«На Гомельшчыне адбудуцца комплексныя камандна-штабныя вучэньні ў праверцы гатоўнасьці падразьдзелаў Міністэрства ўнутраных справаў да дзеяньняў у асаблівых умовах», — сказана ў афіцыйным паведамленьні.
Рух у цэнтры Гомля абмяжуюць да 18:00.
Ніякіх дэталяў таго, што маецца на ўвазе пад «асаблівымі ўмовамі», няма.
Пазьней прэсавая служба МУС паведаміла, што гэтыя вучэньні накіраваныя, у тым ліку, і на «недапушчэньне ўцягваньня людзей у дэструктыўны рух». Для выкананьня гэтага міністар Іван Кубракоў паставіў задачу належнай прафіляктыкі на прадпрыемствах.
Апроч таго, Кубракоў заявіў аб неабходнасьці апэратыўнага інфармацыйнага абмену паміж «зацікаўленымі бакамі».
«Варта адпрацаваць пытаньне, каб пры дзеяньнях у асаблівых умовах мы маглі ўхвальваць пэўныя рашэньні бяз санкцыі пракурора. Для гэтага паўнамоцтвы кіраўнікоў АСШ (апэратыўна-сытуацыйных штабоў. — РС) павінны быць расшыраныя. Важна ўлічыць усе аспэкты», — працытавала прэсавая служба Кубракова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка загадаў прывесьці ў баявую гатоўнасьць брыгаду ўнутраных войскаўШто папярэднічала і чаму гэта важна
Сёлета па ўсёй краіне праводзяць вучэньні падразьдзелаў МУС. У некалькіх выпадках улады ўдакладнялі мэту іх правядзеньня — на выпадак тэрарыстычных актаў, патрэбы прыкрыцьця дзяржаўнай мяжы, стварэньня рэзэрваў і іх своечасовай перадысьлякацыі пры патрэбе або для спыненьня «масавых беспарадкаў».
З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў 2022 годзе на тэрыторыі Беларусі, улады якой падтрымалі гэтую агрэсію, практычна безь перапынку праводзяць вучэньні вайсковых і іншых парамілітарных падразьдзелаў.
Аляксандар Лукашэнка ня раз заяўляў аб пагрозах ад Украіны і іншых суседзяў Беларусі, у тым ліку тэрарыстычных. Гэта ані разу ня мела пацьверджаньня.