Фінляндыя дадаткова вылучыць 100 тысяч эўра на дапамогу беларускім палітвязьням

Дзяржаўны сьцяг Фінляндыі на фоне Хэльсынкі. Ілюстрацыйнае фота

На палях Генэральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту Сьвятлана Ціханоўская правяла сустрэчы з міністаркай замежных справаў Фінляндыі Элінай Валтанэн і палітычным дзяржаўным сакратаром фінскага МЗС Пасі Раялам.

Пасьля сустрэчаў фінскі бок абвясьціў пра вылучэньне дадатковых 100 тысяч эўра на дапамогу беларусам, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў, адзначаецца ў Telegram-канале Ціханоўскай.

«Дзякую Фінляндыі за пасьлядоўную салідарнасьць зь беларусамі. Асабліва важна, што гэтая падтрымка ператвараецца ў канкрэтную дапамогу людзям — палітвязьням, вызваленым і сем’ям рэпрэсаваных. Мы павінны быць гатовыя да новых вызваленьняў загадзя, каб чалавек, які выходзіць з турмы, адразу атрымаў неабходную падтрымку», — адзначыла Сьвятлана Ціханоўская.

Сродкі накіруюць празь Міжнародны гуманітарны фонд і беларускія праваабарончыя арганізацыі, што дапамагаюць палітвязьням, вызваленым і іх сем’ям. Фонд працуе праз правераныя партнэрскія арганізацыі і забясьпечвае фінансавую, праўную, псыхалягічную і іншую дапамогу пацярпелым ад рэпрэсіяў.

На сустрэчах таксама абмеркавалі далейшыя захады дзеля вызваленьня палітвязьняў, сытуацыю зь бясьпекай і рызыкі далейшага ўцягваньня Беларусі ў расейскую вайну супраць Украіны. Асобна зь дзяржаўным сакратаром Ціханоўская закранула праблемы беларусаў, якія жывуць у Фінляндыі, — пратэрмінаваныя пашпарты, дакумэнты і легалізацыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларускі калій для Трампа. Ціханоўская ў ААН. Грыбы з цэзіем на Гомельшчыне. Відэанавіны 22 верасьня

Што папярэднічала

Гэта ўжо другі ўнёсак Фінляндыі ў Міжнародны гуманітарны фонд. Новая дапамога асабліва важная падчас новых вызваленьняў: 16 верасьня з турмаў Беларусі выйшлі 25 палітвязьняў, якіх вывезьлі ў Літву.

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агулам рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году ня менш за 500 тысяч. BelPol уключае ў лік рэпрэсаваных і тых людзей, якія вымушана пакінулі Беларусь і апасаюцца вярнуцца на Радзіму, баючыся крымінальнага перасьледу паводле палітычных матываў.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», на 23 верасьня 884 незаконна асуджаных у Беларусі прызналі палітычнымі вязьнямі. Ініцыятыва dissidentby прызнала палітвязьнямі 934 чалавекі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 22 верасьня: супрацоўніка Мазырскага НПЗ абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці»

Колькі палітвязьняў вызвалілі пры ўдзеле ЗША

У жнівеньскім інтэрвію «Голасу Амэрыкі» спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл паведаміў, што ў сярэдзіне верасьня зьбіраецца ў Беларусь, каб дамагчыся новага вызваленьня палітзьняволеных.

«Мы дамагліся вызваленьня пяцісот чалавек, потым былі памілаваныя яшчэ каля дзьвюхсот. Так што рэальная лічба складае прыкладна 700–800 чалавек. Спадзяюся неўзабаве давесьці яе да тысячы», — сказаў пасланьнік.

Пазьней у адказ на крытычную рэпліку ў сацыяльнай сетцы Х — «Пакуль вы вызваляеце 100 чалавек, саджаюць новых 200» — Джон Коўл напісаў, што ўдалося вызваліць больш за 700 чалавек.

З улікам вызваленьня 16 верасьня дакладна вядома пра 671 вызваленага за два гады, але ня ўсе зь іх палітвязьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пасьля перамоваў Коўла і Лукашэнкі вызвалілі 25 беларускіх палітвязьняў, 4 зь іх без пашпартоў