Сярод іх два беларусы — Міхась Жызьнеўскі (загінуў 22 студзеня 2014 году) і грамадзянін Украіны, этнічны беларус, колішні дэпутат парлямэнту Якаў Зайко (памёр 18 лютага 2014 году ад інфаркту, калі ўцякаў ад бэркутаўцаў на вуліцы Інстытуцкай у Кіеве).
Дзень памяці герояў Нябеснай сотні заснаваны ўказам прэзыдэнта ў лютым 2015 году.
20 лютага 2014 году ў цэнтры Кіева загінулі 48 чалавек — сама больш за ўвесь час пратэстаў. Іх разам зь іншымі 54 загінулымі і сьмяротна параненымі зімой 2013–2014 гадоў называюць героямі Нябеснай сотні.
Сёлета памяць загінулых пратэстоўцаў ушаноўваюць пад дэвізам «Героі першай перамогі ў бітве, якая працягваецца».
Назва Нябесная сотня была водгукам назвы адзінак самаабароны Майдану — сотняў. Упершыню выраз «Нябесная сотня» прагучаў 21 лютага 2014 году пры разьвітаньні з загінулымі пратэстоўцамі.
Сёньня прадстаўнікі кіраўніцтва Ўкраіны, у тым ліку прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі і ягоная жонка Алена, усклалі кветкі да крыжа на алеі Герояў Нябеснай сотні ў Кіеве і паставілі зьнічы ў памяць загінулых.
«Украінцы заўсёды абараняюць сваё. Абараняюць незалежнасьць. Годнасьць. Права на вольнае жыцьцё. Менавіта народ заваяваў свабоду для Ўкраіны. Звычайныя людзі, якім неабыякава, што будзе з Украінай і як будуць жыць украінскія дзеці. Памятаем, чаго гэта каштавала ў 2014 годзе. Шануем сьмеласьць кожнага ўдзельніка Рэвалюцыі годнасьці, усіх, хто не пайшоў з Майдану, каб Украіна не засталася без свабоды. Няхай будзе сьветлай памяць усіх Герояў Нябеснай сотні і кожнага ўкраінца, кожнай украінкі, якія аддалі сваё жыцьцё, каб Украіна была вольнай», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
Крыж на месцы гібелі пратэстоўцаў на вуліцы Інстытуцкай (цяпер алея Герояў Нябеснай сотні) паставілі з ініцыятывы грамадзкасьці. У будучыні ён стане часткай Нацыянальнага мэмарыяльнага комплексу герояў Нябеснай сотні — музэю Рэвалюцыі годнасьці.
Штогод на месца гібелі актывістаў у 2013–2014 гадах звычайныя грамадзяне нясуць кветкі і ставяць зьнічы. Аналягічныя захады 20 лютага адбываюцца ўва ўсіх рэгіёнах Украіны.
Форум