«Саундкафе продакшн» — буйная беларуская кампанія, якая займаецца тэхнічным забесьпячэньнем канцэртаў, дзяржаўных сьвятаў і іншых масавых мерапрыемстваў. Паводле расьсьледніцкага цэнтру «Бюро», яна рэгулярна атрымлівае дзяржаўныя заказы, у тым ліку на буйныя патрыятычныя мерапрыемствы, і шчыльна супрацоўнічае з Прэзыдэнцкім спартовым клюбам, які ўзначальвае Дзьмітры Лукашэнка, сярэдні сын Аляксандра Лукашэнкі.
Расьследнікі высьветлілі, што ўладальнік кампаніі Вадзім Рашацько мае сувязі ў вельмі высокіх кабінэтах. Ягоны бацька Генадзь Рашацько каля 20 гадоў працаваў у адміністрацыі Лукашэнкі, у тым ліку займаў кіроўчую пасаду ўва ўправе кадраў.
Прадпрымальніцтвам Рашацько заняўся ў 2000-х, а пазьней у «Саундкафе» прыйшлі ягоныя сваякі. Фактычна кампанія стала сямейным бізнэсам.
Ладная частка дзяржаўных заказаў даставалася «Саундкафе продакшн» без звычайных конкурсных працэдур. У некаторых выпадках выкарыстоўваўся мэханізм закупкі ў аднаго пастаўніка, а як мінімум тры буйныя замовы, паводле расьсьледаваньня, кампанія атрымала пасьля пастановаў Савету міністраў, прынятых паводле даручэньня Лукашэнкі.
Экспэрт Уладзімер Кавалкін называе такую сыстэму прыкладам рызыкі канфлікту інтарэсаў і закрытага разьмеркаваньня рынку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Сям’я Дзьмітрыя Лукашэнкі замяшаная ў афэры на суму каля 200 млн даляраў, — Беларускі расьсьледніцкі цэнтарПаводле падлікаў «Бюро», з 2019 году «Саундкафе продакшн» атрымала каля 6,5 млн рублёў на дзяржаўных заказах. Яшчэ ня менш за 1,5 млн рублёў прыйшлося на іншыя кампаніі гэтай жа сеткі. Сярод праектаў — Дзень Незалежнасьці ў Менску, «Славянскі базар», «Дажынкі», Дзень дзяржаўнага сьцягу, гербу і гімну і рэспубліканскі «Апошні званок».
Адначасна група разьвівае бізнэс у Расеі. «Бюро» знайшло там чатыры, зьвязаныя з Рашацько і ягонымі партнэрамі. Кампаніі займаюцца тым самым — сцэнамі, гукам, сьвятлом і відэа для канцэртаў і дзяржаўных мерапрыемстваў.
Паводле расьсьледаваньня, агульны чысты прыбытак гэтых расейскіх структураў за апошнія пяць гадоў склаў каля $6,6 млн. А Ігар Раманаў — уладальнік расейскай кампаніі і сябар сям’і Рашацько, нават атрымліваў падзяку ад кіраўніка Расеі Ўладзіміра Пуціна.
«Бюро» прасачыла, якую маёмасьць маюць кіраўнікі кампаніі і які лад жыцьця ў кіраўнікоў і іхных сямейнікаў. У наяўнасьці кватэры і дамы ў Беларусі на сотні тысяч даляраў, дарагія паездкі па ўсім сьвеце.
Тацяна Рашацько ў размове з журналістамі, якія датэлефанаваліся да яе, адмовілася прызнаваць, што сувязі зь дзяржаўнымі структурамі паўплывалі на працу бізнэсу. Цяпер «Бюро» чакае афіцыйнага камэнтару кампаніі.
Аўтары ў падагульненьні выкладзенага ў матэрыяле адзначылі, што гісторыя «Саундкафе» — прыклад сыстэмы, дзе доступ да дзяржаўных грошай можа залежаць не ад канкурэнцыі, а ад блізкасьці да ўладных структураў. Гэта стварае замкнёную мадэль: адны і тыя ж кампаніі атрымліваюць буйныя замовы, канкурэнцыя ў індустрыі скарачаецца, новых імёнаў няма, адпаведна, няма і разьвіцьця. А бярэмя такіх схемаў у выніку кладзецца на плечы падаткаплатнікаў.