Як паведаміла выданьне «Позірк» па выніках свайго аналізу зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, сытуацыя палепшылася толькі ў Магілёўскай вобласьці, дзе частка стратных прадпрыемстваў зьменшылася з 17,9 % да 17,5 %.
Найгоршую сытуацыю зафіксавалі ў Менску — у сталіцы амаль кожная чацьвёртая арганізацыя мае страты. За пяць гадоў частка такіх прадпрыемстваў павялічылася з 20,7 % да 24,3 %.
У Менскай вобласьці адпаведны паказьнік павялічыўся з 18,1 % у 2021-м да 20,6 % у 2026-м, у Гомельскай — з 11,7 % да 19,8 %, у Горадзенскай — з 17,2 % да 18,6 %, у Берасьцейскай — з 14,3 % да 16,7 %), у Віцебскай — з 12,5 % да 16,3 %.
Рэнтабэльнасьць продажаў зьнізілася з 8,1 % да 6,7 %.
Запазычанасьць па рублёвых і валютных крэдытах, выдадзеных банкамі юрыдычным асобам, на 1 жніўня 2026 году склала 68 млрд 866,5 млн рублёў — на 12,6 % больш, чым на аналягічную дату 2025-га, калі гэты паказьнік складаў 61 млрд 172,3 млн рублёў.
Пратэрмінаваная запазычанасьць на 1 жніўня 2026 году складала 386,3 млн рублёў (зьніжэньне ў 1,5 разу).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Траціна крамаў у Беларусі сёлета былі стратнымі, даўгі склалі 4 мільярды даляраўШто гэта значыць
Гэта значыць, што палітыка рэжыму Лукашэнкі, які дзесяцігодзьдзямі падтрымлівае стратныя, нерэнтабэльныя прадпрыемствы не прыносіць плёну. Улады, каб захаваць працоўныя месцы і марку заводу, нярэдка ідуць на стварэньне аб’яднаньняў, куды ўключаюць стратныя заводы. Нярэдка да пасьпяховага прадпрыемства, што працуе ў плюс далучаюць стратнае прадпрыемства, і часта пасьля гэтага рэнтабэльная кампанія таксама пачынае губляць.
Прэм'ер Беларусі Аляксандар Турчын сёлета ў красавіку падпісаў распараджэньне, згодна зь якім дзяржава павялічыла сваю долю ў статутных фондах пяці прадпрыемстваў, якія атрымлівалі дзяржаўную падтрымку ў 2025 годзе, на суму гэтай падтрымкі.
З пастановы, апублікаванай на праўным рэсурсе Pravo.by, вынікала, што «Беларускі цэмэнтны завод» атрымаў ў 2025 годзе дзяржаўнай падтрымкі на 2,5 мільёна рублёў, «Гомельшкло» — на 6,9 млн, «Івацэвічыдрэў» — на 6,3 млн, «Крычаўцэменташыфэр» — на 9 млн, «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат» — на 7,5 млн.
Прадпрыемствы вырабу цэмэнту, як і дрэваапрацоўчае прадпрыемства, ня здолелі працаваць з прыбыткам пасьля шырокамасштабнай рэканструкцыі з залучэньнем дзяржаўных сродкаў, таксама няўдала былі асвоеныя кітайскія інвэстыцыі пры рэканструкцыі Сьветлагорскага ЦКК — будаўніцтва заводу беленай цэлюлёзы. Таксама ня можа разьлічыцца з крэдытам у 146 млн ААТ «Гомельшкло».
Свабода неаднаразова пісала пра стратныя заводы і пра іхны стан нават па атрыманьні імі дзяржаўнай падтрымкі.
У канцы красавіка дзяржава яшчэ й выплаціла частку даўгоў па адсотках на крэдыт, узяты прадпрыемствам «ДорОрс». З рэспубліканскага бюджэту на рахункі кампаніі паступілі 16,5 млн. рублёў.
Прычым апошняя адкрытая інфармацыя аб дзейнасьці ААТ — 2020 год. Тады «ДорОрс» атрымаў невялікі прыбытак і нават заплаціў дывідэнды ў 2021 годзе, але вядома, што інвэстыцыйная дзейнасьць прадпрыемства тады прынесла страты.
Бухгальтарскі балянс «ДорОрс» за 2024 год, сьведчыць, што канцэрн мае доўгатэрміновых крэдытаў і пазыкаў на 28 млн.рублёў, а кароткатэрміновых — на 13 млн. рублёў.
Сёлета ў чэрвені прэм’ер-міністар Аляксандар Турчын заявіў, што ў Беларусі найбольшая колькасьць стратных прадпрыемстваў за апошнія сем гадоў.