Цырымонія адбылася ў прадстаўніцтве Эўрапейскага Зьвязу ў Нью-Ёрку на палях Генэральнай Асамблеі ААН, паведаміла прэсавая служба Сьвятланы Ціханоўскай.
«Данчык сваёй музыкай заразіў Беларусьсю тысячы людзей. Для многіх менавіта празь яго песьні беларуская мова стала бліжэйшай, а беларуская культура — сваёй», — адзначыла Сьвятлана Ціханоўская.
Хто такі Данчык
Багдан Андрусышын нарадзіўся ў 1958 годзе ў Нью-Ёрку. Яго бацька Паўло — украінец, а маці Юлія — беларуска, з роду Луцкевічаў. Зь дзяцінства Данчык ведаў беларускую і ўкраінскую мовы. У 1981 годзе скончыў Унівэрсытэт Нью-Ёрку з ступеньню бакаляўра журналістыкі. Калі яму было 16 гадоў, трапіў на канцэрт «Песьняроў» — ансамбль гастраляваў у Амэрыцы. А ўжо праз год Данчык запісаў свой першы альбом «Беларусачка», які стаў першым беларускім дыскам у ЗША.
Пазьней выйшлі альбомы «Мы адной табе належым», «Я ад вас далёка» і «Калядныя песьні».
У 1989 годзе наведаў Беларусь, дзе выступіў з канцэртамі. Другі раз наведаў з канцэртамі радзіму продкаў у 1996-м. У 1997-м заявіў, што спыняе сваю музычную кар’еру, і цалкам перайшоў у журналістыку. Шмат гадоў працаваў у Беларускай службе Радыё Свабода, у тым ліку намесьнікам дырэктара.
У 2019 годзе Данчык быў узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.
Форум