаванай схемы прыходзіць значна больш карумпаваная схема з большымі стратамі для дзяржавы».

Адным з такіх прыкладаў Івашкевіч назваў скандальнае зьняцьце дырэктара «Белшыны» некалькі год таму.

Тады дырэктар знайшоў сабе дылера ў Расеі, зь якім, паводле Аляксандра Лукашэнкі, «Белшына» прадавала шыны таньней, чым нібыта была на той час рынкавая цана.

Былога генэральнага дырэктара «Белшыны» Андрэя Бунакова зьнялі з пасады і затрымалі ў лютым 2023 года па абвінавачаньні ў карупцыі. Пасьля гэтага на яго завялі крымінальную справу за заключэньне нявыгаднага кантракту на пастаўку шын.

Станіслаў Івашкевіч заявіў пра гэты выпадак:

«Вынікам гэтага стала тое, што збыт „Белшыны“ ў Расеі манапалізаваў Гандлёвы дом „БелАЗ“, якім кіруе сярэдні сын Аляксандра Лукашэнкі Дзьмітры, і які, як выявіла расьсьледаваньне БРЦ, выводзіць грошы адтуль праз праз расейскія пракладкі. Вынікам гэтай схемы стала, што гэты гандлёвы дом БелАЗ пачаў закупляць шыны ў „Белшыны“ яшчэ таньней, чым нібыта той карумпаваны расейскі пасярэднік, якому яны аддавалі занадта танна».

Яшчэ адзін аналягічны прыклад — закупка эндапратэзаў, кажа Станіслаў Івашкевіч. Аляксандар Лукашэнка абвяшчаў гучныя справы артапэдаў два разы. Ён скардзіўся, што занадта дорага каштуюць гэтыя пратэзы, і тады зрабілі цэнтралізаваныя закупы ад імя дзяржавы.

«Усе гэтыя закупы сканцэнтраваліся ў руках адной амэрыканскай фірмы, якая зьвязана з беларускімі сілавікамі, яна пачала прадаваць дзяржаве гэтыя эндапратэзы яшчэ даражэй, чым было да гэтых антыкарупцыйных спраў»,— заявіў Свабодзе кіраўнік Беларускага расьсьледавальніцкага цэнтру Станіслаў Івашкевіч.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG