Сейм Літвы ўхваліў папраўку аб зьняцьці з Канстытуцыі забароны на зброю масавага зьнішчэньня
У аўторак 22 верасьня дэпутаты Сейма Літвы ўхвалілі прапанову аб зьняцьці канстытуцыйнай забароны на валоданьне і разьмяшчэньне зброі масавага зьнішчэньня на тэрыторыі краіны, у тым ліку ядзернай зброі.
99 чальцоў Сейма прагаласавалі «за», 13 — «супраць», 5 устрымаліся, піша lrt.lt.
Паводле сьпікера Сейма Літвы Юозаса Олекаса, першае галасаваньне па прыняцьці канстытуцыйнай папраўкі заплянавана на 6 кастрычніка, а канчатковае — на 12 студзеня наступнага года.
Каб прыняць канстытуцыйную папраўку, дэпутаты павінны прагаласаваць за яе яшчэ двойчы з інтэрвалам у тры месяцы паміж галасаваньнямі. На гэтым этапе прапанова запатрабуе падтрымкі як мінімум 94 са 141 дэпутата.
Лаўрынас Кашчунас, лідэр фракцыі «Саюз Айчыны — Літоўскія хрысьціянскія дэмакраты», заявіў, што ядзерная зброя зьяўляецца адным з найбольш эфэктыўных сродкаў стрымліваньня.
«Калі б амэрыканскі саюзны карабель ці самалёт, які нясе ядзерную зброю, захацеў прайсьці праз нашу паветраную прастору ў мэтах стрымліваньня, ён ня можа гэтага зрабіць з-за названага абмежаваньня; яму даводзіцца абыходзіць нашу тэрыторыю», — заявіў дэпутат.
Паводле Кашчунаса, адмена забароны на зброю масавага зьнішчэньня не азначае намеру разьмяшчаць такую зброю ў краіне, але адкрыцьцё магчымасьці для гэтага істотна ўмацавала б бясьпеку Літвы.
«Расейцы не нападаюць на моцных», — заявіў дэпутат.
Супраць выступіла правапапулісцкая партыя «Зара Нёмана»: дзевяць яе дэпутатаў прагаласавалі супраць, а чатыры чальцы фракцыі ўстрымаліся.
Лідэр партыі «Зара Нёмана» Рэмігіюс Жамайтайціс заявіў, што прапанаваная канстытуцыйная папраўка непатрэбная. Ён сьцьвярджаў, што Расея і Беларусь выкарыстаюць яе ў прапагандысцкіх мэтах і што ў выпадку неабходнасьці ядзерныя дзяржавы змогуць разьмясьціць такую зброю для абароны Літвы незалежна ад папраўкі.
«Гэты артыкул Канстытуцыі можа быць зьменены толькі праз рэфэрэндум», — падкрэсьліў прадстаўнік партыі.
Раней прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа і кіраўнікі ўладных інстытутаў выказалі сваю згоду, што палажэньне Канстытуцыі, якое забараняе разьмяшчэньне на тэрыторыі Літвы ядзернай зброі, састарэла і павінна быць скасаванае.
Паводле Наўседы, гэта патрэбна зрабіць, бо геапалітычная сытуацыя працягвае пагаршацца, а Канстытуцыю прымалі ў зусім іншых геапалітычных умовах. Такі крок быў бы «наймацнейшым сыгналам для стрымліваньня варожай агрэсіі», прызнаў Наўседа.
Дыскусія вакол гэтага пытаньня актывізавалася пасьля таго, як прэзыдэнт Літвы ў траўні наклаў вэта на праект закону аб порце Клайпеды. У ім была запісаная норма, якая дазваляла караблям зь ядзернай зброяй заходзіць у порт, калі гэта не супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бясьпекі. Тады Наўседа аргумэнтаваў вэта супярэчнасьцю паміж законапраектам і Канстытуцыяй. Яна прадугледжвае, што на тэрыторыі Літвы ня можа знаходзіцца зброя масавага паражэньня.
Чаму гэта важна
Раней Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін ня раз заяўлялі аб разьмяшчэньні ў Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі і правядзеньні вучэньняў у яе выкарыстаньні.
Гэтыя заявы выклікалі непакой у суседніх Беларусі краінах, хоць незалежнага пацьверджаньня разьмяшчэньня такой зброі няма.
Раней выданьне Financial Times паведаміла, што ЗША вядуць перамовы зь некалькімі эўрапейскімі краінамі NATO у пытаньні разьмяшчэньня на іхных тэрыторыях амэрыканскай ядзернай зброі.
Ідзецца аб дзяржавах, дзе яшчэ няма такога ўзбраеньня. Найбольшую цікавасьць да тэмы праяўляюць Польшча і краіны Балтыі.