Ціханоўская заклікала ў ААН знайсьці рашэньне для беларусаў, якія засталіся без дакумэнтаў

Вярхоўная прадстаўніца Эўрапейскага зьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Кая Калас і лідэрка беларускіх дэмакратычных сілаў Сьвятлана Ціханоўская падчас сустрэчы ў Нью-Ёрку 21 верасьня 2026 году

Знайсьці прызнаванае на сусьветным узроўні рашэньне праблемы з дакумэнтамі для тысяч беларусаў, якія ня могуць бясьпечна падоўжыць свае пашпарты на радзіме, заклікала міжнародную супольнасьць дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская

Пра гэта яна заявіла 21 верасьня ў Нью-Ёрку на мерапрыемстве «Беларусь: саўдзельніца вайны Расеі супраць Украіны і пагроза міжнароднай бясьпецы» на палях тыдня высокага ўзроўню 81-й сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН, перадае «Позірк».

Зьвяртаючыся да ААН, Ціханоўская выказала яшчэ чатыры «канкрэтныя просьбы»:

  • вярнуць пытаньне Беларусі ў парадак дня ААН,
  • пачаць працу над «рашучай рэзалюцыяй», якая б закранала праблемы палітвязьняў, транснацыянальных рэпрэсіяў і ролі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў вайне Расеі супраць Украіны,
  • арганізаваць прысьвечаную Беларусі сустрэчу ў ААН з удзелам беларускіх экспэртаў, былых палітвязьняў і праваабаронцаў,
  • уключыць у парадак дня пытаньне пра транснацыянальныя рэпрэсіі, склікаць адпаведную сустрэчу з удзелам прадстаўнікоў урадаў, экспэртаў ААН, Інтэрполу, грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сіл.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларускі калій для Трампа. Ціханоўская ў ААН. Грыбы з цэзіем на Гомельшчыне. Відэанавіны 22 верасьня

Нагадаўшы пра нядаўняе вызваленьне 25 палітвязьняў, палітык адзначыла, што беларусы «глыбока цэняць гуманітарныя намаганьні Злучаных Штатаў і [спэцыяльнага пасланьніка прэзыдэнта ЗША па Беларусі] Джона Коўла, які ўжо дамогся вызваленьня больш за 500 чалавек».

«Аднак мы таксама памятаем, што амаль 900 чалавек застаюцца за кратамі, і няма ніякіх прыкметаў таго, што рэпрэсіі спыняюцца або нават слабеюць», — падкрэсьліла Ціханоўская.

Яна зьвярнула ўвагу на тое, што толькі на мінулым тыдні 11 чалавек былі прызнаныя палітвязьнямі. Адначасова рэжым перасьледуе сваякоў актывістаў за мяжой.

«Гэта нагадвае нам замкнёнае кола: адных вызваляюць, а іншых бяруць у закладнікі, — адзначыла палітык. — Нам патрэбная поўная палітычная амністыя і закрыцьцё палітычных спраў, каб усе маглі бясьпечна вярнуцца дадому. Гэтае [нядаўняе] вызваленьне паказала, што санкцыі працуюць».

«Калі Лукашэнка цяпер выйдзе з ізаляцыі — санкцыі будуць зьнятыя, але рэпрэсіі і яго падтрымка вайны Расеі працягнуцца, — мы ня вырашым крызіс, а проста замарозім яго, і Беларусь працягне служыць ваенным плацдармам для Расеі», — дадала яна.

Ціханоўская падкрэсьліла, што Лукашэнка атрымлівае выгаду з вайны РФ супраць Украіны, а ягоныя стасункі з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным сымбіятычныя: «Калі мы аслабляем аднаго, мы аслабляем і другога».

«Калі Расея вырашыць эскаляваць канфлікт, беларуская тэрыторыя і інфраструктура могуць быць зноў выкарыстаныя. І Лукашэнка дапаможа Пуціну, як рабіў гэта раней. Я сумняюся, што беларуская армія ўступіць у вайну наўпрост. І справа не ў Лукашэнку, а ў беларускім народзе — ва ўмовах вайны ён у значнай ступені праўкраінскі, праеўрапейскі, выступае за незалежнасьць», — падкрэсьліла дэмакратычная лідэрка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украіна ў ААН заклікала ўзмацніць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Ціханоўская падтрымала Кіеў

Ціханоўская заклікала заходніх партнэраў працягваць аказваць ціск на рэжым Лукашэнкі, нацэльваючыся на тых, хто адказны за рэпрэсіі, а таксама на кампаніі, якія падтрымліваюць вайну Расеі.

«Захоўвайце санкцыі да тае пары, пакуль мы ня ўбачым сыстэмных зьменаў, патрабуйце поўнай палітычнай амністыі. Вызваліце ўсіх, спыніце новыя арышты, закрыйце палітычныя справы. Няхай людзі застануцца ў Беларусі або спакойна вернуцца дадому», — сказала палітык.

Яна папрасіла павялічыць унёскі ў Міжнародны гуманітарны фонд для дапамогі вызваленым і падтрымаць расьсьледаваньне Міжнароднага крымінальнага суда і Міжнародную плятформу падсправаздачнасьці для Беларусі.

«Дапамажыце беларусам без сапраўдных пашпартоў. Уключыце дэмакратычную Беларусь у міжнародныя форумы. Падрыхтуйцеся да Беларусі пасьля Лукашэнкі. Працуйце зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі над пераходным пэрыядам, эканамічнай стабілізацыяй, прадухіленьнем расейскага ўмяшаньня і свабоднымі выбарамі. І забясьпечце беларусам выразны доступ да эўрапейскай пэрспэктывы», — заклікала яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Будрыс і Ціханоўская адрэагавалі на прапанову Трампа купляць беларускі калій

21 верасьня ў Нью-Ёрку Сьвятлана Ціханоўская правяла 10 сустрэч

Яна сустрэлася з

  • прэзыдэнтам Чэскай Рэспублікі Пэтэрам Паўлам,
  • Высокай прадстаўніцай Эўрапейскага Зьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Каяй Калас — абмеркавалі вызваленьне палітвязьняў, спыненьне рэпрэсіяў, захаваньне санкцыйнага ціску на рэжым і дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасьці,
  • міністаркай замежных справаў Фінляндыі Элінай Валтанэн,
  • міністрам замежных справаў Эстоніі Маргусам Цахкнам,
  • міністрам замежных справаў Літвы Кястуцісам Будрысам,
  • міністрам замежных справаў Нарвэгіі Эспэнам Бартам Эйдэ,
  • міністрам замежных справаў Польшчы Радаславам Сікорскім,
  • генэральным сакратаром Рады Эўропы Аленам Бэрсэ,
  • генэральнай сакратаркай Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Кайсай Олангрэн,
  • сэнатаркай Джын Шагін — абмеркавалі будучыню амэрыканскай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі, санкцыйны ціск, працу Free Belarus Caucus у Кангрэсе ЗША і вызваленьне палітвязьняў.

Паводле Ціханоўскай, кантакты з замежнымі партнэрамі паказалі «адзінства сярод краін у пытаньнях Беларусі»: «Гэта вельмі важна. Вельмі важна адрозьніваць беларусаў ад рэжыму [Лукашэнкі], а Беларусь — ад Расеі. Ізалюючы рэжым, важна не ізаляваць беларусаў. І я бачу, што гэта добра разумеюць», — сказала Ціханоўская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ціханоўская ў Нью-Ёрку ўзнагародзіла сьпевака Данчыка мэдалём Францішка Скарыны