Ва Ўкраіне ў арганізацыі расстрэлаў пратэстоўцаў у 2014 годзе падазраюць адмірала родам зь Беларусі

На Майдане Незалежнасьці ў Кіеве 20 лютага 2014 году, калі пратэстоўцаў расстрэльвалі

Былому кіраўніку Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Украіны адміралу Юрыю Ільіну інкрымінуюць адразу чатыры артыкулы Крымінальнага кодэксу Ўкраіны.

Ва Ўкраіне пачалі завочнае дасудовае расьсьледаваньне супраць Юрыя Ільіна, які падчас масавых акцый пратэсту ў 2014 годзе ачоліў Генэральны штаб Узброеных сілаў Украіны. Яго справу вылучылі ў асобнае вядзеньне.

Яму выставілі падазрэньне паводле чатырох артыкулаў — ч. 1 арт. 255 (стварэньне, кіраўніцтва і ўдзел у злачыннай арганізацыі), арт. 340 (незаконныя перашкоды службовай асобы арганізацыі або правядзеньню сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў і дэманстрацый з выкарыстаньнем фізычнага гвалту), ч. 2 арт. 365 (перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў, што суправаджалася гвалтам або выкарыстаньнем зброі ці спэцыяльных сродкаў), ч. 1 арт. 408 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (дэзэртырства). Яму пагражае ад трох да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Юры Ільін. Ва ўкраінскіх СМІ паведамлялі, што менавіта ён аддаў загад на зачыстку Майдану

У матэрыялах справы адзначаецца, што Ільін, які ў дні найбольшага супрацьстаяньня паміж пратэстоўцаў і сілавікамі ачоліў Генэральны штаб, вывеў на дапамогу міліцыі ў Кіеве сама меней 1790 вайскоўцаў з зброяй і вайсковай тэхнікай зь ліку найбольш баяздольных падразьдзелаў для фактычных перашкодаў правядзеньню акцыяў.

Адпаведныя загады і распараджэньні Ільін выдаў 19 і 20 лютага 2014 году. У гэтыя дні вайскоўцы і вайсковая тэхніка пад выглядам удзелу ў антытэрарыстычнай апэрацыі зьявілася ўва ўсіх гарадах Украіны, якія далучыліся да пратэстаў.

У прыватнасьці, у дапамогу міліцыі вылучылі вайскоўцаў правапарадку Ўзброеных сілаў, асобнага атраду для барацьбы з падводна-дывэрсійнымі сіламі і сродкамі вайскова-морскіх сілаў, асобнага палку прэзыдэнта Ўкраіны, асобнай паветрана-дэсантнай і аэрамабільнай брыгады камандаваньня высокамабільных дэсантных войскаў, забясьпечаных штатнай стралковай зброяй (пісталетамі, аўтаматамі і кулямётамі), шаломамі, бронекамізэлькамі і процігазамі. Ім надалі не прадугледжаныя для вайскоўцаў паўнамоцтвы — на затрыманьне грамадзян, праверку дакумэнтаў, надгляд асабістых рэчаў грамадзян і транспарту, абмежаваньне руху і магчымасьць уваходзіць у жытло без рашэньня суду.

У выніку супрацьпраўнага і празьмернага выкарыстаньня сілы пад выглядам антытэрарыстычнай апэрацыі з 16:00 18 лютага да 6:00 19 лютага былі забітыя 13 чалавек, 47 чалавек атрымалі цяжкія раненьні, 76 асобаў — раненьні сярэдняй цяжкасьці і 139 — лёгкай ступені. Апроч таго, у выніку неапраўданага выкарыстаньня войскаў загінулі 9 міліцыянтаў, яшчэ 14 атрымалі цяжкія цялесныя пашкоджаньні, 26 — сярэдняй цяжкасьці і 82 — лёгкія пашкоджаньні.

Апроч таго, празь незаконнае блякаваньне цэнтру Кіева адбыўся пажар у будынку Фэдэрацыі прафсаюзаў Украіны, у выніку якога загінулі два чалавекі і часткова пашкоджана маёмасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Януковіч пра Майдан: «Я не аддаваў загаду страляць»

Што вядома пра Ільіна

Юры Ільін нарадзіўся ў Рагачове Гомельскай вобласьці, скончыў спачатку Менскую сувораўскую вучэльню, а потым Адэскую вышэйшую артылерыйскую камандную вучэльню і Нацыянальны ўнівэрсытэт абароны Ўкраіны. Генэральным штабам Узброеных сілаў Украіны ў 2014 годзе ён кіраваў 9 дзён.

Пасьля ўцёкаў тагачаснага прэзыдэнта Віктара Януковіча выканаўца абавязкаў кіраўніка дзяржавы Аляксандар Турчынаў адправіў яго ў адстаўку і накіраваў у рэзэрву Генэральнага штабу. Адразу пасьля гэтага Ільін паехаў у Крым і застаўся там пасьля анэксіі паўвострава Расеяй.

Юры Ільін выступае ў судзе сьведкам у справе Януковіча па відэаканфэрэнцыі з анэксаванага Крыму, 2018 год

Пазьней ён у рэжыме відэаканфэрэнцыі даваў паказаньні ў справе аб дзяржаўнай здрадзе Віктара Януковіча. У прыватнасьці, ён адзначыў, што Януковіч паведаміў яму аб сваіх намерах зьвярнуцца да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна з просьбай увесьці «міратворчую місію», бо жыхары ўсходніх вобласьцяў Украіны былі незадаволеныя зьменай улады пасьля Майдану.

Юры Ільін застаецца ў Крыме, з журналістамі не кантактуе.

На сайце выпускнікоў Менскай сувораўскай вучэльні адзначаецца, што ён наведваў Менск у 2013 годзе і ўдзельнічаў ва ўрачыстасьцях 60-годзьдзя стварэньня гэтай навучальнай установы. Там жа адзначаюць, што цяпер адмірал мае цяпер сваю будаўнічую кампанію, якая займаецца будаўніцтвам жылых і нежылых дамоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне ўшаноўваюць герояў Нябеснай сотні, загінулых у часе пратэстаў 12 гадоў таму. Сярод іх два беларусы

Што папярэднічала

Масавыя шматмесячныя акцыі пратэсту ва Ўкраіне пачаліся ў лістападзе 2013 году, калі тагачасны прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч адмовіўся ад падпісаньня пагадненьня аб асацыяцыі Ўкраіны ў Эўразьвяз.

Найбольш драматычныя падзеі на пратэстаў адбыліся 20 студзеня і 18–20 лютага 2014 году, калі ў выніку выкарыстаньня зброі загінулі шмат грамадзян, у тым ліку два беларусы: Міхась Жызьнеўскі (загінуў 22 студзеня 2014 году) і грамадзянін Украіны, этнічны беларус, колішні дэпутат парлямэнту Якаў Зайко (памёр 18 лютага 2014 году ад інфаркту, калі ўцякаў ад беркутаўцаў на вуліцы Інстытуцкай у Кіеве).

У істоце, пасьля гэтых падзей пачалася расейская агрэсія супраць Украіны — спачатку ў выглядзе анэксіі Крыму, а потым акупацыі частак Данецкай і Луганскай вобласьцяў Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ад Жызьнеўскага да Лазарава. Згадваем беларусаў, загінулых за Ўкраіну