Рыжанкоў сустрэўся з кіраўніком МЗС Польшчы. Пра што размаўлялі?

Міністар замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў на Генэральнай Асамблеі ААН у верасьні 2025 году. Ілюстрацыйнае фота

У Міністэрстве замежных справаў Беларусі заявілі аб сустрэчы Максіма Рыжанкова з кіраўніком замежнапалітычнага ведамства Польшчы Радославам Сікорскім.

«Сустрэча зь міністрам замежных справаў Польшчы Радославам Сікорскім была прысьвечаная ацэнцы стану беларуска-польскіх дачыненьняў і шляхоў іх далейшага разьвіцьця ў інтарэсах народаў дзьвюх краін», — паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА з спасылкай на прэсавую службу МЗС Беларусі.

Згодна з паведамленьнем, сустрэча адбылася «на палях сэгмэнту высокага ўзроўню 81-й сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украіна ў ААН заклікала ўзмацніць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Ціханоўская падтрымала Кіеў

Што паведамілі ў Варшаве

На момант публікацыі гэтай навіны ў стужцы беларускага дзяржаўнага агенцтва Міністэрства замежных справаў Польшчы аб гэтай сустрэчы не паведамляла. Няма адпаведнай інфармацыі ні на старонцы Радослава Сікорскага на плятформе Х, ні на афіцыйным сайце замежнапалітычнага ведамства краіны.

У паведамленьнях аб сустрэчах Радослава Сікорскага ў Нью-Ёрку адзначаецца, што ён на палях Генэральнай Асамблеі ААН плянуе правесьці больш за 30 сустрэч у розных фарматах, на якіх будзе выкладаць пазыцыю Польшчы што да ключавых выклікаў міжнароднай бясьпецы, будучыні шматбаковай супрацы і неабходнасьці рэфармаваньня ААН.

Адзначаецца, што Сікорскі правёў сустрэчы з калегамі з Грэнляндыі, Індыі, Маўрытаніі, Эгіпту, Нэпалу, Пэру, з сэнатаркай ЗША Джын Шагін, а таксама ўзяў удзел у некалькіх сустрэчах, што тычыліся разьвіцьця G-20, супрацы з краінамі Ціхаакіянскага рэгіёну, і сустрэчах пад эгідай Эўразьвязу.

Сярод тэмаў, якія абмяркоўваў Радослаў Сікорскі, былі вайна ва Ўкраіне, а таксама пагрозы бясьпецы Польшчы і краінам Эўразьвязу з боку Расеі.

Пазьней выданьне onet.pl паведаміла, што Радослаў Сікорскі пацьвердзіў факт сустрэчы з Рыжанковым.

«Гэта пачатковая, азнаямленчая сустрэча, але адбываюцца таксама сустрэчы паміж іншымі міністэрствамі і на іншых узроўнях. Неўзабаве мы адкрываем новы будынак амбасады ў Менску», — працытавала выданьне віцэ-прэм’ера, міністра замежных справаў Польшчы.

«ААН — гэта нэўтральная тэрыторыя», — сказаў Радослаў Сікорскі і дадаў, што гэта дазваляе сустракацца з прадстаўнікамі краін, зь якімі адносіны неабавязкова былі б нармалізаваныя ў іншых умовах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Міністар замежных справаў Польшчы анансаваў адкрыцьцё новага будынку амбасады ў Менску

Чаму гэта важна

З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў Беларусі фактычна на сталай аснове адбываюцца вайсковыя вучэньні, якія Аляксандар Лукашэнка тлумачыў пагрозамі і імавернасьцю ўварваньня на беларускую тэрыторыю з Польшчы, Літвы ці Ўкраіны. Хоць за ўвесь час з 2022 году не было ніводнага доказу існаваньня такіх плянаў.

Наадварот, гэта Беларусь, як заяўлялі заходнія краіны, пры ўзаемадзеяньні з Расеяй стварыла мігранцкі крызіс, што доўжыцца дагэтуль.

Апошнім часам былі выяўленыя і затрыманыя беларускія шпіёны, у прыватнасьці, ва Ўкраіне, Польшчы і Малдове. Зьніклі некалькі актывістаў, якія жылі за межамі Беларусі.

Сёлета 28 красавіка ў рамках абмену паміж Беларусьсю і Польшчай вызвалілі журналіста Анджэя Пачобута, а беларускаму боку перадалі затрыманых паводле падазрэньняў у шпіянажы і дывэрсіях грамадзян Расеі і Малдовы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларуса, якога абмянялі на Пачобута, спрабавалі судзіць у Польшчы, але ён не прыехаў на свой суд

Якія яшчэ сустрэчы Рыжанкоў правёў у Нью-Ёрку

Згодна з інфармацыяй МЗС Беларусі, Максім Рыжанкоў таксама сустрэўся зь міністрам замежных і эўрапейскіх спраdfў Славаччыны Юраем Бланарам, міністрам замежных спраў Ірану Абасам Аракчы, а таксама кіраўнікамі замежнапалітычных ведамстваў Танзаніі, Манголіі, Нікарагуа, Батсваны, Судану, Тога, Зымбабвэ, Лаосу, Інданэзіі, краін СНД.

На сустрэчы з калегам з Славаччыны быў абмеркаваны «ўвесь комплекс двухбаковых дачыненьняў і магчымыя кірункі для іх разьвіцьця ў цяперашніх няпростых умовах». Апроч таго, міністры абмеркавалі «неабходнасьць захаваньня каналаў камунікацыі адкрытымі для хутчэйшага ўрэгуляваньня канфлікту ва Ўкраіне».

З Абасам Аракчы Рыжанкоў абмеркаваў графік двухбаковых візытаў і сустрэчаў, а таксама пытаньні, якія плянуюць разгледзець на бліжэйшым паседжаньні супольнай гандлёва-эканамічнай камісіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Славаччыне адновіць працу беларуская амбасада